У Магілёве абмяркоўвалі праблему карупцыі

2015 2015-01-12T15:41:39+0300 2015-01-12T15:41:39+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/magil-stol-karupc-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Магілёве 11 студзеня адбыўся чарговы круглы стол, прысвечаны праблемам карупцыі, стану эканомікі і рэфармаванню сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Магілёўскай вобласці.

Сустрэча прайшла ў памяшканні грамадскага цэнтра “Кола”, арганізавалі мерапрыемства Выдавецкі цэнтр Магілёўскай рэгіянальнай кааліцыі дэмакратычных сіл і сябры ГА “БАЖ” Магілёўскай вобласці. Удзел у круглым стале ўзялі журналісты і грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны, у якасці экспертаў выступалі спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі. Усяго ў сустрэчы прыняло ўдзел больш за 20 чалавек.

Падчас сустрэчы эксперты зрабілі аналіз прычын росту карупцыйнай злачыннасці на прыкладзе розных раёнаў Магілёўскай вобласці, а такскама выказалі сваё гледжанне на стан эканомікі і праблемы рэфармавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Магілёўшчыны.

Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі засяродзіў увагу прысутных на тым, што тэма карупцыі патрабуе пастаяннай увагі і сістэмнай працы з боку грамадскасці, бо гэта з’ява мае глабальныя наступствы для нацыянальнай эканомікі. Не такая “бяскрыўдная” карупцыя і на рэгіянальным узроўні – з “дапамогай” недабрасумленных чыноўнікаў рэалізуюцца неэфектыўныя інвестыцыйныя праекты, дэфармуецца структура дзяржаўных расходаў, дэзынфармуецца вертыкаль улады, зніжаюцца даходы законапаслухмяных грамадзян. Пётр Сцяпанавіч выказаў меркаванне, што карупцыйныя злачынствы шмат у чым правакуюцца існуючай сістэмай улады ў краіне і прывёў канкрэтныя сведчанні гэтага на прыкладзе Шклоўскага раёна. У прыватнасці, спадар Мігурскі спыніўся на тым, што ў Шклове па-ранейшаму практыкуецца практыка прызначання на пасады раней асуджаных чыноўнікаў, а таксама пра чарговыя карупцыйныя скандалы ў кіраўніцтве Шклоўскага раёна (былы першы намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Дзмітрый Мінянкоў асуджаны да 14 гадоў пазбаўлення волі за крадзёж сродкаў на закупку жывёлы ў памеры 4,2 млн. еўра, іншы намеснік старшыні райвыканкама Яўгеній Семянкевіч знаходзіцца пад следствам за махінацыі з жыллём).

Карупцыянеры сваёй злачыннай дзейнасцю падрываюць давер да дзяржаўнай улады. Ці зможа існуючая ўлада падужаць ёй жа створаную карупцыйную сістэму? Кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі лічыць, што наўрад – стаўка на дзяржаўную ўласнасць, аграмадныя сродкі ў руках чыноўнікаў, адсутнасць палітычнай спабонасці, залежныя суды і сродкі масавай інфармацыі – усё гэта працуе на беспакаранасць чыноўнікаў.

Іншыя дакладчыкі – Рыгор Кастусёў, Мікалай Гердзій і Андрэй Юркоў – таксама выказалі свае меркаванні наконт неабходных захадаў па недапушчэнні карупцыйных злачынстваў у нашым грамадстве, а таксама прааналізавалі стан эканомікі сельскай гаспадаркі Магілёўскай вобласці і перспектывы яе развіцця ў 2015 годзе.

Удзельнікі круглага стала таксама выказвалі свой пункт гледжання на тое, што патрэбна зрабіць для забеспячэння пастаяннага кантролю з боку грамадзянскай супольнасці за органамі ўлады ў рэгіёнах. Прысутныя на сустрэчы журналісты рэгіянальных маланакладных выданняў адзначылі, што матэрыялы на тэмы карупцыі, якія друкуе незалежнае прэса, заўсёды цікавыя чытачам, бо раённыя дзяржаўныя СМІ звычайна гэту тэму замоўчваюць.

Наступны круглы стол, прысвечаны праблемам карупцыі і рэфармавання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Магілёўскай вобласці, удзельнікі сустрэчы дамовіліся правесці вясной 2015 года.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international