Алесь Бяляцкі: Аптымістычны сцэнар у 2015 годзе шмат у чым залежыць ад актыўнасці саміх беларусаў

2015 2015-01-06T10:29:57+0300 2015-06-25T10:31:07+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-radyjo_svaboda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі. Фота: svaboda.org

Алесь Бяляцкі. Фота: svaboda.org

Кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека распавёў, з якімі настроямі ды прагнозамі праваабаронцы ўступаюць у новы год.

Мінулы год стаў для Алеся Бяляцкага годам каардынальных зменаў: у чэрвені ён быў амніставаны, правёўшы ў калоніі амаль тры з чатырох з паловай прысуджаных гадоў зняволення, і адразу ўключыўся ў актыўную грамадскую дзейнасць. Апошнія паўгады былы палітвязень правёў у працоўных паездках як у Беларусі так і за мяжой, напоўненых шматлікімі сустрэчамі і кантактамі, выступаў на розных міжнародных пляцоўках, дзе распавядаў пра праваабарончую ды грамадска-палітычную сітуацыю ў Беларусі ў кантэксце нашага рэгіёну.       

- Сапраўды, пасля вызвалення з калоніі мне трэба было хутка адаптавацца да цывільнага жыцця, усё змянілася імгненна, і часу на развагі, рэфлексіі асабліва не было. Трэба было дастаткова хутка аналізаваць, разбірацца ў сітуацыі грамадскага жыцця ў Беларусі, ад якога я быў адарваны, нягледзячы на тое, што чытаў газеты і атрымліваў лісты. Напэўна, сустрэчы з людзьмі далі найбольш інфармацыі, магчымасць рабіць нейкія высновы, якімі я і стараўся дзяліцца ў наступныя месяцы. З боку еўрапейскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў міжнароднай супольнасці выявілася даволі вялікая цікавасць да таго, што я распавядаў. Апошнія паўгады я актыўна ездзіў, выступаў, тлумачыў, адказваў на асноўныя пытанні – з чым звязана маё вызваленне, што адбываецца ў Беларусі, чаго трэба чакаць ад уладаў і ад грамадзянаў.
Мне важна было данесці да еўрапейскай супольнасці праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, найперш з грамадска-палітычнымі і сацыяльнымі правамі. Бо там увесь час паўстае багата пытанняў: што рабіць з Беларуссю далей, супрацоўнічаць – не супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі, у які бок змяняецца сітуацыя ўнутры краіны ды іншае. Я мусіў тлумачыць, што расійска-украінская вайна захіліла сабой Беларусь і нашыя ўнутраныя праблемы, а нам надзвычай важна заставацца ў фокусе ўвагі Еўропы і ЗША.

- Многія міжнародныя праваабаронцы сцвярджаюць, што ў Бруселі зараз вядуцца размовы пра тое, каб у стасунках з Беларуссю вярнуцца да перыяду “адлігі”, што назіралася ў 2008 – 2010 гадах. Якія ўражанні склаліся на гэты конт у Вас?

- Брусель асцярожна ставіцца да чарговых ініцыятываў Міністэрства замежных спраў Беларусі, міністра Макея, які зараз сапраўды актыўна сустракаецца з рознымі еўрапейскімі чыноўнікамі, спрабуе развярнуць Еўразвяз да Беларусі, палепшыць імідж уладаў у вачах Бруселю. Гэтыя актыўныя дзеянні звязаныя найперш з трывожнай сітуацыяй у эканоміцы. Уладам трэба шукаць новыя крэдыты, мець магчымасці адтэрмінаваць ранейшыя пазыкі, якія яны набралі і патрацілі.

Другая прычына ў тым, што ў 2015 годзе будуць прэзідэнцкія выбары і беларускія ўлады хацелі б залагодзіць непрыняцце міжнароднай супольнасцю вынікаў папярэдніх выбараў. Яны хацелі б  дабіцца адмены санкцыяў, уведзеных Еўразвязам супраць чыноўнікаў, вінаватых у парушэннях падчас выбараў ці ў рэпрэсіях супраць апанентаў улады. Таму яны зараз актыўна раздаюць абяцанні, спрабуюць вырашыць гэтыя пытанні на сваю карысць, выкарыстоўваючы для гэтага розныя метады.

Такім чынам быў выкарыстаны і расійска-украінскі канфлікт, тыя перамовы, якія праводзіліся ў Менску, падаюцца беларускімі ўладамі як асабістае дасягненне. Хоць насамрэч я дастаткова скептычна стаўлюся да нейкай значнасці ролі Беларусі ў гэтых перамовах - пляцоўка і не больш за тое. Як мне падаецца, Беларусь была абраная для перамоваў найперш таму, што гэта найбольш выгодна для расійскіх уладаў, бо яны разглядаюць Беларусь амаль як сваю ўласную тэрыторыю.

З боку Бруселя - прынамсі, у чым я знаходзіў паразуменне - прыглядаюцца да таго, што адбываецца ў Беларусі, але верыць на слова ніхто не збіраецца. Ад  уладаў чакаюць больш істотных крокаў па дэмакратызацыі сітуацыі ў краіне. У першую чаргу – вызвалення палітычных зняволеных, якіх зараз шэсць чалавек, спынення пераследу грамадскіх актывістаў і спынення перашкодаў у працы сродкаў масавай інфармацыі. А тут якраз за апошнія месяцы сітуацыя наадварот пагоршылася.

Як бачым, навонкі для Міністэрства замежных спраў пастаўлена задача паляпшаць імідж Беларусі, а ўнутры краіны іншым міністэрствам, найперш МУС ды спецслужбам, пастаўлена іншая задача – рыхтавацца да выбараў і стрымліваць, купіраваць усе праявы грамадскай актыўнасці, якія ёсць у Беларусі. Дзве такія несумяшчальныя задачы пастаўленыя перад рознымі міністэрствамі (хто іх ставіць – зразумела). І ў пэўным сэнсе абедзве невыканальныя. Таму што нельга палепшыць імідж па-за межамі Беларусі, нічога не змяняючы ў самой краіне, і ў той жа час нельга цалкам падавіць грамадскую актыўнасць, нават закручваючы гайкі, што мы зараз і назіраем.

Мяркую, спадзявацца на нейкія істотныя змены ў стасунках паміж Еўразвязам і Беларуссю нікому не варта. Нават калі ў кагосьці з брусельскіх чыноўнікаў ёсць пэўны аптымізм (а ў кагосьці наадварот - стомленасць ад таго, што сітуацыя доўгі час не мяняецца), то ўсё новыя факты пераследу ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці Беларусі, да журналістаў і праваабаронцаў будуць гэты аптымізм гасіць.  

- Пры тым, што сітуацыя ў Беларусі да лепшага не змяняецца, як Вы ацэньваеце эфектыўнасць санкцый Еўразвязу, уведзеных за грубыя парушэнні правоў чалавека?

- Гэтыя санкцыі маюць найперш сімвалічны сэнс, з’яўляюцца ясным палітычным сігналам: пакуль у Беларусі будзе працягвацца пераслед грамадзянскай супольнасці, асобы, якія ажыццяўляюць гэты пераслед, будуць лічыцца непажаданымі на тэрыторыі дэмакратычных краінаў. На маю думку, гэты палітычны сэнс санкцыяў вельмі важны. Гэта такі моцны варыянт дыпламатычнай ноты, звернуты да беларускіх уладаў. Мне падаецца, што санкцыі з’яўляюцца тым інструментам, які абмяжоўвае маштабы рэпрэсіяў у Беларусі. Пасля ўвядзення гэтых санкцый некалькі дзесяткаў палітычных вязняў былі вызваленыя. Гэта прамы вынік санкцый. Таму, мяркую, як палітычны інструмент у выпадках грубага парушэння ўладамі ўнутранага заканадаўства і міжнародных пагадненняў, якія тычацца правоў чалавека, яны маюць сэнс.    

- Як на ваш погляд эканамічны крызіс, які ўслед за Расіяй насоўваецца на Беларусь, можа адбіцца на агульнай грамадска-палітычнай сітуацыі?

- Пабачым, як будуць далей развівацца падзеі. Выглядае, што эканамічная сітуацыя будзе пагаршацца, паколькі беларуская эканоміка была ледзь не ў загадным парадку прывязаная да расійскай эканомікі. Вялізная эканамічная залежнасць Беларусі ад Расіі з’яўляецца вынікам палітычных і эканамічных саюзаў гэтых дзяржаваў. Таму сённяшні крызіс - гэта вынік свядомага геапалітычнага выбару беларускіх уладаў. Чым менш мы былі б звязаныя з нашым непрадказальным усходнім суседам, тым устойлівей была б нашая эканоміка. Апроч усяго, людзям, якія назіраюць за ўнутранымі грамадска-палітычнымі працэсамі ў Расіі за апошнія 20 гадоў, было зразумела, што станаўленне дэмакратыі там не скончанае і ў любы момант усё можа павярнуцца ў іншы бок. На жаль, так і адбылося. Мы бачым, як хутка зараз у Расіі звужаецца дэмакратычная прастора і краіна ператвараецца ў класічную аўтарытарную дзяржаву. Спадзявацца на трывалыя добрасуседскія адносіны з такой дзяржавай не даводзіцца.

На першы план у Расіі выходзяць геапалітычныя разлікі ды эканамічныя выгоды, а дэмакратычныя каштоўнасці, правы чалавека адыйшлі на далёкі задні план і ўвогуле не ўлічваюцца расійскімі ўладамі пры пабудове знешнепалітычных саюзаў.

Эканамічны крызіс у Расіі б’е зараз і па Беларусі, што з’яўляецца вынікам недальнабачнай палітыкі беларускіх уладаў. Але ёсць значна больш стабільныя, больш дэмакратычныя, больш адкрытыя, больш бяспечныя міждзяржаўныя саюзы. І тут не трэба далёка хадзіць, дастаткова паглядзець на нашых суседзяў – Польшчу, Літву, Латвію і тое, што ляжыць за імі аж да Лісабона. Еўропа -- гэта тая прастора, якая адвечна і гістарычна, ментальна і культурна заўсёды была звязаная з Беларуссю, калі не лічыць гадоў акупацыі пад Расійскай імперыяй, а затым “турмы народаў” СССР . Безумоўна, супольнасць еўрапейскіх краінаў мае пэўныя правілы паводзінаў, якія патрабуюць большай адказнасці ад уладаў, большай празрыстасці, дэмакратычнасці ў кіраванні дзяржавай. Там  большы ўзровень павагі да сваіх грамадзянаў. Калі беларускія ўлады не гатовыя да такога стаўлення да сваіх грамадзянаў, то ў выніку і з’яўляюцца тыя цяжкія грамадскія, палітычныя ды эканамічныя працэсы, якія ліхаманяць Беларусь.
Як паказвае практыка, пры абвастрэнні эканамічных праблемаў павышаецца сацыяльная актыўнасць усяго грамадства, бо людзі становяцца менш сацыяльна абароненымі. І мы ўжо бачым, як прымаюцца чарговыя законы, якія яшчэ больш зніжаюць гэтую абароненасць, як змяншаюцца заробкі ў выніку інфляцыі. Усё гэта – вынік геапалітычнай і эканамічнай арыентацыі беларускіх уладаў, і ўлады мусяць адказваць за сваю палітыку перад народам. Іншая справа, наколькі гэтая сацыяльная актыўнасць будзе мець нейкія арганізаваныя формы. Як паказвае вопыт канца 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі эканамічны крызіс зацягваецца, то можна чакаць дастаткова сур’ёзных сацыяльных зменаў у грамадстве. Прычым - незалежна ад актыўнасці апанентаў улады. Адбываюцца масавыя пратэсты, якія спыніць немагчыма, бо на вуліцы выходзяць сотні тысяч людзей, якія патрабуюць свабоды, дэмакратыі, забеспячэння сваіх сацыяльных правоў і змагаюцца за лепшае жыццё. Тады апанентамі ўладаў становіцца ўсё грамадства.                              

-  Якія прагнозы маеце на 2015-ты – год прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі?

- Нічога добрага нас у гэтым годзе не чакае. Песімістычны сцэнар звязаны і з агульным абядненнем, яшчэ больш складанымі праблемамі ў эканоміцы, якія пільнуюць нас наперадзе, і з закручваннем гаек ва ўсім грамадстве. Ідуць трывожныя сігналы, якія паказваюць, што пагаршэнне эканамічнай сітуацыі будзе прымушаць улады ўжываць усё больш драконаўскія меры ў дачыненні да правоў і свабодаў грамадзянаў. Нам, праваабаронцам, трэба будзе праяўляць больш актыўнасці і называць рэчы сваімі імёнамі, пратэставаць супраць змяншэння правоў грамадзянаў. Тое ж будуць рабіць і незалежныя журналісты, бо гэта іх накірунак працы – праўдзіва асвятляць падзеі ў краіне.
Выбары, хутчэй за ўсё, пройдуць па старых сцэнарах, то бок, яны, на жаль, зноў будуць сфальсіфікаваныя. Аляксандр Рыгоравіч атрымае больш за 80% “падтрымкі”. Гэта значыць, што вынікі выбараў зноў не будуць прызнаныя міжнароднай супольнасцю і што зноў адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам будуць складанымі, напружанымі. Адпаведна, асаблівай падтрымкі і беларускай эканоміцы чакаць адтуль не давядзецца.  
Калі казаць пра аптымістычны сцэнар на 2015 год, то тут багата што залежыць ад актыўнасці беларусаў: наколькі актыўна мы будзем адстойваць свае правы, настолькі можа і вымалявацца гэты аптымістычны сцэнар. Бо так ёсць ва ўсім свеце: людзі самі павінны змагацца за свае правы і не спадзявацца, што ці Расія ці Еўропа вырашыць нашыя праблемы. Мы павінны вырашаць свае праблемы самі, і я ў гэтым глыбока перакананы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international