viasna on patreon

Крычаў: супрацьстаянне мясцовага ідэолага і газеты “Вольны горад” працягваецца ў судзе

2014 2014-11-24T23:05:00+0300 2014-11-25T00:06:35+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Крычаўскага раёна 24 лістапада працягнуўся разгляд пазову аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай да незалежнай газеты “Вольны горад”, яе выдаўца Уладзіміра Кудраўцава і рэдактара Сяргея Няроўнага.

На судовым пасяджэнні, якое пачалося са спазненнем з-за затрымкі адваката пазоўніцы Кацярыны Гадуновай і цягнулася больш за дзве гадзіны, аўтар публікацыі “Не ў сваім крэсле?” журналіст “Вольнага горада” Мікалай Гердзій выступіў з хадайніцтвам, каб у якасці сведкаў у суд Крычаўскага раёна былі выкліканы старшыня Крычаўскага райвыканкама Васілій Сысоеў, яго намесніца Жана Дзмітрыева і былы муж пазоўніцы Уладзімір Рыштакоў. Журналіст патлумачыў неабходнасць выкліку вышэйпералічаных людзей у якасці сведкаў тым, што менавіта яны могуць патлумачыць, чаму ўлады Крычаўскага раёна і дзяржаўная раёнка “Крычаўскае жыццё” замоўчвалі інфармацыю пра наступствы абвалу будынку актавага зала і сталовай мясцовай гімназіі і не інфармавалі насельніцтва аб дзеяннях уладаў па вырашэнню ўзніклых для школьнікаў і іх бацькоў праблем, а таксама распавесці больш падрабязна пра пазоўніцу Марыну Максімаву. Суддзя Алена Азаранка адмовіла ў задавальненні хадайніцтва журналіста.

Разам з тым суддзя задаволіла хадайніцтва рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага аб далучэнні да матэрыялаў справы заявы выдаўца газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава ў пракуратуру Крычаўскага раёна. У гэтай заяве, якая зарэгістравана ў пракуратуры 21 лістапада, Уладзімір Кудраўцаў просіць правесці праверку шматлікіх фактаў парушэння заканадаўства, якія дапусціла падчас сваёй працы начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марына Максімава.

Суддзя Алена Азаранка звярнула ўвагу пазоўніцы на тое, што да гэтага часу ў суд не прадстаўлены копія Палажэння аб аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама і рэгламенце яго працы, і запатрабавала, каб дакументы былі абавязкова прадастаўлены ў суд да пачатку наступнага судовага пасяджэння.

Журналісты “Вольнага горада” зноў давялі да суда сваё меркаванне, што ў публікацыі “Не ў сваім крэсле?” няма ніякай абразы для Марыны Максімавай як для асобы. Прыказка ў артыкуле была дадзена, каб паказаць, што чалавек не разбіраецца ў сваёй працы. Аддзел ідэалогіі райвыканкама і мясцовая раёнка “Крычаўскае жыццё” не надавалі практычна ніякай увагі наступствам абвалу будынку актавай залы і сталовай мясцовай гімназіі, хаця гэта тэма рэгулярна асвятлялася АНТ, БТ, Белта, “Советской Белоруссией” і іншымі дзяржаўнымі выданнямі.

Наступнае судовае пасяджэнне па разгляду пазову Марыны Максімавай да газеты “Вольны горад” адбудзецца ў 11-00 28 лістапада.

Нагадаем, што ў сваім пазове Марына Максімава просіць суд Крычаўскага раёна абавязаць друкаванае выданне “Вольны горад” абвергнуць звесткі, якія ганьбяць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а менавіта тое, што яна ў ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах, шляхам друку абвяргаючага артыкула. Таксама начальнік ідэалагічнага аддзела просіцьспагнаць з адказчыкаў нанесеныя ёй маральныя страты ў памеры 10 000 000 рублёў і дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў, якую яна аплаціла. Марына Максімава сцвярджае, што публікацыя “Не ў сваім крэсле?” прынесла ёй маральныя пакуты, яна схуднела на чатыры кілаграмы, вымушана была звяртацца ў бальніцу і прымаць лекі, бо у яе падвысіўся ціск.

Журналісты ж “Вольнага горада”між тым упэўненыя, што змешчаная ў “Вольным горадзе” інфармацыя ніякім чынам не можа ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю Марыны Максімавай, бо яна цалкам адпавядае сапраўднасці.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства