viasna on patreon

З'явілася надзея на аб'ектыўны суд у справе пра гібель Аляксандра Акуліча ў светлагорскім ІЧУ

2014 2014-11-24T14:24:41+0300 2014-11-24T14:25:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akulich-naliepki.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Налепкі пра смерць Аляксандра Акуліча ад рук міліцыі ў Светлагорску

Налепкі пра смерць Аляксандра Акуліча ад рук міліцыі ў Светлагорску

Суд Светлагорскага раёна адмяніў пастанову Светлагорскага РАСК аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Аляксандра Акуліча, які памёр у траўні 2012 года ў ІЧУ Светлагорскага РАУС, адбываючы адміністратыўны арышт. Суддзя пагадзілася з усімі довадамі скаргі маці загінулага і праваабаронцаў "Вясны".

Нагадаем, што справа атрымала новы паварот, калі намеснік старшыні Вярхоўнага суда, разгледзеўшы падрыхтаваную ПЦ "Вясна" наглядную скаргу, 22 верасня прынёс пратэст на прадмет адмены пастановы суда Светлагорскага раёна і накіравання справы на новы разгляд у гэты суд. У пачатку кастрычніка пратэст быў разгледжаны Прэзідыумам Гомельскага абласнога суда, які, задаволіўшы яго, накіраваў справу ў суд Светлагорскага раёна на новы разгляд.

Суддзя Ірына Алісейка, разгледзеўшы 24 кастрычніка скаргу маці загінулага Валянціны Акуліч на пастанову следчага Светлагорскага РАСК аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце смерці Аляксандра Акуліча, адмяніла дадзеную пастанову.

Варта адзначыць, што суддзя задаволіла скаргу Валянціны Аляксееўны па ўсіх падставах, названых праваабаронцамі пры яе падрыхтоўцы. У сваёй пастанове Ірына Алісейка ўказала тыя супярэчнасці, якія "маглі паўплываць на правільнасць рашэння, прынятага супрацоўнікамі Светлагорскага РАСК".

Па-першае, "па выніках дадатковай камісійнай судова-медыцынскай экспертызы ўстаноўлена іншая, чым пры правядзенні першапачатковых праверак, прычына смерці Акуліча А.А.". У пасведчанні аб смерці ўказваецца тромбаэмбалія лёгачнай артэрыі, а ў заключэнні эксперта №72 ад 29 красавіка 2013 года - хранічная алкагольная інтаксікацыя, якая ўскладнілася развіццём алкагольнага дэлірыя. Падкрэслім, што раней ні следства ні суд не ацанілі гэтага адрознення.

Па-другое, указваецца на супярэчнасці ў тлумачэннях супрацоўнікаў ІЧУ Сцешанкова Р.І. і Бачко А.А. наконт збіцця імі Аляксандра Акуліча. Суддзя заключае, што яны не былі падрабязна апытаныя. "Так, у ходзе праверкі не высветлена, колькі разоў і ў якія часткі цела імі наносіліся ўдары ПР-73 Акулічу А.А .; у чым выяўляўся аказанне Акулічам А.А. непадпарадкавання; чаму хуткая дапамога была выклікана не адразу, а праз пэўны прамежак часу. Кім наносіліся ўдары па галаве і тыльнай паверхні стопаў Акулічу А.А., механізм іх нанясення, неабходнасць нанясення дадзеных цялесных пашкоджанняў".

Пры гэтым суддзя, як раней і праваабаронцы, звяртае ўвагу на тое, што замест выкліку хуткай дапамогі супрацоўнікі ІЧУ збівалі адміністратыўна арыштаванага, які знаходзіўся ў хваравітым стане. "Істотныя абставіны засталіся нявысветленымі. Згодна з копіяй з журнала да Акуліча А.А. ўжываліся спецсродкі і фізічная сіла 26.05.2014 у 00.30 гадзін. Смерць Акуліча А.А. канстатавана фельчарам 26.05.2012 года ў 01.10 гадзін. Не дадзена ацэнка абгрунтаванасці прымянення да Акуліча А.А. фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў з 00.30 гадзін да выкліку хуткай дапамогі (да 01.05 гадзін), Акулічу А.А., які меў у гэтым патрэбу (Сцешанкоў Р.І. і Бачко А.А. бачылі хваравіты стан Акуліча А.А.)

У тлумачэннях супрацоўнікаў ІЧУ Сцешанкова Р.І. і Бачко А.А. ёсць супярэчнасці. У сваіх тлумачэннях указвалі, што да прыбыцця хуткай дапамогі аказвалі Акулічу А.А. першую медыцынскую дапамогу - штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца. Разам з тым, з тлумачэння Сталбавой А.А. пры прыбыцці хуткай дапамогі Акуліч А.А. ляжаў тварам уніз, пры гэтым правая рука яго была закінутая за спіну. Пры такім становішчы Акуліча А.А. штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца правесці немагчыма".

Акрамя таго, указваецца, што не былі апытаныя асобы, якія знаходзіліся ў адной камеры з Аляксандрам Акулічам і якія ўтрымліваліся ў той дзень у іншых камерах ІЧУ.

"Пры такіх дадзеных, высновы ў пастанове следчага аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ад 24 кастрычніка 2013 года па факце смерці Акуліча А.А. з'яўляюцца паспешлівымі і іх нельга прызнаць аргументаванымі, паколькі не былі ліквідаваныя дапушчаныя парушэнні, не забяспечана аб'ектыўнае даследаванне ўсіх доказаў, якія змяшчаюцца ў матэрыялах, не дадзеная належная ацэнка для прыняцця законнага і абгрунтаванага рашэння", - гаворыцца ў пастанове суддзі Ірыны Алісейка.

Асобна яна адзначае, што следчым органам не дадзеная ацэнка дзеянняў супрацоўнікаў ІЧУ Сцешанкова і Бачко на прадмет выканання імі патрабаванняў арт.23 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17.07.2007 года "Аб ораганах ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь", а менавіта - абавязкі па неадкладным аказанні медыцынскай і іншай неабходнай дапамогі, у дадзеным выпадку, асобе, якая знаходзiцца ў бездапаможным або небяспечным для жыцця або здароўя стане, а таксама патрабаванняў арт.26 - на прадмет правамернасці прымянення спецсродкаў і фізічнай сілы, а таксама прыняцця мераў па неадкладным аказанні медыцынскай дапамогі, якая відавочна была неабходная Аляксандру Акулічу.

Пастанова суда Светлагорскага раёна ўступіла ў законную сілу 4 лістапада 2014 г. Матэрыялы справы накіраваныя для правядзення дадатковай праверкі.

Праваабаронцы "Вясны" лічаць, што пастанова суддзі Ірыны Алісейка дае надзею на аб'ектыўны разгляд справы, але магчымасцяў для аб'ектыўнага расследавання становіцца ўсё менш. Паколькі з цягам часу падзеі пачынаюць забывацца, складаней адшукаць людзей, якія знаходзіліся ў ІЧУ у дзень смерці Аляксандра Акуліча і т.п.

Разам з тым, ні маці загінулага ні "Вясна" не збіраюцца спыняцца і маюць намер скарыстаць усе магчымыя механізмы - да звароту ў міжнародныя органы.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства