Супраць дыскрымінацыі. Законы ў Беларусі павінны выдаваць па-руску і па-беларуску

2015 2015-01-27T12:19:58+0300 2015-01-27T12:19:58+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/belaruskaia1.jpg

На мінулым тыдні старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч заявіў, што лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах. Летась праваабаронцы звярталіся да ўладаў з падобнымі просьбамі, але тады ім адказалі, што не бачаць праблемы. Што змянілася за год? 


Канстытуцыя гарантуе роўнасць дзвюх моў 
“Канстытуцыйны суд мяркуе, што для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах — беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі артыкула 17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў” , — заявіў Міклашэвіч. 
Праваабаронца і юрыст Валянцін Стэфановіч кажа, што ў заяве Міклашэвіча праглядаецца пэўная кан’юктурнасць. Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка выступіў з нечаканай прамовай перад членамі БРСМ пра тое, што мову трэба ведаць і паважаць. 
“Грамадскія і праваабарончыя арганізацыі неаднаразова звярталіся па гэтым пытанні ў дзяржаўныя установы, у тым ліку ў парламент, Савет міністраў, Канстытуцыйны суд, Вярхоўны суд, Адміністрацыю прэзідэнта. Аднак ніводзін з гэтых дзяржаўных суб'ектаў не бачыў прыкметаў дыскрымінацыі і парушэння правоў беларускамоўнага насельніцтва краіны, — кажа Валянцін Стэфановіч. — Добра, што хоць зараз Канстытуцыйны суд звярнуў увагу на роўнасць моваў. Для любой іншай краіны, дзе таксама дзве і больш дзяржаўных моваў, проста дзікунствам было б, каб грамадзяне на дзяржаўнай мове не маглі знайсці закон і звярнуцца ў суд. Але ў Беларусі крымінальны, грамадзянскі, адміністрацыйны кодэксы і іншыя асноўныя законы толькі на рускай мове. Пра якую тады роўнасць сёння можна казаць?” 
У тэорыі роўнасць дзвюх дзяржаўных моваў гарантуецца Канстытуцыяй. А закон аб мовах замацоўвае, што ўстановы і службовыя асобы павінныя забяспечыць усебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моваў. Супрацоўнікі дзяржаўных органаў ды iншых арганiзацый павінны валодаць беларускай i рускай мовамi ў аб’ёме, які неабходны для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў. 

Як тэорыя разыходзіцца з практыкай 
Начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкай работы Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) Наталля Судзілоўская адзначыла, што на сайце прававой сістэмы “Эталон” прадугледжваецца аўтаматычны пераклад законаў на беларускую мову. 
Ініцыятарам сэрвіса быў НЦПІ, выканаўцам — Белдзяржуніверсітэт. Але па-першае, такі пераклад не з’яўляецца афіцыйным. Таму, напрыклад, суды не могуць ім карыстацца. Па-другое, гэты пераклад мае шмат недарэчных памылак. У НЦПІ пра гэта ведаюць і абяцаюць даслаць распрацоўшчыкам заўвагі. 
Але скарыстацца такой сістэмай можна толькі за грошы і онлайн, паколькі сістэма “Эталон” платная. Калі ж у грамадзяніна на гэта сродкаў няма, Наталля Судзілоўская раіць запісацца ў публічную бібліятэку, дзе сэрвісам можна скарыстацца бясплатна. Але наўрад ці такі спосаб можна назваць даступным. 
Ці чакаць грамадзянам паўнавартасны пераклад ужо прынятых законаў? 
На гэта пытанне спецыяліст НЦПІ адказвае, што пакуль такі абавязак не прапісаны: “На якой мове закон паступае на разгляд у парламент, на такой ён пасля прымаецца і публікуецца. Змены і дапаўненні таксама ўносяцца на той мове”. 
Старшыня камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Міхалькова адзначыла, што ў парламенце вітаюць прапанову старшыні Канстытуцыйнага суда. 
“Ніякай праблемы, каб прымаць законы на абедзвюх мовах няма, — заявіла яна. — Мы і зараз пэўныя законы прымаем па-руску, пэўныя — па-беларуску. Усе дэпутаты валодаюць беларускай мовай. Мы яшчэ абмяркуем ініцыятыву Канстытуцыйнага суда, але, на мой погляд, не павінна ўзнікнуць ніякіх праблем з яе рэалізацыяй”. 
Што будзе з ужо прынятымі законамі, пакуль невядома. Паводле Беларускага хельсінксага камітэта, у эталонным банку прававой інфармацыі каля 200 тысяч заканадаўчых актаў і толькі 3,1% нарматыўнай дакументацыі — на беларускай мове. Каб зрабіць поўны і якасны пераклад, спатрэбіцца час. Да таго ж, існуе праблема нераспрацаванай юрыдычнай тэрміналогіі. За апошнія 20 год беларускія суды амаль цалкам перайшлі на рускую мову. 

Вярхоўны суд: пры неабходнасці працэсы праводзяцца па-беларуску 
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу, што адсутнасць заканадаўства на беларускай мове фактычна пазбаўляе магчымасці беларускамоўных грамадзянаў звяртацца ў суд на роднай мове. У тэорыі такое права ёсць, а вось на практыцы суддзі нярэдка адмаўляюцца весці працэс па-беларуску. 
У якасці прыклада юрыст ўзгадвае справу скульптара Геніка Лойкі, які падаў у суд на “Белінвестбанк” за адмову заключыць з ім дамову на роднай мове. Справа разглядалася ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя Алена Сямак адмовілася весці працэс па-беларуску і не дазволіла заяўніку скарыстацца паслугамі перакладчыка. 

Naviny.by звярнуліся па каментар у Вярхоўны суд. І вось які адказ атрымалі: 
“Рэалізуючы арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, суддзі і работнікі судоў валодаюць беларускай i рускай мовамi ў аб'ёме, неабходным для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў. Апроч таго, у арт. 14 Закона аб мовах гаворыцца, што судаводства вядзецца на беларускай або рускай мове. Гэтаму патрабаванню адпавядаюць і нормы працэсуальнага заканадаўства. Пры разглядзе ў судах крымiнальных i грамадзянскiх спраў, гаспадарчых спрэчак і спраў аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях асобам, што прымаюць удзел у справе i не валодаюць мовай судаводства, забяспечваюцца права азнаямлення з адпаведнымi матэрыяламi, удзел у судовых дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на мове, якой яны валодаюць. Пры неабходнасці судовыя працэсы праводзяцца на беларускай мове”. 
Дэпутат Людміла Міхалькова мае вялікі досвед працы ў судзе і лічыць, што ніякіх праблем з судаводствам па-беларуску няма. 
“Звычайна просяць весці працэс па-руску. Але калі грамадзянін звяртаецца па-беларуску, ніхто яму не адмаўляе. На маёй памяці было некалькі адміністрацыйных справаў, якія разглядалі на беларускай мове”, — кажа яна. 
Але калі такі працяглы час і суддзі, і пракуроры працуюць выключна па-руску, ці здольныя яны раптоўна перайсці на беларускую мову? 

Валянцін Стэфановіч лічыць, што ніякіх праблемаў з гэтым не павінна ўзнікнуць. 
“У 2003 годзе Мінюст падаў позву супраць зарэгістраванага тады яшчэ праваабарончага цэнтра “Вясна”. Справа разглядалася ў Вярхоўным судзе. Суддзя Валянціна Кулік вяла працэс выключна па-беларуску, і ніякіх праблем з гэтым не ўзнікала. Больш за тое, на беларускую мову былі перакладзеныя і ўсе дакументы па справе ад Міністэрства юстыцый”, — кажа праваабаронца. 
Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў таксама ўзгадвае, як некалькі год таму ягоная арганізацыя судзілася з Міністэрствам юстыцый у Вярхоўным судзе. 
“Працэс быў па-беларуску, ніякіх праблем у суддзі не было. Вельмі ўплывае чалавечы фактар, — лічыць ён. — Напрыклад, мы адправілі запыты ва ўсе абласныя суды з пытаннем пра судаводства па-беларуску. З некаторых судоў прыходзілі адказы, што калі грамадзянін звернецца з просьбай разглядаць справу на беларускай мове, яму ніхто не адмовяць. Але не ўсе суды прытрымліваюцца такой пазіцыі”. 

Як выключыць “чалавечы фактар”? Патрабаваць выканання закона. 
Пётр Міклашэвіч, выступаючы перад парламентам на мінулым тыдні, звярнуў увагу, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца меры для далейшага развіцця беларускай мовы. Таму ў Канстытуцыйным судзе вырашылі, што і ў юрыдычнай сферы таксама трэба зрабіць пэўныя захады. Бо нават у савецкія часы кодэксы складаліся з дзвюх частак. У першай нормы выкладаліся на беларускай мове, а ў другой — на рускай. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international