viasna on patreon

Правілы выжывання палітвязня Кукабакі

2014 2014-12-03T12:59:25+0300 2014-12-03T13:01:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kukabaka-tut-2014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вядомы беларускі дысідэнт 3 снежня адзначае 78-мы дзень народзінаў. Ніводная ўзгадка пра яго ў медыя не абыходзіцца без біяграфічнага радка: “У савецкі час каля 17 гадоў правёў у псіхбальніцах, турмах і лагерах”. І, на жаль, гэта не журналісцкі штамп. На долю Міхася Ігнатавіча выпалі чатыры палітычныя судзімасці за “антысаветчыну”. І, як ён сам любіць часам заўважыць, прайшоўшы тры псіхушкі, сем лагераў, турму і звыш дваццаці перасылак, змог захаваць галаву без аніводнага шнара ці драпіны, а паўсюль была патэнцыйная небяспека… 

Як у жахлівых турэмна-лагерных умовах чалавеку ўдалося зберагчы сябе? 

Міхась Кукабака распавёў сайту “Вясны” пра свае правілы выжывання. 

Заўжды надаваў галоснасць самаўпраўнасць турэмнага начальства. Скарыстоўваў усе магчымыя метады - законныя ці незаконныя з іх пункту гледжання - для перадачы на свабоду інфармацыі аб розных парушэннях з боку адміністрацыі. Гэта вельмі важна. Бо любы прадстаўнік адміністрацыі, як і любы кіраўнік дзяржавы, дбае пра свой імідж, хоча, каб яго паважалі.

Трымаўся, па магчымасці, годна. У стасунках з адміністрацыяй, лічу, заўсёды трэба ўлічваць псіхалогію асобнага чалавека, ні пры якіх абставінах нельга нікога абражаць. Максімальная вытрымка і годнасць. Адказваць - годна, абараняючы сваю пазіцыю, але не правакаваць. Таму што зэк безабаронны, а прадстаўнік адміністрацыі можа беспакарана пераступіць закон - збіць цябе, па сваёй волі лішні раз змясціць у карцар, што вельмі падрывае здароўе.

Да галадовак пратэсту не звяртаўся. Лічу, што не варта рызыкаваць сваім жыццём. У турме трэба прыкладаць максімальныя намаганні для таго, каб захаваць сваё здароўе, каб выжыць. Галадоўка, як правіла, не дае выніку, чалавек толькі скарачае сваё жыццё і час сваёй актыўнай дзейнасці. Бо сапраўдная дзейнасць - яна на волі. І ёсць розныя таму прыклады. У часы Тэтчэр людзі, галадаючы, адзін за адным сыходзілі ў іншы свет і нічога не дамагліся [Сумнавядомая Ірландская галадоўка 1981 - рэд.]. У брэжнеўскія часы, у мой час, людзі галадалі, падрываючы здароўе, і нічога не дамагліся. Да прыкладу, трагічная гісторыя таго ж Анатоля Марчанкі [Вядомы савецкі дысідэнт і палітвязень, які ў 1986 г. галадаў у лагерах 117 дзён з патрабаваннем вызваліць усіх палітвязняў у СССР. Яго смерць мела шырокі рэзананс у СССР і ў замежжы. Па адной з версій, рэакцыя на яго смерць падштурхнула М. Гарбачова пачаць вызваленне палітвязняў - рэд.]. Потым ужо казалі, што дзякуючы яму сталі кагосьці вызваляць - гэта ўсё міфы. Такая была палітыка Гарбачова - рана ці позна ўсіх вызваліць, таму што перабудова прадугледжвала змены ў палітычнай сістэме.

У выпадках ціску ішоў да апошняга. Усімі даступнымі спосабамі супрацьстаяў ціску з боку адміністрацыі - пісаў скаргі, выклікаў пракурора і да т.п. Будзеш трываць - будзеш тым самым заахвочваць такія дзеянні адміністрацыі. Неяк падлічыў, што, калі сядзеў у бабруйскім ізалятары, за восем месяцаў прыкладна кожныя тры дні ў мяне была скарга. І рана ці позна нейкі эфект ад гэтага будзе. У рэшце рэшт, паміж імі таксама ёсць канкурэнцыя за пасаду, напрыклад, хтосьці камусьці не падабаецца, і на гэтым можна згуляць.

Без пагарды ставіўся да іншых зняволеных. У бытавой зоне адміністрацыі з мэтай ціску спрабавалі выкарыстаць сваіх «давераных», але ж лагер заўсёды складаецца з розных людзей. І тут ужо шмат залежала ад умення ладзіць з імі. Якім бы ты ні быў - высокаадукаваным, паліглотам, фізікам, лірыкам або кімсьці яшчэ - не трэба праяўляць пагарду, панства да іншых. Гэта вельмі адчуваецца і балюча ўспрымаецца імі - на шкоду табе. Тут трэба быць паблажлівым да чужых недахопаў, упэўненым у сабе і трымацца на роўных.

Не адмаўляў у дапамозе іншым вязням. Лічу, што не варта спецыяльна прыкладаць намаганні, каб займець аўтарытэт сярод вязняў. Ён заваёўваецца інакш. Скажам, ёсць непісьменныя зняволеныя, якія не ведаюць, як скласці скаргу. Звяртаюцца - заўсёды ідзі насустрач, дапамажы, дай параду ненавязліва. І гэтая дапамога - ні кулакі, ні лаянка - вельмі падвышае твой аўтарытэт. Сама сабою паўстане абарона ад усялякіх правакатараў. У мяне такія моманты былі, да мяне часта звярталіся, і я нават стараўся неяк прынізіць свае магчымасці, бо я ж не юрыст. Але ў меру сваіх магчымасцяў ніколі нікому не адмаўляў. І неяк карыстаўся павагай, нягледзячы на тое, што не прызнаваў усялякіх іх законаў, палемізаваў.

Заўжды разлічваў на горшае. Гэта такая псіхалагічная перастрахоўка. Я ніколі не прымяншаў магчымыя наступствы сваёй дзейнасці.

Салідарнасці ў турэмных сценах не адчуваў, але яе значэння не прымяншаю. Лічу, што застаўся жывым і досыць здаровым менавіта дзякуючы таму, што на волі было шмат людзей і арганізацый, якія так ці інакш назалялі ўладзе наконт мяне. Такі пастаянны націск на ўладу замінае ёй залішне праяўляць самаўпраўнасць. Таму, паўтару, вельмі важна з месцаў зняволення, нават калі цябе за гэта караюць, перадаваць інфармацыю на волю... Знаходзячыся ў зоне, я зусім не ведаў пра тыя кампаніі, якія праводзіліся ў маю падтрымку. А апекаваліся мною тры групы Amnesty International - дацкая, ангельская і аўстрыйская. Лісты да мяне не даходзілі. Праўда, быў выпадак, калі літаральна за тыдзень да сканчэння тэрміну мне прыйшла паштовачка з Даніі - адзіная за ўсю маю лагерную эпапею, і тое таму, што тады яшчэ вагаліся - выпускаць мяне ці не. Але праз тыдзень далі новы тэрмін...

Не пісаў прашэнне пра памілаванне. На мяне ўвесь час ціснулі з тым, каб я папрасіў пра памілаванне. Я быў абсалютна перакананы, што мяне судзілі незаконна з пункту гледжання міжнародных прававых нормаў. Умова памілавання прапануе прызнанне сваёй віны. І навошта я буду звяртацца з просьбамі - прабачце, маўляў, вінаваты? Па-першае, я абгаварыў бы самога сябе, па-другое, падвёў бы ўсіх людзей, якія мне верылі і спрабавалі дапамагчы. Таму, калі пры вызваленні я ў паперах прачытаў «памілаванне», для мяне гэта было абразай.

З аптымізмам глядзеў у будучыню. Патрапіў у турму - жыццё спынілася? Ды не, вядома ж. Чалавек хоча жыць, дзейнічаць, быць карысным людзям. Усялякім турмам, кратам, тэрмінам ўсё-ткі прыходзіць канец... Трэба верыць. Хоць, зноў-такі для псіхалагічнай самаабароны, пераконваў сябе - маўляў, добра, няхай усё жыццё прасяджу, але вы мяне не зламаеце. Нават гэты элемент барацьбы надаваў упэўненасці ў сваіх сілах і аптымізму.

Глядзіце поўную версію першага дакументальнага фільма пра Міхася Кукабаку "Дысідэнт", створанага па ініцыятыве ПЦ "Вясна".

Правілы выжывання палітвязня Кукабакі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства