Рашэнне па пазову ідэолага да газеты “Вольны горад” будзе вынесена 8 снежня

2014 2014-12-06T09:05:23+0300 2014-12-06T09:05:23+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ус удзе Крычаўскага раёна 5 снежня працягваўся разгляд пазову аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай да незалежнай газеты “Вольны горад”, яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава, рэдактара Сяргея Няроўнага і журналіста Мікалая Гердзія.

Судовае пасяджэнне пачалося ў 14-30 і цягнулася крыху больш за гадзіну, працягваліся спрэчкі бакоў. Пазоўніца Марына Максімава па-ранейшаму сцвярджала, што ў публікацыі ў газеце “Вольны горад” “Не ў сваім крэсле?” яе назвалі жывёлінай і прычынілі абразу. Пазіцыю пазоўніцы цалкам падтрымліва яе адвакат Кацярына Гадунова.

Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны ў сваім выступе ў адказ выказаў здзіўленне, чаму калі сапраўды быццам бы ў матэрыяле была нейкая абраза для яе, Марына Максімава не патрабуе зараз абвяржэння яе, а настойвае толькі на грашовай кампенсацыі. Сяргей Няроўны зноў давёў да суда сваё перакананне, што ў надрукаваным у газеце “Вольны горад” артыкуле няма ніякай абразы для Марыны Максімавай. Прыказка ў артыкуле была дадзена, каб паказаць, што чалавек не разбіраецца ў сваёй працы і не адпавядае займаемай пасадзе.

Таксама Сяргей Няроўны задаў пытанне суддзі Алене Азаранка, чаму суд не вынес прыватнага вызначэння на адрас Крычаўскага райвыканкама, які да гэтага часу так і не прадаставіў у суд копіі Палажэння аб аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама, рэгламент яго працы, каб можна было ўбачыць, якія задачы выконвае гэты аддзел і што ўваходзіць у службовыя абавязкі яго начальніка.

Напрыканцы судовага пасяджэння выступіла памочнік пракурора Крычаўскага раёна Вольга Салтыкова, якая ў поўным аб’ёме падтрымала пазоў Марыны Максімавай аб спагнанні з адказчыкаў кампенсацыі за нанесеныя ёй маральныя страты ў памеры 10 000 000 рублёў, аплачанай ёй дзяржпошліны ў памеры 450 000 рублёў і выдаткаў, звязаных з удзелам яе прадстаўніка ў судзе ў памеры 4 900 000 рублёў.

Суддзя Алена Азаранка абвясціла, што сваё рашэнне па пазову Марыны Максімавай да газеты “Вольны горад” суд Крычаўскага раёна вынесе ў панядзелак 8 снежня ў 9-20.

Па словах рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, журналісты газеты лічаць, што пры разглядзе справы суд стаяў больш на баку пазоўніцы – многія хадайніцтвы адказчыкаў не задавальняліся, у той час як усе хадайніцтвы Марыні Максімавай былі задаволены.

Таксама Сяргей Няроўны паведаміў, што ўжо ў бліжэйшы час прадстаўнікі “Вольнага горада” перададуць супрацоўнікам АБЭЗ інфармацыю аб парушэннях, дапушчаных Марынай Максімавай падчас працы на пасадзе начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама, якую прадаставілі ім чытачы газеты. Згодна інфармацыі журналістаў “Вольнага горада”, супрацоўнікі мясцовага АБЭЗ зацікавіліся дзейнасцю начальніка ідэалагічнага аддзела і зараз праводзяць адпаведную праверку ў адносінах да Марыны Максімавай.

Нагадаем, што ў сваім пешапачатковым пазове Марына Максімава прасіла суд Крычаўскага раёна абавязаць друкаванае выданне “Вольны горад” абвергнуць звесткі, якія ганьбяць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а менавіта тое, што яна ў ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах, шляхам друку абвяргаючага артыкула. Таксама начальнік ідэалагічнага аддзела прасіла спагнаць з адказчыкаў нанесеныя ёй маральныя страты ў памеры 10 000 000 рублёў і дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў, якую яна аплаціла. Марына Максімава сцвярджала, што публікацыя “Не ў сваім крэсле?” прынесла ёй маральныя пакуты, яна схуднела на чатыры кілаграмы, вымушана была звяртацца ў бальніцу і прымаць лекі, бо у яе падвысіўся ціск.

Пазней начальнік ідэалагічнага аддзела ўдакладніла свой пазоў. Марына Максімава ўжо не патрабуе публікацыі абвяргаючага артыкула ў газеце “Вольны горад”, а хоча толькі атрымаць з “Вольнага горада” і журналістаў грошы за маральныя страты, дзяржпошліну і аплату паслуг яе адваката.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international