Актывісту са Светлагорска, які адстойвае правы інвалідаў, пагражаюць невядомыя

2015 2015-01-15T13:00:56+0300 2015-01-15T13:00:56+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liashenka-jury-svetlagorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Ляшэнка.

Юры Ляшэнка.

З чарговым актам псіхалагічнага ціску сутыкнуўся жыхар Светлагорску, грамадскі актывіст, інвалід першай групы Юрый Ляшэнка. Па яго словах, на яго электронную скрыню прыйшоў ліст з пагрозамі ад невядомай асобы абразлівага зместу. «Даўно ногі не ламалі? ... Здароўе яно адно, як у прынцыпе і жыццё», - напісаў невядомы. Варта заўважыць, што ў Юрыя Ляшэнка праблемы са здароўем, і ён перамяшчаецца пераважна на інваліднай калясцы.

Яшчэ ў жніўні 2014 ён атрымаў цыдулку з пагрозамі, а ў лістападзе 2014 яму спалілі паштовую скрыню. Заявы ў міліцыю не прынеслі задавальнення: праваахоўнікі адказалі, што вінаватыя асобы не ўстаноўлены.

«Я не выключаю, што гэтыя падзеі звязаныя з маёй актыўнай грамадскай дзейнасцю па абароне правоў інвалідаў», - пракаментаваў актывіст.

14 студзеня яго наведаў участковы, які прыняў заяву з просьбай знайсці вінаватых і прыцягнуць да адказнасці. Таксама ў гэты дзень Юрыя Ляшэнку наведалі прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, якія разбіраюцца з яго скаргай на медыкаў.

Нагадаем, актывіст просіць Міністэрства аховы здароўя правесці службовую праверку па фактах выкарыстання медыцынскіх работнікаў для пераследу грамадзян, па выніках даць прававую ацэнку кожнаму з апісаных іх дзеянняў, прыцягнуць вінаватых службовых асоб да дысцыплінарнай адказнасці. "Прашу даць мне поўнае медыцынскае заключэнне аб стане майго здароўя па стане на 25 лістапада 2014 года, уключаючы адказы на пытанні, навошта, што і на якой падставе мне калолі ў прыёмным пакоі Светлагорскага тэрытарыяльнага медыцынскага аб'яднання», - напісаў у сваёй скарзе Юрый Ляшэнка.

25 лістапада грамадскі актывіст меў намер правесці пікет на цэнтральнай плошчы Светлагорска з мэтай прыцягнення ўвагі да праблем парушэння правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Як толькі Юры Ляшэнка выехаў на калясцы на плошчу і разгарнуў плакат, да яго пад'ехала хуткая дапамога і насуперак яго жадання забрала яго ў шпіталь. Медыкі пераконвалі актывіста, што яму дрэнна. У прыёмным пакоі актывісту ўвялі ін'екцыю нібыта ад высокага ціску.

У скарзе актывіст звяртае ўвагу, што хуткая даставіла яго ў шпіталь у прымусовым парадку, без яго згоды, супраць яго волі. У прыёмным пакоі без згоды актывіста яму зрабілі некалькі ўколаў.

Ён лічыць, што такімі дзеяннямі медыкі парушылі яго правы, і просіць аб'ектыўна разабрацца ў сітуацыі.

За правядзенне пікету пасля грамадскі актывіст быў аштрафаваны судом на дзве базавыя велічыні (300 тысяч рублёў).

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international