Актывісты просяць высветліць, чые парэшткі ляжаць у лесе пад Віцебскам (фотарэпартаж)

2014 2014-11-12T23:44:03+0300 2014-11-13T09:03:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vic-rasstrel-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскія актывісты КХП БНФ падалі заяву ў пракуратуру, следчы камітэт і міліцыю, каб ініцыяваць праверку: чые парэшткі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў ляжаць у лесе каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Паводле мясцовых жыхароў, у 1937-38 гг. тут адбываліся сталінскія расстрэлы.

Парэшткі – чарапы з адтулінамі ад куль і чалавечыя косткі – не аднойчы бачылі жыхары бліжэйшых вёсак, калі хадзілі збіраць грыбы ў гэты лес. Адзін з вяскоўцаў, Іван Кудзінаў, звяртаўся ў мясцовы сельсавет – маўляў, дапамажыце высветліць, што за людзі тут былі пахаваныя. Але не дачакаўся ні адказу, ні канкрэтных захадаў. Ягоны брат, Сяргей Кудзінаў, згадвае пра матчыны аповеды пра даўнейшыя падзеі:

"Мы збіралі з братам грыбы і ўбачылі ямы, яны былі раскапаныя, а ў ямах – чалавечыя парэшткі. Вярнуліся дадому, пачалі распытваць маці, яна ўсё жыццё жыла ў вёсцы Баравое, якую зараз далучылі да Дрыколля. Яна казала, што тут былі расстрэлы – людзей прывозілі на машынах. І нехта з вяскоўцаў адноўчы натрапіў на ачапленне, дык яму сказалі, каб ён хутчэй сыходзіў і не задаваў лішніх пытанняў… Мой брат быў чалавек актыўны, хацеў даведацца, што тут да чаго. Аднак не атрымалася. І толькі цяпер ягоная мара збылася – нехта ўрэшце зацікавіўся гэтай праблемай!"

Праблему невядомых пахаванняў узняў асябар партыі КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў. Ён працаваў у архівах, прыязжаў сюды некалькі разоў, апытваў старажылаў у вёсцы. Адна з іх, Валянціна Шагеева, у 1937 годзе была зусім дзіцем. Але памятае, што па начах за вёскай гудзелі машыны і раздаваліся стрэлы. Каб у вайну ў бліжэйшым лесе кагосці расстрэльвалі – не памятае. Таму схіляецца да версіі, што магілы ў лесе – гэта масавыя пахаванні ахвяраў сталінізму:

"Як іх там хавалі, не ведаю. Але потым, пасля вайны, на тых пахаваннях капаліся нейкія людзі. Нешта, мабыць шукалі – ці каштоўнасці, ці нешта такое. Нашы вяскоўцы гэткім не займаліся, прыязжалі чужыя. Потым частку лесу выкарчавалі, зрабілі поле, а там таксама былі ямкі-магілкі. І ў лесе іх шмат засталося".

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў вырашыў, што трэба тэрмінова паведаміць у адказныя структуры, каб спецыялісты правялі экспертызу парэшткаў і перазахавалі іх належным чынам. А пакуль аднапартыйцы ўсталявалі ў лесе некалькі крыжоў каля ямаў, дзе былі знойдзены чарапы і косткі. У памяць пра невядомых людзей запалілі свечкі, да крыжоў усклалі чырвоныя гваздзікі. Грэка-каталіцкі святар айцец Зміцер (Грышан) адслужыў паніхіду каля імправізаванай брацкай магілы. Прысутныя маліліся за ўсіх разам – бо імёны пахаваных тут нябожчыкаў невядомыя. Пакуль невядомыя, але гэта – справа часу, лічыць Ян Дзяржаўцаў.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international