viasna on patreon

Салігорскія ўлады з рашэння, якое абмяжоўвае свабоду мірных сходаў, зрабілі таямніцу

2014 2014-12-11T10:50:55+0300 2014-12-11T10:50:55+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/svab-shod.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спроба салігорскіх праваабаронцаў атрымаць ад мясцовых уладаў копію рашэння, што абмяжоўвае права грамадзян на свабоду мірных сходаў, не мела поспеху.  

На падставе рашэння Салігорскага райвыканкаму ад 07.10.2004г. №700 “Аб мерах па папярэджанні надзвычайных здарэнняў і захаванні законнасці пры правядзенні масавых мерапрыемстваў” мясцовым праваабаронцам было адмоўлена ў правядзенні пікета да міжнароднага Дня правоў чалавека.

Пра сваю спробу азнаёміцца з тэкстам згаданага ў забароне выканкамаўскага рашэння дзесяцігадовай даўніны распавядае прадстаўнік Беларускага Хельсінскага Камітэту ў салігорскім рэгіёне Леанід Мархотка:

- Забарону праваабарончага пікету галоўны ідэолаг Салігорскага райвыканкаму Мікалай Маскевіч абргунтаваў рашэннем выканкаму, якога, відаць, і сам у вочы не бачыў. Падчас нашай з ім учорашняй тэлефоннай размовы аб атрыманні копіі гэтага дакумента спадар Маскевіч усяляк імкнуўся ўхіліцца ад прадстаўлення мне гэтай паперчыны.

Выдаць копію дакумента галоўны ідэолаг пабаяцаўся праз некалькі дзён. На аргумент праваабаронцы аб тым, што копія робіцца за дзесяць секунд, Мікалай Маскевіч заявіў, што столькі часу патрэбна, каб знайсці дакумент у архіве.

- Безумоўна, на пошук дакумента ад 2004 года патрэбны нейкі час. Вось толькі ўзнікае пытанне аб тым, як рыхтаваўся адказ на нашу заяву на правядзенне пікету. Не думаю, што тэкст таго выканкамаўскага рашэння спадар Маскевіч ведае напамяць, - іранізуе Леанід Мархотка. - Урэшце чыноўнік пагадзіўся выдаць мне копію, але калі я прыйшоў у выканкам, дык сітуацыя змянілася. Ідэолаг паматляў падрыхтаванай паперчынай ды прапанаваў зачытаць мне дакумент ўслых, а выдаць яе копію катэгарычна адмовіўся. Але чытаць я і сам умею, а прыходзіў за абяцанай копіяй дакумента.

Такія неадэкватныя дзеянні галоўнага ідэолага, які з публічнага рашэння Салігорскага выканкаму зрабіў дзяржаўную таямніцу, праваабаронца збіраецца абскардзіць у пракуратуры. Забарону ж пікету спадар Мархотка бліжэйшым часам абскардзіць у судзе, дзе таксама паспрабуе дамагчыся азнаямлення з таямнічым выканкамаўскім рашэнням.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства