Удзельнікі віцебскай фотасесіі "з клеткамі і птушкамі" абскарджваюць пастановы райсуда

2014 2014-12-15T22:07:27+0300 2014-12-15T22:07:27+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Шасцёра жыхароў Віцебска, прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні за фотасесію на фоне гарадскога графіці, просяць абласны суд адмяніць прысуджаныя ім пакаранні. І ўвогуле спыніць справы, распачатыя праз адсутнасць дазволу ўладаў на фотаздымкі ў грамадскім месцы.

Пяцёра журналістаў і грамадскіх актывістаў, аштрафаваных за фотасесію як за "несанкцыянаванае пікетаванне", а таксама жыхар Віцебска Пётр Бярлінаў – выпадковы мінак, асуджаны за ўдзел у флотасесіі на трое сутак арышту, падалі касацыйныя скаргі ў абласны суд.

Праваабаронца Павел Левінаў, які дапамагаў у складанні скаргаў, лічыць гэты крок неабходным:

"Калі не прадпрыняць спробу абскардзіць пастанову райсуда, гэта аўтаматычна азначае, што ўдзельнікі фотасесіі прызнаюць сваю віну ў парушэнні заканадаўства. А з гэтым ніводзін з удзельнікаў не згодны, бо фотасесія – ніяк не "масавае мерапрыемства". Журналістаў і актывістаў абвінавацілі менавіта ў гэтым – у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах – яны, маўляў, не падавалі заяўку на фатаграфаванне ў раённую адміністрацыю. Атрымліваецца парадаксальная сітуацыя, якой няма ні ў адным іншым беларускім горадзе: аказваецца, ў Віцебску забаронена фатаграфавацца без дазволу раённых уладаў. Але ў такім выпадку ў правапарушальнікі трэба запісваць кожнага, хто здымецца на віцебскай вуліцы – падчас вяселля, экскурсіі або проста з жадання пакінуць фота на памяць. У касацыйных скаргах удзельнікі фотасесіі падкрэсліваюць, што яны ўсяго толькі фотаграфаваліся. І іхныя дзеянні не стваралі праблемаў для нацыянальнай бяспекі, не заміналі грамадскаму парадку, не пагражалі здароўю або маральнасці грамадства, не парушалі правы і свабоды іншых грамадзянаў".

Даты разгляду касацыйных скаргаў у абласным судзе пакуль не прызначаны. Што да самога Паўла Левінава, то разгляд ягонай справы ў Чыгуначным райсудзе яшчэ не завершаны. Суддзя Алена Цыганкова перанесла працэс над праваабаронцам на 17 снежня, ён распачнецца ў 9.00.

Нагадаем, прадметам судовага разбіральніцтва стала фотасесія на фоне будынка з графіці – малюнка клетак, з якіх вылятаюць на волю птушкі. Удзельнікі фотасесіі вырашылі працягнуць ідэю невядомага мастака – сфатаграфавацца побач з гэтым будынкам, таксама трымаючы ў руках папяровыя клеткі і птушак-арыгамі, зробленыя з газеты. Начальнік аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёна Аляксандр Рыбакоў, складаючы пратаколы правапарушэння, напісаў у іх, што гэта было "несанкцыянаванае пікетаванне". Ён абвінаваціў удзельнікаў фотасесіі ў тым, што яны "выказвалі асабістыя і грамадскія інтарэсы" без дазволу ўладаў. Пры гэтым прызнаў, што матэрыялы на ўдзельнікаў фотасесіі атрымаў з абласнога ўпраўлення міліцыі. Іх даслаў для разбіральніцтва намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Аляксандр Каліноўскі, заўважыўшы "у ходзе маніторынга сеткі інтэрнэт" фотаздымкі на некаторых сайтах. На ягоную думку, дзеянні людзей на здымках маюць "прыкметы правапарушэння".

Чыгуначны райсуд Віцебска прысудзіў грашовыя штрафы журналістам Алене Сцяпанавай (суддзя Дзяніс Губанаў) , Зміцеру Казакевічу і Кастусю Мардзвінцаву (суддзя Алена Цыганкова), а таксама грамадскім актывісткам Алене Шабуні (суддзя Дзяніс Губанаў) і Тацяне Севярынец (суддзя Алена Цыганкова). Прычым каардынатарцы аргкамітэту па стварэнні партыі БХД спадарыні Севярынец прысуджаны штраф, найбольшы за астатнія – 25 базавых велічынь). Пятра Бярлінава, які далучыўся да фотасесіі з незнаёмымі яму на той момант людзьмі, асудзілі на трое сутак арышту (суддзя Алена Цыганкова). Прычым яго затрымалі проста на вуліцы праз колькі дзён пасля фотасесіі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён і прабыў да самага суда – якраз трое сутак, прысуджаных яму пазней нібыта з ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international