Ігар Логвінаў праз суд спадзяецца адмяніць загад Міністэрства інфармацыі

2015 2015-01-19T13:18:04+0300 2015-01-19T13:18:04+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/logvinau_igar.jpg
Ігар Логвінаў пасля вынясення  судовага рашэння 9 студзеня 2015 года.

Ігар Логвінаў пасля вынясення судовага рашэння 9 студзеня 2015 года.

Кнігарня “Логвінаў” дамагаецца рэгістрацыі прадпрыемства ў якасці распаўсюдніка друкаваных выданняў. У Вярхоўным судзе прайшлі папярэднія слуханні па справе. Працяг – 30 студзеня.

Цягам мінулага года кіраўніцтва кнігарня 6 разоў звярталася ў Міністэрства інфармацыі па адпаведную рэгістрацыю, але ўвесь час атрымлівала адмовы.

– Міністэрства інфармацыі адмаўляла нам у рэгістрацыі па абсалютна надуманых прычынах. Мы лічым, што чыноўнікі рабілі гэта наўмысна і парушалі заканадаўства, – заявіў Ігар Логвінаў пасля папярэдніх слуханняў у Вярхоўным судзе.

У сваім судовым звароце прадстаўнікі кнігарні акцэнтавалі ўвагу на тым, што паштовы індэкс заснавальніка не з’яўляецца абавязковай умовай для рэгістрацыі. А менавіта ў гэтым – указанні памылковага паштовага індэксу заснавальніка – і звінаваціла Логвінава Мінінфармацыі ў адной з адмоваў ў ліцэнзіі.

Паводле прадстаўнікоў кнігарні, патрабавання пра індэкс няма ў дакументах Мінінфармацыі. Да таго ж, сам паштовы індэкс можа змяняцца і ніколі не ўказваецца ў ідэнтыфікацыйных параметрах адрасу, якія пазначаныя ў пашпарце Логвінава. Няма індэксу і ў адрасе кватэры, дзе зарэгістраваны Ігар Логвінаў.

– Адметна тое, што Мінінфарм цягам года атрымліваў нашы дакументы ажно шэсць разоў. І кожны раз з тымі самымі дакументамі даваў адмову па новай прычыне. Мы лічым, што чыноўнікі былі абавязаныя праверыць усе дакументы цалкам і заявіць адразу пра ўсе памылкі, якія яны нібыта заўважылі. Гэта вызначана законам “Аб асноўных адміністрацыйных працэдурах”, дзе прадугледжаны прыярытэт інтарэсаў зацікаўленай асобы, – заявіў у часе слуханняў прадстаўнік “Логвінава” Сяргей Зікрацкі.

Супрацоўнікі ж Міністэрства інфармацыі, як і ў працэсе па зыску “Народнай волі”, настойвалі на ўласнай рацыі. У падтрымку сваёй пазіцыі яны заявілі намер прадэманстраваць ліст РУП “Белпошта” адносна адрасу рэгістрацыі Ігара Логвінава.

Асноўныя слуханні па зыску кнігарні супраць Міністэрства інфармацыі Беларусі прызначаныя на 30 студзеня. Ігар Логвінаў не выключае, што станоўчае рашэнне ў гэтым працэсе можа паўплываць на лёс касацыйнага разгляду справы ў Эканамічным судзе Мінска, які пакараў прадпрыемства штрафам і прызначыў канфіскаваць 961 мільён беларускіх рублёў леташняй выручкі. Менавіта сёння Логвінаў звярнуўся з касацыйнай скаргай на тое рашэнне.

Нагадаем, што ў 2013 годзе Міністэрства інфармацыі пазбавіла прадпрымальніка выдавецкай ліцэнзіі за выпуск фотаальбома «Прэс-фота Беларусі 2011», які амаль праз два гады пасля выхаду чыноўнікі назвалі экстрэмісцкім.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international