viasna on patreon

Алена Танкачова: “Усё, што адбывалася ў Першамайскім РУУС Менска, падалося нармальна спланаваным цыркам"

2014 2014-11-06T15:48:34+0300 2014-11-10T15:25:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tankachova-press.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Прэс-канферэнцыя Алены Танкачовай 6 лістапада 2014 г.

Прэс-канферэнцыя Алены Танкачовай 6 лістапада 2014 г.

Прэс-канферэнцыя старшыні праўлення Цэнтра прававой трансфармацыі «Lawtrend» Алены Танкачовай, якая прайшла  6 лістапада на офіце ПЦ “Вясна”, ледзьве ўмясціла ўсіх жадаючых: журналістаў, праваабаронцаў, грамадскіх дзеячаў.

Рашэнне аддзела па грамадзянстве і міграцыі Першамайскага РУУС Мінска аб высылцы з Рэспублікі Беларусь грамадзянкі Расійскай Федэрацыі Алены Танкачовай з’явілася для многіх нечаканасцю. Хаця працэдура пазбаўлення віду на жыхарства ў дачыненні Алены Танкачовай, якая пражывае ў Беларусі з 1985 года,была распачатая ў верасні бягучага года, мала хто чакаў такой яе нечаканай развязкі, паколькі падставай для яе паслужылі чатыры выпадкі відэафіксацыі ДАІ нязначнага перавышэння хуткасці руху аўтамабілем, зарэгістраваным на імя праваабаронцы. 

Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” ўпэўнены, што “за пераход вуліцы ў неўстаноўленым месцы, альбо за праезд у трамваі без білета, ці за нязначнае перавышэнне хуткасці на 10 кіламетраў, не пазбаўляюць віда на жыхарства чалавека, які пражывае ў краіне з 1985 года” і гэта сведчыць аб палітычнай матываванасці такога рашэння.

Алена Танкачова, якая 5 лістапада доўгі час чакала рашэння аб высылцы ў Першамайскім РУУС Менска, падзялілася сваімі ўражаннямі ад убачанага там: “Уявіце сабе будынак былой сярэдняй школы ў самым цэнтры Менска, які па перыметры абнесены вялікай жалезнай агароджай, а на яе версе накручаны вожык калючага жалезнага дроту. Чаго ж так баіцца орган, які павінны займацца аховаю грамадскага правапарадку? Сем тысячаў подпісаў, якія былі сабраныя ў маю падтрымку, не проста былі не ўлічаныя, пра іх не сказалі ніводнага слова пад час разгляду майго пытання. Усё што адбывалася ўчора ў РУУС Першамайскага раёна падалося мне нармальна спланаваным цыркам. Нішто ж не перашкаджала ў 12 гадзін дня, як і прызначалася, разгледзець пытанне, па якім загадзя было вынесенае рашэнне. Яны проста спакойна і цынічна тэсціравалі – што ж будзе потым?

Мне падаецца, што Першамайскі РУУС -  гэта такі акуратны макет краіны. А ў ім – людзі з афіцэрскімі пагонамі, для якіх не існуе паняцця афіцэрскага гонару, якія у стане бегаць за Вінаградавым і высылаць Танкачову, якія гатовыя ілжэсведчыць. Гэта макет краіны, у якой людзі ў пагонах не маюць паняцця пра тое, што такое грамадзяне.

Усё што тычыцца рэшткаў маёй юрыдычнай адукацыі, маёй нейтральнасці, учора закончылася. Чаму? Таму што ўчора, праводзячы мяне ў РУУСе з 1 паверха на 3-ці, трое афіцэраў, пасміхаючыся казалі: “Алена Барысаўна, усё будзе добра”. Я кажу ім – давайце прапусцім і дачку. “Навошта? Тут жа ўсё нармальна будзе, вось і подпісаў столькі сабралі. У вас такая падтрымка, ды й парушэнні такія нязначныя”. А затым падняўся начальнікі проста сказаў: “Я прыняў рашэнне – 3 гады забароны на ўзезд у краіну. Гэтыя людзі настолькі адрэтушаваныя, што адразу і не разгледзіш той мярзоты, якая на самой справе у гэтым ёсць.

Старшыня РОО “Беларускі Хельсінскі камітэт” Алег Гулак, выступаючы на прэсавай канферэнцыі адзначыў, што вельмі складана ў справе высылкі Танкачовай апеліраваць нейкімі прававымі катэгорыямі:

“Не вельмі зразумела логіка такога кроку ўладаў – ну, вось вызвалілі Бяляцкага, былі нейкія чаканні хаця б на нейкі здаровы сэнс. Каму гэта было патрэбна – незразумела. Пытанне ёсць у тым, што рабіць у такой сітуацыі нам, каб аднавіць здаровы сэнс, каб дапамагчы чалавеку? Акрамя акцый салідарнасці ў такой неправавой сітуацыі надзвычай цяжка нешта зрабіць. Спадзяюся, што арганізацыя застанецца, а нашая праваабарончая агульная дзейнасць будзе працягвацца і надалей”.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, зазначыў, што і Алена Танкачова, і арганізацыя, якую яна ўзначальвае, з’яўляюцца адным з асноўных суб’ектаў праваабарончага руху Беларусі, і таму такое дзеянне ўладаў лічыць невыпадковым.

“Менавіта палітычна матываваныя дзеянні ўладаў прыводзяць зараз да таго, што адзін з вядучых праваабаронцаў высылаецца з краіны на 3 гады. Падобнага кшталту дзеянні сведчаць аб рэальных намерах уладаў і наступу, які, на жаль, працягваецца на праваабарончую супольнасць. У свой час, у 2011 годзе ў нас праходзілі серыі ператрусаў, потым пачаўся пераслед Алеся Бяляцкага, і гэта яшчэ адно звяно таго ланцуга. Шкада, што мы ізноў вяртаемся да тых падзеяў. Можа быць гэта адбываецца з-за лішняй актыўнасці Цэнтра прававой трансфармацыці у накірунку камунікай са спецдакладчыкам па Універсальнаму перыядычнаму агляду, хаця гэта працэдуры цалкам легальныя, можа яшчэ з якой прычыны, - невядома.

Сітуацыя з высылкай Танкачовай з Беларусі нагадала мне рэгістрацыю “Вясны”, з дакладнасцю наадварот, У заканадаўстве ўказваецца, што рэгіструючы орган мае права прадстаўляць адтэрміноўку ў рэгістрацыі, аднак калі ты запытваешся, чаму вы не далі нам адтэрміноўку, каб выправіць месца працы аднаго з заснавальнікаў і напісаць у графе замест “сярэдняя школа” “сярэдняя агульнаадукацыйная школа”,  яны адказваюць:  “Мы не абавязаны, гэта проста наша права, даць адтэрміноўку, ці не даць. І мы так захацелі.

Тое ж атрымалася і ў Алены. Закон не абавязваў дзяржаўныя органы высылаць і пазбаўляць віда на жыхарства Танкачовай. Яны толькі мелі права гэта зрабіць. І яны зрабілі. Вось чаму адказ на пытанне, чаму яны гэтам правам скарысталіся, трэба шукаць у палітычнай матываванасці гэтага рашэння”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства