viasna on patreon

Светлагорск: Юрый Ляшэнка просіць разабрацца з медыкамі, якія «затрымалі» яго на пікеце

2014 2014-12-24T15:56:06+0300 2014-12-24T15:56:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/medustanova.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Грамадскі актывіст са Светлагорска Юрый Ляшэнка просіць міністра аховы здароўя разабрацца з медыкамі, якія «затрымалі» яго на пікеце і даставілі ў шпіталь, дзе ўкалолі ін'екцыю нібыта з-за высокага ціску. Грамадскі актывіст лічыць, што ў дадзеным выпадку ідзе размова пра выкарыстанне медыцынскіх работнікаў у палітычным пераследзе грамадзян. Нагадаем, 25 лістапада грамадскі актывіст планаваў правесці на цэнтральнай плошчы Светлагорска пікет з мэтай звярнуць увагу грамадскасці на парушэнні правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але да Юрыя Ляшэнка пад'ехала карэта «хуткай», супрацоўнікі якой забралі актывіста разам з вазком (ён інвалід 1 групы). Медыкі ўпэўнівалі жыхара райцэнтра, што яму блага, хоць ён і сцвярджаў адваротнае. Прычым хуткую дапамогу ён не выклікаў. У прыёмным пакоі Юрыю Ляшэнку зрабілі ўкол магнэзіі, матывуючы медыцынскія маніпуляцыі тым, што нібыта ў яго высокі ціск. Потым прыйшоў міліцыянер, які склаў пратакол за несанкцыянаваны пікет.

«Прашу прадставіць у маё распараджэнне поўнае медыцынскае заключэнне аб стане майго здароўя па стане на 25 лістапада 2014 года, уключаючы адказы на пытанні, навошта, што менавіта і на якой падставе мне калолі ў прыёмным пакоі», - напісаў у скарзе міністру аховы здароўя Юрый Ляшэнка.

Скаргу міністру аховы здароўя актывісту дапамог скласці праваабаронца Леанід Судаленка.

«Лічу, што ў дадзеным канкрэтным выпадку падначаленыя Вам супрацоўнікі ўстановы аховы здароўя былі задзейнічаны ў палітычным пераследзе пры рэалізацыі з майго боку сваіх неад'емных грамадзянскіх і палітычных правоў», - падкрэсліў заяўнік.

Нагадаем, што за несанкцыянаваны пікет Юрый Ляшэнка быў пакараны штрафам у памеры 2 базавых велічынь.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства