«Халоднае крыло Радзімы»: кніга, якая стваралася 30 год

2014 2014-12-24T10:27:19+0300 2014-12-25T16:06:20+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/presentation_bialaitski_23.12.14_14.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі пад час прэзентацыі кнігі "Халоднае крыло Радзімы".

Алесь Бяляцкі пад час прэзентацыі кнігі "Халоднае крыло Радзімы".

Новая, пятая па ліку, кніга былога палітвязня, праваабаронцы і літаратара Алеся Бяляцкага «Халоднае крыло Радзімы» была прэзентаваная 23 снежня на сядзібе БНФ. Выступы аўтара, вядомых пісьменнікаў, грамадскіх дзеячоў і палітыкаў, аздабляліся дыхтоўнымі мелодыямі дудара Вячкі.

Напачатку свайго выступу Алесь Бяляцкі падзякаваў сваім калегам і сябрам, якія дапамагалі ствараць кнігу, расчытваць лісты з калоніі, адшукваць у архівах і перыёдыцы ранейшыя артыкулы аўтара: Алене Лапцёнак, Ірыне Пракопчык, Таццяне Рэвяка і ўкладальніцы Паліне Сцепаненка.

 

Распавядаючы пра гісторыю напісання кнігі Алесь Бяляцкі паведаміў, што гэтая кніга рабілася на працягу 30-ці гадоў, пачынаючы ад нататак і эсэ перыяду 90-х гадоў, якія друкаваліся ў розных перыядычных выданнях – ЛіМе, “Праве на Волю”. Да гэтай часткі далучыліся тыя тэксты, якія аўтар напісаў цягам 2 год ужо знаходзячыся ў зняволенні. Усё гэта адшукала і класіфікавала Паліна Сцепаненка. Калі Бяляцкі выйшаў на волю, праца над кнігай была амаль завершаная, быў гатовы макет, але яшчэ быў час нешта выправіць, аднак аўтар вырашыў не выпраўляць ніводнай літары: гісторыя ёсць гісторыя.

Бяляцкі падрабязна распавёў і пра гісторыю назвы гэтай кнігі: “Гуляючы па дворыку калоніі, асабліва ўвесну, заўважаў, як у небе пралятае вельмі шмат розных птушак: качак, гусей, буслоў. А неяк вось лятуць чайкі, вялікія бярэзінскія чайкі, падсвечаныя ранішнім сонцам, а крылы ў іх былі белыя, халодныя, быццам бы са снегу. Вось гэта вобраз і быў пакладзены ў назву кнігі «Халоднае крыло Радзімы».

Мастак Уладзімір Вішнеўскі, які займаўся аздабленнем кнігі, як, дарэчы, і папярэдняй, “Асьвечаныя Беларушчынай”, прызнаўся, што гэта быў той рэдкі выпадак, калі вокладка стваралася загадзя, калі яшчэ не было макета самой кнігі, а яшчэ дадаў, што падступіцца да працы было няпроста, асабліва ўсведамляючы асобу аўтара. Аднак, атрымалася дыхтоўна.

Пісьменнік і даўні сябра Бяляцкага Сяргей Дубавец узгадаў у сваім выступе вайну, з якой выйшла ягонае пакаленне, пакаленне дзяцей дзяцей вайны. У ягоны час добра ведалі пра вайну, а для сучаснай моладзі яна – нейкая далёкая гісторыя, кшталту войнаў Напалеона: “Цяпер жа моладзь ня ведае, што было да яе, адкуль яны выйшлі: там - пустата. Ніхто не ведае пра моладзевыя рухі 80-х гадоў, якія абудзілі сітуацыю у краіне і прывялі да палітычных перамен, і як гэта адбывалася. А былі ж сотні герояў, вядомых на ўсю Беларусь асобаў. Затым былі шматтысячныя мітынгі, жорсткія разгоны… Гэта ўсё моладзь, на жаль, ня ведае. І таму асаблівая каштоўнасць такіх кніг у тым, што вось, сядай, чытай, і паўстануць карціны таго часу. Аказваецца, былі і нефармалы, і рух да незалежнасці. Дзякуючы такія кнігам, якія ўслед за сваім аўтарам выходзяць з турмы, можа што ў кагосці ў галовах і адкладзецца”.

“Новая кніга Алеся Бяляцкага чапляе, кранае за жывое, - выказаў сваё меркаванне старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. - Асабліва закранулі першыя, аўтабіяграфічныя старонкі: жыццё ў Карэліі, затым у Светлагорску… Думаю, што гэты шлях Алеся да беларушчыны – прыклад для многіх, хто сёння йдзе ў жыццё.  Лёс Бяляцкага – у пэўным сэнсе і лёс нашага пакалення, тых, каму сёння за 50 год, тых, хто трыццаць і больш год таму йшоў да Беларусі, да беларушчыны”.  Барыс Пятровіч распавёў, як ён у 80-я гады прыехаў па размеркаванні на працу ў Гомель, дзе тады вучыўся ва ўніверсітэце Алесь Бяляцкі, і ўбачыў, што і ў Гомелі ёсць свядомыя людзі. Там былі нават тэлефонныя будкі распісаныя словамі «Жыве Беларусь!». Там яны і пазнаёміліся. Узгадаўшы пра раннія гады знаёмства з Бяляцкім, Пятровіч параіў аўтару сабраць апавяданні, якія ён некалі друкаваў і каб кніга мастацкай прозы выйшла наступнай. “Хацелася, каб той не самы лепшы жыццёвы досвед, які быў у Бяляцкага апошнія тры гады, ператварыўся ў мастацкі твор” – сказаў Барыс Пятровіч.

Літаратар Міхась Скобла, яшчэ чытаючы папярэднюю кнігу Алеся Бяляцкага “Асьвечаныя Беларушчынай”, задаўся пытаннем: “А колькі ўвогуле ў беларускай літаратуры турэмнага стажу?” Затым ён перачытаў шасцітомны «Даведнік беларускіх пісьменнікаў» і паспрабаваў падлічыць стаж беларускай турэмнай літаратуры. Яшчэ не цалкам ўсё ўлічыўшы, аказалася, што беларускія пісьменнікі адседзелі ў турмах і лагерах агулам больш за тысячу гадоў. Міхась Скобла звярнуў увагу на той момант, што, што ў турме Алесь Бяляцкі напісаў дзве кнігі і пачаў пісаць трэцюю, толькі не паспеў, быў вызвалены. Таму, зрабіў прапанову Скобла, аўтара трэба некуды выслаць, каб ён дапісаў і трэцюю кнігу. І параіў зрабіць гэта ў больш прыемным месцы, там, дзе любяць пісаць беларускія пісьменнікі, на востраве Готланд, у Швецыі.

Анатоль Лябедзька пачаў з лаканічнага слова “Рэспект!” і падзякаваў Бяляцкаму, што той выбраў найлепшы час для выхаду кнігі. Паколькі, што яшчэ рабіць доўгімі зімовымі вечарамі - застаецца толькі чытаць Бяляцкага. Ён адзначыў, што ёсць два месцы, дзе найчасцей сустракаецца беларуская інтэлігенцыя ды  прадстаўнікі грамадзкасці — гэта дыпламатычныя прыёмы ды яшчэ… пахаванні. А цяпер вось, дзякуй богу, зявіліся прэзэнтацыі добрых кніг, такіх, як «Халоднае крыло Радзімы».

Апошнім выступіў пісьменнік і філосаф Ігар Бабкоў. Ён пажадаў Бяляцкаму вырвацца з “залатой клеткі ўспамінаў” і ўступіў у спрэчку з гісторыкам Язэпам Янушкевічам.

 Пад час прэзентацыі кнігі "Халоднае крыло Радзімы".
 Пад час прэзентацыі кнігі "Халоднае крыло Радзімы".
Укладальніца кнігі Паліна Сцепаненка.
 Пад час прэзентацыі кнігі "Халоднае крыло Радзімы".
Мастак Уладзімір Вішнеўскі.
Пісьменнік Сяргей Дубавац

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international