viasna on patreon

Магілёўскі аблвыканкам адказаў на беларускамоўны зварот на рускай мове

2014 2014-11-12T15:28:36+0300 2014-11-12T15:28:36+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mileshchanka-zinaid.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Жыхарка Круглага, кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы “Падворак” Зінаіда Мілешчанка напрыканцы мінулага тыдня атрымала адказ з Магілёўскага аблвыканкама на свой зварот па пытаннях развіцця асабістых падсобных гаспадарак.

Адказ з Магілёўскага аблвыканкама прыйшоў на рускай мове, хоць Зінаіда Мілешчанка накіроўвала свой зварот у гэтую дзяржаўную ўстанову на беларускай мове. Грамадская актывістка кажа, што яна была здзіўлена тым фактам, што нават у такой высокай дзяржаўнай установе ігнаруюць беларускае заканадаўства.

Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванню Алег Чыкіда ў сваім адказе распавёў пра тое, што ў адпаведнасці з рашэннем Магілёўскага аблвыканкама ад 17.11.2010 № 23-7 у вобласці рэалізуецца Праграма развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян у 2011-2015 гадах, якой вызначаны мерапрыемствы па стабілізацыі вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістых падсобных гаспадарках грамадзян, павышэнню іх даходаў, забеспячэнню занятасці і паляпшэнню сацыяльных і эканамічных умоў насельніцтва Магілёўскай вобласці.

Таксама Алег Іванавіч даў шмат інфармацыі пра тое, наколькі клапоцяцца чыноўнікі пра развіццё асабістых падсобных гаспадарак у Магілёўскай вобласці, не адказаўшы нічога канкрэтнага на прапановы па развіццю гэтых гаспадарак, якія выклалі ў сваім звароце прадстаўнікі грамадскай ініцыятывы “Падворак”.

Актывісты з грамадскай ініцыятывы “Падворак” у сярэдзіне кастрычніка звярнуліся з пісьмовым зваротам да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Рудніка Пятра Міхайлавіча, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Агеева Аляксандра Віктаравіча, Разганава Аляксандра Іванавіча, Шамаль Алены Уладзіміраўны. Яны прапанавалі чыноўнікам і дэпутатам звярнуць увагу на стан вядзення асабістых гаспадарак у вобласці, распрацаваць рэальную сістэму мер па павышэнню эфектыўнасці вядзення асабістых гаспадарак па раёнах шляхам стварэння дзейснай нарматыўна-заканадаўчай базы мясцовага самакіравання, зменшыць адміністрацыйныя бар’еры ў справах вытворчасці і продажу прадукцыі з падворкаў.

Па словах Зінаіды Мілешчанкі, грамадская ініцыятыва “Падварок” гатова супрацоўнічаць з мясцовымі ўладамі Магілёўскай вобласці ўсіх узроўняў з мэтай актывізацыі вытворчых магчымасцяў падворкаў.

Пакуль адказ на свой зварот з канкрэтнымі прапановамі актывісты “Падворка” атрымалі толькі з Магілёўскага аблвыканкама.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства