viasna on patreon

Гродна: яшчэ чатыры аштрафаваныя за прысутнасць у Свіслачы на Дні памяці

2014 2014-11-25T23:45:30+0300 2014-11-26T11:51:32+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/karnevich-i-khilmanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Хільмановіч (справа) і Міхаіл Карневіч (злева)

Уладзімір Хільмановіч (справа) і Міхаіл Карневіч (злева)

   25 лістапада ў Гродна прайшлі адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да чатырох чалавек, якія прысутнічалі ў Свіслачы 26 кастрычніка на традыцыйным Дні памяці паўстанцаў 1863 году. Суддзя Алена Пятрова па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве аштрафавала публіцыста і праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча і актывіста партыі АГП Ежы Грыгенчу на 35 базавых велічынь кожнага (што на сёння складае ў эквіваленце 5 мільёнаў 250 тысяч беларускіх рублёў), а журналіста Радыё Свабода Міхаіла Карневіча і актывіста партыі АГП Віталя Лопасава на 15 базавых велічынь кожнага (па 2 мільёны 250 тысяч).

   Фактычна ўсе былі асуджаныя на падставе таго, што яны прысутнічалі ў Свіслачы ў гэты дзень, у матэрыялах спраў і ў паказаннях сведкаў – свіслацкіх міліцыянтаў -- не знайшлося нічога, што пацвердзіла б здзяйсненне пералічанымі асобамі нейкага правапарушэння. Аднак на пастановы суддзі Алены Пятровай гэта не паўплывала. Асабліва недарэчна выглядала рашэнне па адміністрацыйнай справе ў дачыненні да акрэдытаванага журналіста Міхаіла Карневіча, які выконваў у той дзень свае прафесійныя абавязкі. Суддзя перад абвяшчэннем рашэння па яго справе нават зрабіла перапынак, магчыма, для кансультацый са сваім начальствам, аднак апраўдальнай пастановы не паследавала.

   Сітуацыю каментуе адзін з асуджаных Уладзімір Хільмановіч: “Суддзя па-сутнасці так і не змагла сфармуляваць, што ж канкрэтна парушыў кожны з нас: і прагляд відэа, і паказанні сведак фактычна былі на нашу карысць. Усе гэтыя адміністрацыйныя справы з юрыдычнага гледзішча проста бессэнсоўныя. Па-сутнасці, іх можна і трэба разглядаць толькі як форму палітычнага пераследу грамадзян за іх погляды, а рашэнне па справе Міхаіла Карневіча – гэта яшчэ і фактычная забарона на прафесію. З такім жа поспехам суддзя Пятрова магла аштрафаваць і тых міліцыянтаў, якія прысутнічалі ў той дзень у Свіслачы на Дні памяці паўстанцаў”.

   Раней за ўдзел у Дні памяці ў Свіслачы быў аштрафаваны свіслацкі грамадскі актывіст Юрый Глебік. Выкліку ў суд па адміністрацыйных справах чакаюць яшчэ 10 чалавек з розных гарадоў Беларусі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства