Магілёўскі абласны суд адмовіў Аляксандру Буракову ў задавальненні касацыйнай скаргі

2014 2014-11-21T14:29:08+0300 2014-11-21T14:29:08+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/burakou-aliaksandr.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20 лістапада у Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі незалежнага журналіста Аляксандра Буракова на пастанову суда Ленінскага раёна горада Магілёва аб пакаранні яго штрафам у памеры 40 базавых велічыняў за парушэнне заканадаўства аб СМІ (арт. 22. 9 ч. 2 КаАП РБ, “незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”).

Разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе цягнуўся амаль дзве гадзіны. Аляксандр Буракоў у сваім выступе падрабязна і абгрунтавана распавёў пра тое, чаму ён лічыць, што накладзенае на яго пакаранне павінна быць адмененае. У прыватнасці, незалежны журналіст акцэнтаваў увагу суддзі на тым, што ён сам асабіста, як фізічная асоба, ніяк не мог “вырабіць і распаўсюдзіць” змешчаны на інтэрнэт-сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропою контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?”.

У выніку разгляду касацыйнай скаргі суддзя Магілёўскага абласнога суда Міхаіл Мельнікаў прыняў рашэнне пакінуць пастанову суда Ленінскага раёна горада Магілёва без змены і скаргу Аляксандра Буракова без задавальнення. Таксама суддзя Мельнікаў паведаміў Аляксандру Буракову, што ім на працягу трох дней будзе падрыхтавана і пазней даслана праз пошту матывацыйная частка рашэння.

Аляксандр Буракоў кажа, што ён абавязкова будзе падаваць наглядную скаргу на рашэнне суда Ленінскага раёна горада Магілёва і Магілёўскага абласнога суда на імя старшыні Магілёўскага абласнога суда Ігара Прошка. Па словах незалежнага журналіста, ён гатовы даводзіць сваю правату ва ўсіх нацыянальных судовых інстанцыях, а калі спатрэбіцца – і ў Камітэце па правах чалавека ААН.

Нагадаем, што 8 кастрычніка суддзя Ленінскага раённага суда г. Магілёва Алена Волкава пакарала Аляксандра Буракова штрафам у памеры 40 базавых велічынь (6 мільёнаў рублёў), прызнаўшы журналіста вінаватым у парушэнні ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ – незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ.

Падставай для пакарання паслужыў размешчаны на сайце DW.de 25 жніўня 2014 года артыкул “Тропой контрабандиста: работают ли российские санкции в приграничье?” за подпісам Аляксандра Буракова.

Раніцай 16 верасня ў прыватнай кватэры Аляксандра Буракова з санкцыі пракурора г. Магілёва супрацоўнікі Ленінскага РАУС правялі "агляд месца адміністратыўнага правапарушэння". Падставай для яго правядзення стала з’яўленне ў ліпені-жніўні 2014 г. на інтэрнэт-сайце DW.DE ("Нямецкая хваля") трох матэрыялаў за подпісам Аляксандра Буракова. У выніку ператрусу, які фіксаваўся на відэакамеру, з кватэры забралі два ноўтбукі і дзве флэшкі. Пазней у той жа дзень на той жа падставе правялі ператрус у кватэры бацькоў журналіста, у часе якога забралі сістэмныя блокі двух камп'ютараў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international