Васіль Парфянкоў: У жылой зоне калоніі я правёў толькі 29 дзён

2014 2014-12-16T12:18:56+0300 2014-12-16T14:26:22+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/parfiankou-8.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Васіль Парфянкоў пасля вызвалення з Горацкай калоніі, Фота "Новы час".

Васіль Парфянкоў пасля вызвалення з Горацкай калоніі, Фота "Новы час".

Былы палітвязень Васіль Парфянкоў, які вызваліўся пасля адбыцця пакарання з папраўчай калоніі №9 ў Горках, распавёў пра некаторыя ўмовы ўтрымання ў калоніі і аб усталяванні над ім прэвентыўнага нагляду тэрмінам на 1 год.

Пад час знаходжання ў калоніі Васілю Парфянкову было вынесена 39 спагнанняў за розныя парушэнні рэжыму і перад вызваленнем, 11 лістапада, у калоніі адбыўся выязны суд, на якім разглядаліся адразу каля 40-ка падобных спраў. Звычайна, на адну справу сыходзіла 2-4 хвіліны: чалавека запрашаюць у кабінет, усталёўваюць асобу, затым суддзя зачытвае спіс парушэнняў і абвяшчае прысуд.

На пытанне, ці  можна у калоніі абскардзіць накладзеныя спагнанні, былы палітвязень патлумачыў, што тэарэтычна гэта зрабіць можна, аднак, паколькі хадайніцтвы, скаргі, разглядае той самы чалавек, які выносіў спагнанне, дык плёну з таго небагата.  Начальнік калоніі перадае зняволенаму стандартную адпіску, што пакаранне вынесена цалкам законна.  Можна напісаць і ў пракуратуру, альбо ў Дэпартамент выканання пакаранняў, аднак такія скаргі вельмі рэдка трапляюць за сцены калоніі.

У горацкай калоніі зняволеныя маюць магчымасць працаваць: ёсць швейная і дрэваапрацоўчая вытворчасць, металаапрацоўка.

“Сам я, - распавядае Васіль Парфянкоў, - за ўвесь час усяго дзён 5 выходзіў на працу, ды і ў жылой зоне правёў усяго 29 дзён, затым мяне змясцілі ў  ПКТ (памяшканне камернага тыпу), потым, неаднаразова ў штрафны ізалятар, аднак ведаю, што на “швейцы”, напрыклад, на асабовы рахунак пералічвалі па 60 тысячаў рублёў у месяц. На адзіную атаварку, калі быў у ПКТ, была магчымасць браць нешта ў краме на 300 тысяч рублёў. Што набываў? Звычайна нейкія фрукты, яблыкі, апельсіны. Былі ў краме і кілбасы, і сыр. А ўвогуле харчаванне у Горках было не зусім кепскім, трапляліся, як кажуць, у кашы і кавалачкі мяса”.

Вядома, што Парфянкоў быў пазбаўлены спатканняў і перадач ад сваякоў. У калоніі ж нармальна харчавацца магчыма толькі, калі ёсць перадачы.

Стан медычнага абслугоўвання ў калоніі ў Горках Парфянкоў называе вельмі дрэнным. Лекі практычна адсутнічаюць. “Калі ў мяне пачалася бяссонне, - кажа ён, - і быў такі псіхічны стан, што я ўвогуле не мог заснуць уначы, дык мне лекары прапанавалі выпіць валяр’янкі і далі нейкую пігулку, што не вырашыла праблемы, а калі я часам засынаў днём, дык атрымліваў чарговае спагнанне. ВІЧ-інфікаваным зняволеным, патрэбныя адмысловыя лекі, якія выдзяляе, здаецца, Чырвоны крыж, але іх запатрабаваць вельмі складана. А вось хворых на сухоты трымаюць асобна і ПКТ, і ў камерах, якіх было нават некалькі.

Штрафны ізалятар, альбо карцар у Горках, у якім Парфянкоў правёў не адзін месяц свайго тэрміну, уяўляе сабой звычайную камеру на 8 месцаў з драўлянай падлогай, нары на дзень прымацоўваюцца да сценаў. Тут удзень ляжаць забаронена. Ёсць лаўка, на якую можна прысесці ды стол. У халодны час камера ацяплялася, але пад раніцу было халодна.

Улетку 2012 году Васіль Парфянкоў асуджаны на 6 месяцаў знаходжання ў арыштным доме за парушэнне правілаў адбыцця хатняга прафілактычнага нагляду, які быў накладзены на яго за ўдзел у 2011 годзе ў акцыях салідарнасці з палітвязнямі. Быў узяты пад варту 5 снежня 2013 г. падчас агучвання прысуду па арт.421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“невыкананне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду”). Асуджаны да года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international