Віцебск: чарговыя штрафы за фотаздымкі "з птушкамі і клеткамі"

2014 2014-12-01T15:38:33+0300 2014-12-01T15:38:33+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-grafici.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Чыгуначнага раёна Віцебска ідуць працэсы над удзельнікамі фотасесіі на фоне графіці, намаляванага невядомым мастаком. На малюнку – птушкі, зробленыя з газеты, якія вылятаюць з клетак. У міліцыі фотасесію кваліфікавалі як "несанкцыянаванае пікетаванне".

Суд цалкам падтрымлівае меркаванне міліцыі. Ніводнаму з тых, на каго каго быў складзены пратакол пра правапарушэнне, не ўдалося пераканаць суд, што яны проста фатаграфаваліся, а не вылучалі нейкіх патрабаванняў.

Судовыя працэсы ў Чыгуначным райсудзе Віцебску праходзілі 28 лістапада і 1 снежня. Суддзя Дзяніс Губанаў прысудзіў штрафы журналістцы Алене Сцяпанавай (20 базавых велічыняў) і актывістцы аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Алене Шабуні (18 базавых велічынь). Прычым спадарыню Шабуню суд "пашкадаваў" – зменшыў штраф з тае нагоды, што яна маці траіх дзяцей, і з іх двое няпоўнагадовых. Суддзя Алена Цыганкова прысудзіла штраф журналісту Зміцеру Казакевічу (20 базавых велічынь), Кастусю Мардзвінцаву (20 базавых велічынь) і каардынатарцы аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Тацяне Севярынец (25 базавых велічынь).

Суды над двума апошнімі ўдзельнікамі фотасесіі прайшлі 1 снежня і выклікалі абурэнне ва ўсіх прысутных. Спачатку суддзя Алена Цыганкова вырашыла праводзіць працэс у закрытым рэжыме – у сваім уласным кабінеце, без тых, хто прыйшоў падтрымаць Кастуся Мардзвінцава. Нехта з прысутных тут жа звярнуўся да старшыні суду, яна мусіла ўмяшацца, і суддзя ўпусціла ў кабінет 5 "гледачоў" – роўна столькі, колькі колькі было вольных крэслаў. Прынесці дадатковыя яна не дазволіла.

Спадарыня Цыганкова не задаволіла хадайніцтвы Кастуся Мардзвінцава, каб працэс праводзіўся на беларускай мове або каб быў запрошаны перакладчык. Суддзя заявіла, што Мардзвінцаў у дастатковай ступені валодае рускай мовай, каб зразумець пытанні суду і прадстаўніка міліцыі.

Адвод суддзі таксама не быў задаволены – а гэтага патрабавалі і Кастусь Мардзвінцаў, і Тацяна Севярынец, убачыўшы яўна негатыўнае стаўленне Алены Цыганковай да ўсіх прысутных. Кастусь Мардзвінцаў апеляваў да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і да міжнародных прававых дакументаў, якія гарантуюць грамадзянам Беларусі свабоду выказвання сваіх меркаванняў:

"Нават калі б мы не проста фатаграфаваліся з папяровымі птушкамі ў руках, а выйшлі б з плакатамі і транспарантамі – на гэта мы таксама маем права! Але ж мы толькі зрабілі некалькі фотаздымкаў на фоне графіці, якое падабаецца многім жыхарам горада. Маёр міліцыі Аляксандр Рыбакоў і ягонае начальства з абласнога міліцэйскага ўпраўлення ўбачыла ў гэтым крамолу"…

Пратаколы на ўдзельнікаў фотасесіі складаў начальнік аддзела аховы прафілактыкі і правапарадку міліцыі Чыгуначнага раёну Аляксандр Рыбакоў. Паводле ягоных словаў, "інтарэс" да фотаздымкаў быў праяўлены ў абласным упраўленні міліцыі: маўляў, падчас маніторынгу інтэрнэт-сайтаў была выяўлена група асоб, дзеянні якіх маюць прыкметы правапарушэння. У Чыгуначны РАУС быў дасланы рапарт, пад якім стаіць подпіс начальніка аддзела прафілактыкі правапарушэнняў міліцыі грамадскай бяспекі МУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Каліноўскага. Многія віцебскія актывісты памятаюць яго яшчэ ў час працы ў Кастрычніцкім РАУС: ён быў ініцыятарам многіх судовых працэсаў супраць актывістаў. Але да абвінавачанняў на падставе фотаздымкаў тады яшчэ не даходзіла.

На гутарку ў райаддзел міліцыі быў выкліканы і праваабаронца Павел Левінаў, але пратакол на яго пакуль не складзены - ён заявіў, што будзе заключаць дамову з абаронцам, і таму ягоны візіт у міліцыю да маёра Рыбакова перанесены. Пратакол правапарушэння склалі і на жыхара Віцебску Пятра Берлінава – шэраговага мінака, які далучыўся да фотэсесіі. 1 снежня яго таксама выклікалі ў суд, але працэс перанеслі на 3 снежня: спадар Берлінаў хадайнічаў, каб яму таксама далі часу на заключэнне дамовы з адвакатам.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international