24 снежня – разгляд касацыйных скаргаў удзельнікаў фотасесіі "з птушкамі і клеткамі"

2014 2014-12-23T12:35:35+0300 2014-12-23T13:11:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пяцёра журналістаў і грамадскіх актывістаў, абвінавачаных у несанкцыянаваным пікетаванні за фотасесію на фоне гарадскога графіці, просяць Віцебскі абласны суд адмяніць вынесеныя ім штрафы і спыніць справы, распачатыя за фотаграфаванне без санкцыі мясцовых уладаў.
Супрацоўнік Чыгуначнага райаддзела міліцыі Аляксандр Рыбакоў, які кваліфікаваў фотасесію як "несанкцыянаванае пікетаванне", склаў на ўсіх удзельнікаў пратаколы правапарушэння. Дакументы былі перададзены ў суд Чыгуначнага раёна Віцебска. Паводле судовых пастаноў, грашовыя штрафы былі вынесены сябрам ГА БАЖ Алене Сцяпанавай і Алене Шабуні (суддзя Дзяніс Губанаў) , Зміцеру Казакевічу, Кастусю Мардзвінцаву, Паўлу Левінаву, а таксама грамадскай актывістцы Тацяне Севярынец (суддзя Алена Цыганкова). Памер штрафаў – ад 18 да 25 базавых велічынь.
Пётр Бярлінаў – выпадковы мінак, які далучыўся да фотасесіі, быў асуджаны на трое сутак арышту. Ягоную касацыйную скаргу абласны суд ужо разгледзеў – пакінуў пастанову Чыгуначнага райсуду без зменаў.
У касацыйных скаргах удзельнікі фотасесіі падкрэслілі, што яны ўсяго толькі фотаграфаваліся. І іх дзеянні не стваралі праблем для нацыянальнай бяспекі, не заміналі грамадскаму парадку, не пагражалі здароўю або маральнасці грамадства, не парушалі правы і свабоды іншых грамадзян.
Удзельнік фотасесіі праваабаронца Павел Левінаў жартуе, што фотаздымак на фоне графіці можа прэтэндаваць на фіксацыю ў Кнізе рэкордаў Гінеса:
"Падобна, мы трапілі на самы дарагі фотаздымак у гісторыі беларускага правасуддзя. Калі абласны суд не адменіць пастановы, то Чыгуначны райсуд мае ўсе падставы "праславіцца" на ўвесь свет, а заадно і Чыгуначны РАУС, дзе складаюць пратаколы праавапарушэння толькі за тое, што чалавек сфатаграфаваўся ў грамадскім месцы, і гэтыя фотаздымкі трапілі ў інтэрнэт".
Тое, пра што кажа Павел Левінаў, перастала выглядаць смешным пасля ягонага звароту ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна: раз суд палічыў фотаздымкі без дазволу раённых уладаў незаконным пікетаваннем, праваабаронца звярнуўся па такі дазвол. І фотаграфавацца яму забаранілі! Невядома на якіх падставах, але ў раённай адміністрацыі вырашылі, што фотасесія – гэта масавае мерапрыемства і забаранілі фатаграфаванне на падставе рашэння гарвыканкаму "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску". Маўляў, Левінаў не прадставіў дамовы на "абслугованне акцыі" міліцыяй, цэнтральнай паліклінікай і службай ЖКГ.
Пакаранні за фотасесію на фоне графіці – малюнка птушак, зробленых з газеты, якія вылятаюць з клетак – шырока абмяркоўваліся ў інтэрнэце. У Віцебску атрымалася парадаксальная сітуацыя, якой няма ні ў адным іншым беларускім горадзе: як аказалася, тут забаронена фатаграфавацца без дазволу раённых уладаў. У такім выпадку ў правапарушальнікі трэба запісваць кожнага, хто здымецца на віцебскай вуліцы – падчас вяселля, экскурсіі або проста з жадання пакінуць фота на памяць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international