viasna on patreon

На Віцебшчыне на Дзяды згадвалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій (фота)

2014 2014-11-02T23:59:30+0300 2014-11-02T23:59:30+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-dziady-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Памінальныя імпрэзы прайшлі ў Віцебску, Полацку, Оршы. Мясцовыя актывісты ўшаноўваюць памяць расстраляных ў 1930-50 гады па ўласнай ініцыятыве: дзяржаўныя органы ўлады лічаць за лепшае ніякім чынам не згадваць пра тыя падзеі.

Віцебскія актывісты 1 лістапада наведалі самаробны мемарыял каля вёскі Паляі (фота). Тут на ўзлеску адбываліся расстрэлы мірных жыхароў, у памяць пра гэта на самым вялікім крыжы зроблены надпіс "Ахвярам таталітарнага рэжыму". Увогуле тут 7 крыжоў, усталяваных у розныя часы, пачынаючы з 1990-х гадоў. З таго часу некалькі крыжоў было знішчана, на іх месцы з'яўляліся новыя.

Нягледзячы на тое, што старэйшыя мясцовыя жыхары яшчэ памятаюць пра сталінскія расстрэлы, гэтае месца афіцыйна не лічыцца мемарыяльным. Прадстаўнікі розных апазіцыйных партый неаднаразова звярталіся да ўладаў, каб зрабіць тут сапраўдны помнік, але заўжды атрымлівалі толькі адмовы. Таму добраўпарадкаванне самаробнага мемарыялу стала справай неабыякавых людзей: сама мала два разы на год тут прыбіраюць смецце, а на Дзяды заўсёды ўскладаюць кветкі і запальваюць свечкі.

Пад Полацкам таксама ёсць жалобнае месца, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсій адбываліся расстрэлы мірных жыхароў. 1 лістапада вернікі уніяцкай царквы святога Язафата ў Полацку сабраліся на супольную малітву на Бельчыцкіх могілках. На могілках знаходзіцца Крыж пакуты ў памяць беларусаў, рэпрэсаваных савецкім рэжымам.

Урочышча Кабыляцкая гара пад Оршай – гэта афіцыйна прызнанае месца загубы мірных жыхароў, другое пасля мінскіх Курапатаў. Але і тут памінальныя імпрэзы праходзяць выключна паводле ініцыятывы грамадскасці. У пачатку 1990-х гадоў падчас будаўніцтва чыгункі тут знайшлі чалавечыя парэшткі, і экспэртыза прызнала, што ў гэтых мясцінах праводзіліся масавыя расстрэлы. У памяць пра гэтую трагедыю 30 гадоў таму тут быў усталяваны помнік — камень з мемарыяльнай шыльдай. Шыльду некалькі разоў кралі невядомыя вандалы. Улады аднаўленнем не займаліся, і афіцыйны помнік спакваля таксама ператварыўся ў самаробны мемарыял: пра трагічныя падзеі тут нагадвае камень-валун, два даўляныя крыжы — каталіцкі і праваслаўны, і некалькі мемарыльных шыльдаў, усталяваных з чыёйсьці прыватнай ініцыятывы. На шыльдах – імёны расстраляных, бо дакладна невядома, дзе ў гэтым лесе чыя магіла: урочышча Кабыляцкая гара — гэта суцэльнае масавае пахаваньне ахвяраў сталінізму.Штогод на Дзяды мясцовыя актывісты робяць прыборку вакол самаробнага мемарыяла, праводзяць жалобныя мерапрыемствы. На іх зьбіраюцца і тыя, чыіх сваякоў расстралялі ў гэтым урочышчы - дзеляцца ўспамінамі, прыносяць кветкі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства