На бацькоў ліцэістаў, якія працуюць у сістэме адукацыі, пачаўся ціск з боку адміністрацыі. Чыноўнікі дамагаюцца, каб бацькі забралі сваіх дзяцей з ліцэю і перавялі ў звычайныя школы (паводле Радыё Свабода).

2003 2003-10-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Галіна Папова працуе настаўніцай гісторыі ў 15-й гімназіі. Яе дачка Варвара вучыцца на трэцім курсе ў Нацыянальным ліцэі. Галіна Папова — сябра бацькоўскай рады ліцэю. Летам яна актыўна ўдзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзілі бацькі і ліцэісты.

У гэтым навучальным годзе на працы ёй далі вельмі малую нагрузку — 18 гадзінаў. Калі вызвалілася адна стаўка і адміністрацыя ўзяла на яе дзьвюх новых настаўніц, Галіна прыйшла да дырэктаркі, каб даведацца аб прычыне. Паводле Галіны, тая тут жа выклікала да сябе сацыяльнага пэдагога, і яны на пытаньне Галіны адказалі пытаньнямі: “А дзе вучыцца ваша дачка? Чаму яна ня ў школе? Колькі гэта будзе працягвацца?” Ёй прапанавалі пайсьці ў рана, забраць там асабовую справу сваёй дачкі і прынесьці ў школу. Калі пачулі адмоўны адказ, паабяцалі, што ў такім выпадку яна будзе працаваць з самай малой нагрузкай.

Маці ліцэісткі Аксаны Алена Дэц працуе ў сярэдняй школе №180 настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Яна таксама адчула ціск з боку адміністрацыі школы. Алена 1 верасьня прыйшла ў школу і даведалася, што рэчы зь яе кабінэту сабралі ў кучу і перанесьлі ў іншы кабінэт. Калі бацькі прыйшлі дапамагаць разьбіраць рэчы і мыць вокны, то ўбачылі, што ў ваконных рамах вялікія шчыліны. Яны паведамілі, што ня пусьцяць дзяцей займацца ў такой клясе. Толькі пасьля гэтага ў клясе пачалі рамонт, але дагэтуль яшчэ ня выпраўленыя ўсе недаробкі. Настаўніца пайшла да дырэктара, каб высьветліць пытаньне наконт рамонту, але ў адказ пачула нечаканае. Вось як яна распавяла пра сваю размову Радыё Свабода:

(Дэц: ) “Я прыйшла да дырэктара пацікавіцца, калі будуць выпраўленыя ўсе недаробкі, Замест каб мне адказаць, ён пачаў з таго дзе вучыцца мая дачка. Аказалася, што на іх ціснуць зьверху. Дырэктар сказаў, што, калі я не вырашу пытаньня са сваёй дачкой, то ён можа страціць сваю пасаду. Гэта як у старыя часы — выляцець з “жоўтым білетам”.

Бацькі ліцэістаў, якія працуюць у вышэйшых навучальных установах, таксама выклікалі да рэктараў і, пагражаючы звальненьнем з працы, прапаноўвалі ўладкаваць дзяцей у іншыя навучальныя ўстановы. Выкладчыкі зрабілі выснову, што гарадзкі аддзел адукацыі даў адпаведную дырэктыву адміністрацыям навучальных установаў, дзе працуюць бацькі ліцэістаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international