Суд вырашыў, што не дапускаць журналіста на сесіі аблсавета законна

2015 2015-01-22T10:17:15+0300 2015-01-22T10:17:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/lapcevich-uladzimair-sud-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна горада Магілёва 21 студзеня адмовіў журналісту інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзіміру Лапцэвічу ў задавальненні скаргі на дзеянні старшыні Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў Анатоля Ісачанкі і галоўнага спецыяліста аблсавета Яўгена Нальгачава.

21студзеня ў судзе Ленінскага раёна горада Магілёва праходзіў разгляд скаргі журналіста інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча на дзеянні старшыні Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў Анатоля Ісачанкі і галоўнага спецыяліста аблсавета Яўгена Нальгачава.

У сваёй скарзе Уладзімір Лапцэвіч прасіў, каб суд прызнаў незаконнымі дзеянні старшыні Магілёўскага аблсавета спадара Ісачанкі і спецыяліста Магілёўскага аблсавета спадара Нальгачава, якія не дапусцілі яго ў якасці журналіста на адкрытае пасяджэнне Магілёўскага аблсавета.

Уладзімір Лапцэвіч таксама звяртаўся да суда з просьбай, каб гэтых асоб абавязалі не перашкаджаць яму надалей наведваць адкрытыя пасяджэнні аблсавета, а таксама спагналі з аблсавета аплачаную ім дзяржпошліну ў памеры 150 000 рублёў.

Разглядала скаргу суддзя суда Ленінскага раёна Валянціна Лапаціна, таксама ўдзел у судовым працэсе прымаў прадстаўнік пракуратуры Чупыркін. Бок адказчыка ў судзе прадстаўляў галоўны спецыяліст Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Яўген Нальгачаў.

Судовае пасяджэнне пачалося ў 10 гадзін раніцы, былі заслуханыя пазіцыі бакоў, а таксама меркаванне прадстаўніка пракуратуры.

Уладзімір Лапцэвіч звярнуў увагу суда на тое, што ён з’яўляецца карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва БелаПАН па Магілёўскай вобласці, і ў яго службовыя абавязкі ўваходзіць асвятленне ўсіх значных падзей і мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў вобласці і закранаюць інтарэсы яе жыхароў. Важнай крыніцай інфармацыі аб сітуацыі ў эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах жыцця вобласці з’яўляюцца сесіі Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, на якіх народныя абраннікі павінны адкрыта і галосна абмяркоўваць важнейшыя пытанні ў жыцці рэгіёна і прымаць па ім рашэнні.

Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, на працягу шэрагу гадоў ён у якасці карэспандэнта БелаПАН прысутнічаў на сесіях аблсавета, аб’ектыўна і неперадузята іх асвятляў. Ніякіх прэтэнзій адносна якасці яго працы ў кіраўніцтва Магілёўскага аблсавета ніколі не ўзнікала. Аднак са студзеня мінулага года па незразумелых для журналіста прычынах яму пачалі адмаўляць у праве прысутнічаць на сесіях аблсавета.

Так, Уладзіміра Лапцэвіча выдалілі з залы пасяджэнняў Магілёўскага аблсавета ў кастрычніку мінулага года, калі адбывалася чарговая сесія Савета дэпутатаў. Галоўны спецыяліст Магілёўскага аблсавета Яўген Нальгачаў папрасіў журналіста пакінуць залу, бо яго няма ў спісе запрошаных.

Пасля гэтага выпадка Уладзімір Лапцэвіч запісаўся на асабісты прыём да старшыні Магілёўскага аблсавета Анатолія Ісачанкі, які прыняў журналіста 19 лістапада. Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, на асабістым прыёме старшыня аблсавета запэўніў журналіста, што ён асабіста нікому не забараняе прысутнічаць на сесіі аблсавета.

24 лістапада 2014 года журналіста зноў не дапусцілі на пазачарговую шостую сесію Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў 27-га склікання па аналагічнай падставе (адсутнасць у спісе запрошаных). Пасля нядопуску на сесію Уладзімір Лапцэвіч напісаў свае заўвагі ў кнігу скаргаў і прапаноў Магілёўскага аблсавета. У адказе на заўвагу Анатоль Ісачанка напісаў, што не ўгледзеў парушэння ў адмове журналісту. Такі адказ старшыні Магілёўскага аблсавета прымусіў спадара Лапцэвіча накіраваць скаргу ў суд.

Уладзімір Лапцэвіч адзначыў, што, згодна беларускаму заканадаўству, на адкрытых сесіях Магілёўскага абласнога савета дэпутатаў, як органа прадстаўнічай улады, могуць прысутнічаць не толькі журналісты, а і простыя грамадзяне, калі Беларусь сапраўды з’яўляецца прававой дзяржавай. І для гэтага не патрэбны ніякія запрашэнні, бо яны дасылаюцца толькі тым людзям, якія запрашаюцца для ўдзелу ў працы сесіі абласнога Савета.

Галоўны спецыяліст Магілёўскага аблсавета Яўген Нальгачаў у сваім выступе сцвярджаў, што для прысутнасці на сесіі аблсавета быццам бы неабходна падаваць адмысловую заяву, не тлумачачы пры гэтым, на імя каго павінна падавацца такая заява, каб быць уключаным у спісы запрошаных. Па яго словах, згодна рэгламента працы аблсавета, на сесіях павінны прысутнічаць толькі адмыслова запрошаныя асобы. Спадар Лапцэвіч такой заявы не падаваў, таму яму і было адмоўлена ў праве прысутнічаць на сесіі аблсавета

Прадстаўнік пракуратуры таксама падтрымаў меркаванне спадара Нальгачава, сказаўшы, што “паўсюдна павінен быць парадак”. Ён адзначыў, што парадак прысутнасці на сесіях вызначаецца рэгламентам абласнога Савета, а нарматыўна-прававыя акты, на якія спасылаецца пазоўнік Уладзімір Лапцэвіч, - “усё гэта з’яўляецца надуманым”. Меркаванне прадстаўніка пракуратуры падалося вельмі цікавым прысутным у зале пасяджэння, бо Уладзімір Лапцэвіч спасылаўся на канкрэтныя артыкулы Закона “Аб СМІ”, Закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” і Закона “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні”. Спадар Чупыркін палічыў скаргу Уладзіміра Лапцэвіча незаконнай і неабгрунтаванай, паколькі не прадстаўлены патрэбныя доказы, а дзеянні кіраўніцтва Магілёўскага аблсавета назваў правамернымі.

Каля 12 гадзін суддзя Лапаціна абвясціла перапынак у судовым пасяджэнні да 17-00 для вынясення рашэння.

Вечарам 21-га студзеня Валянціна Лапаціна абвясціла, што пакідае пазоў Уладзіміра Лапцэвіча без задавальнення, бо лічыць яго надуманым і неадпавядаючым рэчаіснасці. Згодна мекавання суддзі, службовыя асобы аблсавета дзейнічалі ў адпаведнасці з рэгламентам гэтай установы, чамусьці гэты падзаконны акт спадарыня Лапаціна палічыла больш важкім за беларускія законы.

Па словах Уладзіміра Лапцэвіча, ён абавязкова будзе абскарджваць рашэнне суда Ленінскага раёна горада Магілёва ў Магілёўскім абласным судзе. Журналіст лічыць, што на судовым пасяджэнні суддзя Лапаціна чамусьці не звярнула ўвагу на тое, што кіраўніцтва Магілёўскага аблсавета ставіць знак роўнасці паміж рознымі паняццямі “прысутнасці” і “ўдзелу”.

Таксама Уладзімір Лапцэвіч збіраецца накіраваць запыт у Магілёўскі аблсавет на імя яго старшыні Анатоля Ісачанкі з просьбай патлумачыць, на падставе менавіта якога пункта рэгламента працы гэтай установы патрэбна пісаць заяву аб праве пысутнічаць на сесіі аблсавета і якая павінна быць форма гэтай заявы.

Неабходна адзначыць, што прысутныя ў зале праваабаронцы і журналісты былі ўражаны не толькі ходам судовага пасяджэння і абгрунтаванасцю доказаў аб правільнасці дзеянняў кіраўніцтва Магілёўскага аблсавета, але і адносінамі прадстаўнікоў судовай улады да дзяржаўнага сімвала – сцяга Рэспублікі Беларусь. У зале судовых пасяджэнняў суда Ленінскага раёна горада Магілёва ён вісеў перавёрнуты дагары. Вельмі сумна, што судовыя ўлады Магілёва так не паважаюць сцяг уласнай краіны…

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international