У Светлагорску суд і ўлады высвятляюць: ці існуе пляцоўка, на якой райвыканкам прапануе праводзіць пікеты і мітынгі

2014 2014-12-23T23:55:14+0300 2014-12-23T23:55:56+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/liashenka-jury-svetlagorsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Юры Ляшэнка.

Юры Ляшэнка.

23 снежня ў судзе Светлагорскага раёна адбыўся разгляд грамадзянскай справы па скарзе жыхара горада Юрыя Ляшэнкі на дзеянні райвыканкама. Грамадзянскі актывіст меў намер 25 лістапада правесці ў Светлагорску пікет у абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку ў знак пратэсту супраць невыканання правоў інвалідаў пры капітальным рамонце жылога двухпавярховага дома па вуліцы Леніна. Райвыканкам забараніў праводзіць масавае мерапрыемства. Адмову ўлады матывавалі тым, што пляцоўка на цэнтральнай плошчы горада не з'яўляецца месцам, дазволеным для правядзення масавых мерапрыемстваў. Згодна з рашэннем райвыканкама, пікетаваць ці мітынгаваць можна толькі на «сцэнічнай пляцоўцы парку культуры і адпачынку».

Як аказалася, парк знаходзіцца ў занядбаным стане. А сцэнічнай пляцоўкі там і няма зусім, не існуе такая ў прыродзе. Сумненні наконт існавання «сцэнічнай пляцоўкі ў парку культуры і адпачынку» выказаў і суддзя, параіўшы прадстаўніку райвыканкама разабрацца з дадзеным пытаннем.

«Мне забаранілі правесці пікет, матываваўшы, што не тую пляцоўку абраў для яго правядзення. Цяпер можа апынуцца, што ніякай «сцэнічнай пляцоўкі ў парку адпачынку» і няма. Тады што атрымліваецца - рашэнне райвыканкама, прынятае яшчэ ў 2008 годзе - незаконнае?» - звярнуў увагу Юрый Ляшэнка.

Суд працягнецца пасля 10 студзеня. Пра дакладную дату суддзя пакуль не паведаміў.

Нагадаем, нягледзячы на адмову ў правядзенні пікета, 25 лістапада Юрый Ляшэнка выехаў на калясцы (ён інвалід першай групы) на цэнтральную плошчу Светлагорску. Праз некалькі хвілін, не паспеў ён і разгарнуць плакат, як да яго падбеглі супрацоўнікі «хуткай», якая з мігалкамі выехала на плошчу, і мужчыну пацягнулі ў аўтамабіль. «Мяне двое супрацоўнікаў «хуткай» пераконвалі, што мне дрэнна, і мне патрэбна неабходная дапамога, я наогул не мог зразумець - што адбываецца. У лякарні мне памералі ціск, зрабілі кардыяграму, сказалі, што ў мяне тахікардыя і ўкалолі ўкол. Потым прыйшоў міліцыянт, які апытаў мяне і склаў пратакол», - распавёў актывіст.

22 снежня ў судзе Светлагорскага раёна адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да Юрыя Ляшэнка. Яго абвінавацілі ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). Суддзя Ірына Алісейка пакарала грамадскага актывіста штрафам у памеры 2 базавых велічынь (300 тысяч беларускіх рублёў). «Асноўныя прэтэнзіі на судзе тычыліся таго, што пікет я праводзіў на адлегласці бліжэй за 50 метраў да будынка выканкама. На мае пытанні да суду з нагоды «хуткай» - чаму мяне забралі з пікету медыкі, якіх я не выклікаў і спрабавалі мяне пераканаць, што мне дрэнна, і нават у бальніцы зрабілі ін'екцыю магнезіі ад ціску, суддзя адказу не дала. Маўляў, гэта пытанне не разглядаецца ў рамках гэтай справы, і дачынення не мае. Я буду высвятляць гэтае пытанне: пісаць запыты, разбірацца, і абскардзіць рашэнне раённага суда ў вышэйшай інстанцыі», - растлумачыў Юрый Ляшэнка.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international