viasna on patreon

Тамара Шчапёткіна: Мы жывем пры дыктатуры

2014 2014-12-18T08:41:05+0300 2014-12-18T08:41:05+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zschapetkina-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Тамара Шчапёткіна

Тамара Шчапёткіна

Незалежнай журналістцы Тамары Шчапёткінай прысудзілі штаф у 30 базавых велічыняў. Каментуючы рашэнне суддзі, журналістка сказала, што суд атрымаў загад ад спецслужбаў пакараць яе і паслухмяна яго выканаў.

 

РР: Што адбывалася ў гэтым судзе? Былі сведкі? Як гэта выглядала?

Тамара Шчапёткіна: У гэтым судовым працэсе быў адзін сведка – гэта загадчык галоўнай аптэкі № 18. Ён сказаў, што прыходзіла жанчына, крыху адрозніваліся яго паказанні ад таго, што ён даваў спецслужбам ці міліцыі. Ён сказаў: “Жанчына прыходзіла, яна ўзяла інтэрв’ю і сказала, што будзе на “Радыё Рацыя” гэтае інтэрв’ю”. Я патлумачыла, я не адмаўлялася, я сказала, што я дамовілася з сябрам на “Рацыі”, што маё інтэрв’ю будзе змешчана – гэта не маё інтэрв’ю было змешчана, а проста інфармацыя. Я задала пытанне сведку, па-першае, я папрасіла прабачэння ў сведкі таму, што ён быў вельмі перапужаны, чалавек малады і не мае ніякага досведу ў дачыненнях з праваахоўнымі органамі або спецслужбамі – гэта было відаць па ім. Я сказала, што не разлічвала, што звычайнае паведамленне “Лекі па рэцэптах” атрымае такі рэзананс. Я запытала: “Ці я нанесла нейкую траўму ці шкоду вам, вашай пасадзе, вашай працы?”. Ён сказаў: “Не”.

РР: Як на гэта рэагаваў суддзя, ці прыняў да ўвагі словы сведкі, які ў прынцыпе быў падставай для абвінавачання вас?

Тамара Шчапёткіна: Суддзя здаецца была лагоднай, яна слухала, але калі я задавала складальніку пратакола, намесніку начальніка аддзела аховы правапарадку Бярозаўскага РАУС Мікалаю Пракурату: “Чаму вы прыцягнулі мяне да адміністрацыйнай справы. Якую я шкоду нанесла, адкажыце? Ён не мог нічога сказаць. Самае цікавае, што ні на адно пытанне супрацоўнік міліцыі мне не адказаў, адзінае, што ён увесь судовы працэс цвярдзіў: “Вы працуеце без акрэдытацыі на “Беларускае Радыё Рацыя” – вы парушылі закон”. Калі я ў яго спытала: “Ці ёсць у вас фактычны доказ, матэрыяльны доказ, ці ў вас ёсць мая працоўная дамова з “Радыё Рацыя”? Ён сказаў: “Няма”. Суддзя перапыняла ўвесь час: “Ну што вы кажаце пра нейкую шкоду, ну што вы кажаце пра права распаўсюджваць і атрымліваць інфармацыю? Вас жа зусім не па гэтаму судзяць – вас судзяць за парушэнне закона”. Ну і канешне відаць было, хоць яна і выйшла на 20 хвілін, што ўсё ж такі яна выконвала чужы загад таму, што 30 базавых – гэта занадта. Праўда магчыма адыграла сваю ролю тое, што Мікалай Пракурат нагадаў, што ў 2009 годзе я атрымала афіцыйнае пракурорскае папярэджанне. Я лічу, што ўвесь працэс быў спектаклем, інакш яго не назавеш. Загадзя адчувалася, што мае факты і словы не прымаліся пад увагу, хоць суддзя нібы і звяртала на іх увагу, тут проста быў выкананы спецзаказ.

РР: На колькі незалежныя сродкі інфармацыі даступныя ў Бярозе?

Тамара Шчапёткіна: Адзіны незалежны журналіст на Бярозаўшчыне – гэта я, таму гэта вельмі замінае ўладам. Я чалавек актыўны, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Я была дэпутатам гарадскога Савета, я была журналістам у рэгіянальнай газеце, таму людзі да мяне звярталіся, і яны па звычцы звяртаюцца і цяпер. Я стараюся ім дапамагаць і па магчымасці адказваць на іх пытанні, агучваць іх праблемы, яны пра гэта самі просяць. Бываюць такія цяжкія сітуацыі, калі людзі кажуць: “Мы вас просім агучыць, бо калі гэта не будзе агучана, то мы прападзем”. Я сёння таксама казала, што людзі звяртаюцца да мяне па звычцы, я не магу людзям не дапамагаць. Дык за што ж судзіць? За дабро выходзіць у нашай краіне судзяць?

РР: Якія вашыя далейшыя дзеянні? Ці збіраецеся абскарджваць гэтае рашэнне?

Тамара Шчапёткіна: Адназначна, бо я не пагаджаюся з абвінавачваннем. Я сёння сказала ў судзе пра гэта, я буду ў вышэйшых інстанцыях абскарджваць. Калі гэтае рашэнне будзе не на маю карысць, то я звярнуся ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый – у Камітэт па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Не можа так доўга працягвацца, што краіна ў цэнтры Еўропы будзе такой драмучай, такой адсталай – гэтага не можа быць. Я сёння сказала ў судзе, што ваша рашэнне будзе вынесена і гэтае рашэнне будзе паказчыкам – мы еўрапейская краіна, ці мы драмучая краіна і жывем пры дыктатуры. Выйшла, што мы жывем пры дыктатуры, мы несвабодныя.

Радыё Рацыя

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства