viasna on patreon

Брэст: пракуратура не знайшла парушэнняў закона ў дзеяннях дэпутатаў гарадскога Савета

2014 2014-12-26T11:47:45+0300 2014-12-26T11:47:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prakurory.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гэта вынікае з адказу, які атрымалі на свой ліст актывісты грамадзянскай ініцыятывы “Сацыяльны офіс”, што збіраліся прыцягнуць увагу нагляднага органа да фактаў ігнаравання дэпутатамі норм заканадаўства аб зваротах грамадзян.

Намеснік пракурора горада Брэста, саветнік юстыцыі Іван Чайчыц ў сваім адказе нагадаў, што ў адпаведнасці з артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў (далей Закон)” формамі дзейнасці дэпутата Савета з'яўляюцца разгляд зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, асабісты прыём грамадзян, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асоб дэпутатам Савета ў выбарчай акрузе.

Прадстаўнік пракуратуры зрабіў выснову, што “зыходзячы з гэтай нормы Закона, дэпутат пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў разглядае звароты, што паступілі да яго ад грамадзян і якія непасрэдна тычацца дзейнасці дэпутата ў выбарчай акрузе”, а адсутнасць адказу дэпутатамі на звароты з іншых выбарчых акруг не з'яўляецца парушэннем закона аб зваротах грамадзян.

Актывіст грамадзянскай ініцыятывы “Сацыяльны офіс” Юрый Жыдовіч з такімі высновамі пракуратуры не згодны. “Мы прасілі дэпутатаў даць інфармацыю аб тым, дзе можна азнаёміцца з іх справаздачай, або калі такога зроблена не было, то надрукаваць яе ў мясцовых сродках масавай інфармацыі, - распавёў Жыдовіч. - На жаль, не ўсе дэпутаты палічылі неабходным не толькі размясціць справаздачы перад сваімі непасрэднымі выбаршчыкамі, але і адказаць на лісты”.

Юрый Жыдовіч ўпэўнены ў тым, што ў пракуратуры няправільна тлумачаць закон, бо ўсе дэпутаты падсправаздачныя выбаршчыкам і павінны быць публічнымі асобамі, у тым ліку праводзіць сустрэчы з грамадзянамі, распавядаць пра тое, што яны як народныя выбраннікіўжо зрабілі для грамадзян, і прымаць пад увагу іх новыя праблемы. Актывіст не выключае, што наступным крокам стане падача заявы ў судовую інстанцыю.

Нагадаем, што амаль два месяцы таму актывістамі ініцыятывы “Сацыяльны офіс” былі накіраваныя звароты амаль чатыром дзясяткам народных абраннікаў. Толькі 16 з іх даслалі пісьмовыя адказы аб тым, дзе, калі і ў якім фармаце яны правялі справаздачу перад выбаршчыкамі, альбо чаму такіх справаздач не было.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства