У Круглянскім раёне ўзяліся за “дармаедаў”

2014 2014-11-13T18:51:38+0300 2014-11-13T18:51:38+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/tunejadec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Круглянскім раёне пачалі пералічваць “дармаедаў” і вырашаць пытанне аб іх прыцягненні да грамадска-карыснай працы ў эканоміцы раёна.

Днямі ў памяшканні кабінета старшыні Круглянскага раённага Савета дэпутатаў Валерыя Ярковіча адбыўся круглы стол, прысвечаны вырашэнню пытання “па выяўленні ўтрыманства і дармаедства”,паведаміла раённая газета “Сельскае жыццё” (№87 ад 12 лістапада 2014 года). Удзел у круглым стале прынялі старшыні сельскіх Саветаў, прадстаўнікі праваахоўных органаў, а таксама начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Круглянскага райвыканкама Галіна Мазок. Падчас кругласга стала вырашалася пытанне аб прыцягненні ў эканоміку раёна незанятага насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі сельскіх Саветаў Круглянскага раёна. Для дасягнення гэтай мэты было вырашана аб’яднаць высілкі ўчастковых РАУС, стараст вёсак і спецыялістаў філіялаў Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва ў населеных пунктах. Таксама будзе пасілены і “без гэтага строгі комплексны падыход” з боку ўсіх зацікаўленых структур па выяўленні грамадзян, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, і асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

Грамадская актывістка з Круглага Зінаіда Мілешчанка кажа, што ініцыятыва ўладаў Круглянскага раёна аб прыцягненні да працы так званых “дармаедаў” проста бяздумна паўтарае кіруючыя ўказанні вышэйстаячых уладных структур.

“Мяне цікавіць, дзе ж будуць працаваць прыцягнутыя да працы ў прымусовым парадку так званыя “дармаеды”, - кажа Зінаіда Мілешчанка. – У Круглянскім раёне не засталася вытворчасцяў (яны былі ліквідаваны чыноўнікамі), якія б апраўдвалі затраты на такую вось прымусовую працу. Калі гэтых людзей накіруюць у ЖКГ, то новаўвядзенне будзе датычыцца ўсіх іншых грамадзянаў, у тым ліку і мяне, бо ўсе мы будзем аплочваць дадзеных дворнікаў і прыбіральшчыц праз падвышэнне коштаў на жыллёва-камунальныя паслугі.

У Круглым, як і ў іншых маленькіх гарадах і пасёлках, існуе страшэнны дэфіцыт працоўных месцаў, людзям проста няма куды ўладкавацца на працу, існуе вялікае прыхаванае беспрацоўе, калі людзі замест сваёй асноўнай дзейнасці мятуць вуліцы і высякаюць кусты. Я сама на працягу шэрагу гадоў, пакуль не стала атрымліваць пенсію, за свой удзел у дзейнасці апазіцыйнай палітычнай партыі была звольнена з працы і не магла нікуды ўладкавацца нават дворнікам, выжывала толькі за кошт вялікай асабістай падсобнай гаспадаркі. У Круглянскім раёне колькасць насельніцтва і колькасць працоўных месцаў пастаянна скарачаецца. Расце толькі колькасць чыноўнікаў”.

Па дадзеных упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны Круглянскага райвыканкама, па стане на 1 верасня 2014 года ў эканоміцы раёна занята 6017 чалавек, афіцыйна на ўліку стаіць 18 беспрацоўных. Між тым у цэлым па Круглянскім раёнеэканамічна неактыўнае насельніцтва з ліку людзей працаздольнага ўзросту складае каля 1859 чалавек. Згодна спецыялістаў упраўляння, у раёне існуе каля ста вольных працоўных вакансій.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international