Пасяджэнне па справе праваабаронцы Танкачовай ва УУС Першамайскага раёна Мінска перанесена на другую палову дня

2014 2014-11-05T13:54:45+0300 2014-11-05T13:54:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/tankachova_aliena.jpg
Алена Танкачова, кіраўнік “Цэнтра прававой трансфармацыі”

Алена Танкачова, кіраўнік “Цэнтра прававой трансфармацыі”

Разгляд справы аб прымусовай высылцы праваабаронцы Алены Танкачовай з Беларусі, які павінен быў пачацца ва УУС адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска 5 лістапада ў 12.00, перанесены на другую палову дня. Аб гэтым Танкачовай паведамілі сёння ва УУС.

Праваабаронцу таксама запрасілі зайсці ў аддзел па грамадзянстве і міграцыі ўпраўлення, каб перадаць усе хадайніцтвы, што маюць дачыненне да справы.

Нагадаем, старшыня праўлення асветнай установы "Цэнтр прававой трансфармацыі" Алена Танкачова жыве ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і пастаянную працу. На працягу 20 гадоў яна і яе арганізацыя аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека.

30 кастрычніка Танкачовай заявілі пра ануляванне віду на жыхарства. Падставай для такога рашэння ўладаў сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці, зафіксаваныя відэакамерамі.

Падтрымаць Танкачову пры разглядзе яе справы 5 лістапада прыйшлі каля паўсотні чалавек — яе сябры, праваабаронцы, грамадскія актывісты, журналісты. Спецыяльна з Масквы прыехаў член Савета па развіцці грамадзянскай супольнасці і правах чалавека (СПЧ) пры прэзідэнце РФ Сяргей Крывенка.

Ён расказаў журналістам, што знаёмы з Аленай Танкачовай даўно, амаль 10 гадоў яна з'яўляецца экспертам СПЧ. "Я ведаю яе як буйнога грамадскага дзеяча", — падкрэсліў Крывенка.

Паводле яго слоў, пра сітуацыю з Танкачовай праінфармаваны Уладзімір Пуцін, а на сённяшнім пасяджэнні ва УУС Першамайскага раёна павінен прысутнічаць супрацоўнік расійскага консульства. "Спадзяюся, гэта дапаможа прадухіліць высылку", — сказаў Крывенка. У СПЧ упэўнены, што Танкачова трапіла ў гэтую сітуацыю за сваю грамадскую дзейнасць, дадаў ён.

Крывенка таксама адзначыў, што высылкі падобнага роду з'яўляюцца парушэннем міжнародных норм, тым больш "Беларусь і Расія ўваходзяць у саюзную дзяржаву", і інцыдэнт з Танкачовай "парушае інтэграцыйныя працэсы паміж дзвюма краінамі".

Раней старшыня СПЧ РФ Міхаіл Фядотаў заклікаў расійскае МЗС аказаць тэрміновую падтрымку расійскай грамадзянцы Танкачовай, якой пагражае высылка з Рэспублікі Беларусь, дзе яна пастаянна жыве. "Відавочная неадэкватнасць прымененай уладамі Рэспублікі Беларусь санкцыі за малазначнае правапарушэнне прымушае меркаваць, што рэальным матывам высылкі расійскай грамадзянкі з'яўляецца праваабарончая дзейнасць Алены Танкачовай", — падкрэсліў Фядотаў.

Актывісты грамадзянскай супольнасці Беларусі таксама лічаць, што падобныя дзеянні з'яўляюцца не толькі непрапарцыянальнай, але і палітычна матываванай санкцыяй, звязанай з прафесійнай праваабарончай дзейнасцю Алены Танкачовай. Яны звярнуліся ва ўпраўленне па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама з хадайніцтвам аб спыненні працэдуры высылкі і аднаўленні віду на жыхарства ў Беларусі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international