Міністэрства інфармацыі наконт дыскрымінацыі цыганоў: «мы не правамоцныя ўмешвацца ў прафесійную дзейнасць СМІ»

2015 2015-01-06T22:28:19+0300 2015-01-07T09:14:43+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mininfarm.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскія праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч атрымалі адказ на свой зварот у Міністэрства інфармацыі. Заяўнікі прасілі Міністэрства такім ці іншым чынам давесці да рэдактараў дзяржаўных СМІ, што пазначаць нацыянальную прыналежнасць злачынцаў, а тым больш свядома фармаваць вобраз «злачыннай нацыі» неэтычна і супрацьзаконна. Неабходнасць звароту была выклікана з'яўленнем у шэрагу СМІ артыкулаў, якія зневажаюць годнасць цыганскай дыяспары, праз недапушчальныя абагульненні кшталту «Калі ўбачыце цыганоў -адразу звяртайцеся па тэлефоне «102».

Два гады таму праваабаронцы ўжо звярталіся ў Міністэрства інфармацыі, і тады чыноўнікі абяцалі разабрацца. За два гады сітуацыя з дыскрымінацыяй цыганоў у СМІ не змянілася.

У адказе, падпісаным намеснікам міністра У.У. Матусевічам, гаворыцца, што «не дапускаецца незаконнае абмежаванне свабоды масавай інфармацыі, якое выяўляецца ва ўмяшальніцтве ў сферу прафесійнай самастойнасці юрыдычнай асобы, на якую ўскладзены функцыі галоўнага рэдактара СМІ». Па словах намесніка міністра, «галоўны рэдактар СМІ прымае канчатковае рашэнне ў адносінах аб выпуску СМІ».

«У сувязі з гэтым, органы дзяржаўнага кіравання, у тым ліку Міністэрства інфармацыі, не правамоцныя ўмешвацца ў прафесійную дзейнасць сродку масавай інфармацыі, а таксама журналістаў», - адзначыла ў адказе міністэрства.

У.У. Матусевіч нагадаў праваабаронцам, што фізічныя і юрыдычныя асобы маюць права на зварот у суд па абарону іх гонару, годнасці ці дзелавой рэпутацыі.

Міністэрства дадаткова паведаміла, што па пытаннях недапушчэння неабгрунтаванай крытыкі цыганскай дыяспары ў СМІ праведзена адрасная гутарка з начальнікам аддзела СМІ упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Гомельскага аблвыканкаму В.М. Рабікавай. Ёй указана на неабходнасць арганізацыі работы СМІ з мэтай строгага выканання заканадаўства, фарміравання ў грамадстве павагі і талерантнасці да прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў.

«Наш чыноўнік чуў старажытную прымаўку Vox populi – vox Dei, але для яго vox Dei – гэта хутчэй загад вышэйстаячага начальніка. Так што ёсць падставы спадзявацца, што цяпер службовыя асобы Гомельскага аблвыканкаму сур'ёзней паставяцца да праблемы дыскрымінацыі цыганскай дыяспары ў рэгіянальнай прэсе», - пракаментавала Марыя Клімовіч.

Наконт таго, што Міністэрства інфармацыі, як яно падае ў адказе, не мае права ўмешвацца ў дзейнасць СМІ, варта нагадаць чыноўнікам іх жа «Палажэнне аб Міністэрстве інфармацыі». Згодна дакументу, адной з асноўных задач міністэрства з'яўляецца «рэалізацыя дзяржаўнай палітыкі ў сферы масавай інфармацыі, выдавецкай, паліграфічнай дзейнасці, дзейнасці па распаўсюджванню друкаваных выданняў і прадукцыі СМІ, рэгуляванне, кіраванне і каардынацыя дзейнасці іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у гэтай сферы», а таксама «фарміраванне культуры масавай інфармацыі, умацаванне прававых і прафесійных асноў дзейнасці СМІ». Міністэрства інфармацыі, згодна «Палажэнню», мае права выносіць пісьмовыя папярэджанні за парушэнне заканадаўства СМІ, прымаць рашэнні аб прыпыненні выпуску СМІ і так далей. Толькі, як бачна з практыкі, гэтыя правы Міністэрства рэалізуе ў дачыненні недзяржаўных СМІ, якія можа зачыняць, папярэджваць, абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international