viasna on patreon

Шклоў: Рыгора Кастусёва пакаралі штрафам

2014 2014-12-23T23:45:19+0300 2014-12-23T23:45:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kastuseu-rygor-sud-shklou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Рыгор Костусеў.

Рыгор Костусеў.

Суд Шклоўскага раёна 23 снежня пакараў штрафам у памеры 25 базавых велічынь (тры мільёны сямсот пяцьдзясят тысяч рублёў) намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года.

Разглядала справу ў судзе Шклоўскага раёна суддзя Свялана Баранцэва. Судовы працэс па разгляду пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні, быццам бы здзейсненым Рыгорам Кастусёвым, пачаўся ў 11-30 і з перапынкамі працягваўся да 17-20.

Па хадайніцтву Рыгора Кастусёва суддзя Святлана Баранцэва ажыццяўляла разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэнні на беларускай мове. У якасці сведкаў у суд Шклоўскага раёна былі выкліканы супрацоўнікі Свіцлацкага РАУС Гродзенскай вобласці Юрый Садоўскі і Дзяніс Паўлючэня.

Юрый Садоўскі працуе інспектарам па справах непаўнагадовых Свіслацкага РАУС і ў дзень правядзення ўшаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, згодна яго тлумачэнняў, у цывільнай вопратцы назіраў за “несанкцыянаваным мерапрыемствам” на могілках і каля помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту ў Свіслачы, а таксама ў вёсцы Якушоўка, дзе знаходзілася сядзіба Каліноўскіх. Па словах Юрыя Генрыхавіча, Рыгор Кастусёў удзельнічаў у “мітынгу і шэсці”, аднак не рабіў ніякіх супрацьпраўных заклікаў. Асноўнае правапарушэнне, якое здолеў узгадаць Юрый Садоўскі, гэта тое, што падчас выступаў каля помнікаў прысутныя разгортвалі два бела-чырвона-белыя сцягі, а таксама тое, што ў сваім выступе ў Якушоўцы Рыгор Кастусёў казаў пра небяспеку, якая існуе для незалежнасці Беларусі. Праўда, спадар Садоўскі пацвердзіў, што менавіта Рыгор Кастусёў сцягоў не трымаў і не разгортваў. Таксама не змог ён і дакладна адказаць, ці бачыў ён асабіста, як спадар Кастусёў удзельнічаў у шэсці.

Другі сведка, старэйшы інспектар аддзела прафілактыкі Свіслацкага РАУС Дзяніс Паўлючэня распавёў суду пра тое, што ён ажыццяўляў ахову грамадскага парадку і відэаздымкі падчас адзначэння Дня памяці паўстанцаў у Свіслачы 26 кастрычніка. У асноўным ён прывёў тыя ж самыя доказы супрацьпраўных паводзін Кастусёва, такія, як прысутнасць на могілках і каля помнікаў знакамітым людзям Беларусі ў Свіслачы, што і яго калега Юрый Садоўскі. Праўда, Дзяніс Валер’евіч вызначыўся тым, што адзначыў, што хоць падчас свайго выступу ў Якушоўцы Рыгор Кастусёў ніякіх супрацьпраўных заклікаў не рабіў, аднак напрыканцы яго выступу ўсе прысутныя выгукнулі “Этот іх лозунг “Жыве Беларусь”! Магчыма, супрацоўнік МУС Беларусі Дзяніс Паўлючэня лічыць, што Рэспубліка Беларусь не павінна існаваць як незалежная дзяржава.

Падчас разгляду справы ўдзельнікі працэса змаглі азнаёміцца з трыма відэаматэрыяламі, адзнятымі супрацоўнікамі Свіслацкага РАУС. Высветлілася, што акрамя Дзяніса Паўлючэні відэаматэрыялы на ўшанаванні памяці паўстанцаў здымаў таксама супрацоўнік Свіслацкага РАУС маёр міліцыі Чарняўскі. Неабходна адзначыць, што на прадстаўленых у якасці доказаў відэаздымках адсутнічала дата правядзення гэтых здымкаў і практычна немагчыма было пачуць, пра што ж казалі выступоўцы ў сваіх прамовах і выступах з-за дрэннай якасці гуку.

Рыгор Кастусёў у сваім выступе ў судзе адзначыў, што ён не прызнае сваёй віны ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння. Удзел у пахаванні грамадскага актывіста Віктара Дзесяціка, ускладанне кветак да помнікаў і запальванне свечак каля іх, ушанаванне памяці герояў-паўстанцаў не можа быць правапарушэннем. Таксама спадар Кастусёў адзначыў, што пры складанні пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні супрацоўнікі Свіслацкага РАУС парушылі тэрміны яго складання, а таксама дапусцілі і іншыя парушэнні.

Суддзя Святлана Баранцэва не прыняла да ўвагі довады Рыгора Кастусёва і прыняла рашэнне пакараць палітыка штрафам у памеры 25 базавых велічынь.

Па словах спадара Кастусёва, ён абавязкова будзе абскарджваць пастанову суда Шклоўскага раёна ў Магілёўскім абласным судзе.

Нагадаем, што ў Свіслачы 26 кастрычніка 2014 года адбылося традыцыйнае ўшаванне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага, удзел у якім прынялі грамадскія актывісты з розных рэгіёнаў Беларусі. На мерапрыемстве прысутнічаў і намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Увесь час на мерапрыемстве ад могілак у Свіслачы да сканчэння мэрапрыемства ў Якушоўцы прысутнічалі людзі ў цывільным, і міліцэйскі аператар усё фіксаваў на камеру. Цэлы шэраг удзельнікаў адзначэння Дня памяці ў Свіслачы ўжо пакараныя вялікімі штрафамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства