Прысуд за наўмыснае зьбіцьцё гея будзе перагледжаны

2014 2014-12-10T10:16:28+0300 2014-12-10T10:16:28+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pishcheuski.jpg
Міхаіл Пішчэўскі. Фота Радыё Свабода.

Міхаіл Пішчэўскі. Фота Радыё Свабода.

Цэнтральны суд Менску асудзіў на 2 гады і 8 месяцаў менчука Л., які ў траўні каля аднаго з закрытых клюбаў Менска моцна ўдарыў наведніка Міхаіла Пішчэўскага

9 сьнежня ў Менскім гарсудзе разглядалася касацыйная скарга маці пацярпелага, паведаміла праваабаронца Тацяна Равяка.

Паводле праваабаронцы, падчас разгляду скаргі пракурор прасіла судзейскую калегію павялічыць тэрмін пакараньня Дзьмітрыю Лукашэвічу да сямі гадоў пазбаўленьня волі, у той час як маці Пішчэўскага і адвакат — перагледзець справу. У выніку калегія Менгарсуда пагадзілася з довадамі пацярпелага боку і адправіла справу на новы разгляд.

16 кастрычніка судом першай інстанцыі Лукашэвіч быў асуджаны на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў Міхаілу Пішчэўскаму.

Паводле Тацяны Раявкі, аўтары скаргі патрабуюць улічыць таксама матыў нянавісьці да канкрэтнай сацыяльнай групы (ЛГБТ), хаця ў пракурора такога патрабаваньня няма.

«Сам Міхаіл трымаецца, часам прыходзіць у прытомнасьць, да гэтага часу ён у бальніцы. Паводле слоў сваякоў, каб не публікацыі і грамадзкая ўвага, то яго даўно б выпісалі. Але ён у вельмі цяжкім стане, хаця пачынае рэагаваць на сваякоў. І тут пытаньне ня толькі справядлівага прапарцыйнага прысуду. Можа, знойдуцца людзі, якія змогуць ахвяраваць на лекаваньне Міхаіла», — сказала карэспандэнту Свабоды Тацяна Равяка.

Абвінавачанага Дзьмітрыя Лукашэвіча сёньня ў суд не дастаўлялі.

Сёньняшняе рашэньне калегіі гарсуда сьведчыць пра тое, што разгляд справы судом першай інстанцыі быў даволі павярхоўным, адзначыў БелаПАН юрыст Павал Сапелка.

«Злачынствы на глебе нянавісьці небясьпечныя самі па сабе, таму што яны даюць сыгнал сябрам той ці іншай сацыяльнай групы або нацыянальнасьці аб тым, што яны знаходзяцца ў небясьпецы. Вельмі важна, каб гэтыя злачынствы былі дасканала расьсьледаваныя і ім была дадзена адэкватная ацэнка з боку дзяржавы, у тым ліку праваахоўных органаў. У гэтым выпадку прыналежнасьць пацярпелага да пэўнай сацыяльнай групы не зьяўляецца квалiфiкуючай прыкметай — у Беларусі такая прыкмета ўлічваецца судамі вельмі рэдка. Асобна караецца толькі распальваньне нацыянальнай варожасьці і злачынства па матывах нацыянальнай прыналежнасьці. У той час як учыненьне злачынства адносна прадстаўніка якой-небудзь сацыяльнай групы зьяўляецца акалічнасьцю, якая толькі абцяжарвае віну. Але і гэта не было ўлічана судом першай інстанцыі пры вынясеньні прысуду. Спадзяюся, гэта адбудзецца пры паўторным разглядзе», — сказаў Павал Сапелка.

Міхаіла Пішчэўскага моцна зьбілі на выхадзе зь менскага клюба, у якім праходзіла гей-вечарына. Наведвальнікаў, якія выходзілі з установы, пачалі абражаць маладыя людзі, якія знаходзіліся паблізу. Пішчэўскі сур’ёзна пацярпеў у бойцы, а нападнікі, сярод якіх Лукашэвіч, уцяклі і з аркі суседняга дома назіралі за прыездам хуткай дапамогі і міліцыі. Там хлопцаў заўважыў адзін з відавочцаў, які самастойна затрымаў Лукашэвіча і перадаў яго міліцыі.

Міхаіл трапіў у шпіталь у коме з траўмай галавы, з-за гематомы давялося выдаліць частку мозгу. Месяц хлопец быў у коме, потым яму палепшала, ён пачаў расплюшчваць вочы і самастойна дыхаць, але дагэтуль з ложка малады чалавек не падняўся.

Вынесены Цэнтральным судом Менску прысуд бацькі Міхаіла Пішчэўскага абскардзілі, бо палічылі яго занадта мяккім.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international