Віцебскі праваабаронца даводзіць абсурднасць патрабаванняў выканкаму

2014 2014-10-29T21:42:57+0300 2014-10-29T21:42:57+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/p_levinov.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца Павел Левінаў праінфармаваў Віцебскі гарвыканкам аб правядзенні адзінаасобнага вулічнага шэсця. У якасці маршруту ён пазначыў дарогу ад свайго дому да крамы "Віцебскія прадукты". І атрымаў пісьмовую забарону на падставе таго, што не выканаў патрабаванні рашэння гарвыканкаму "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску".

"Заяўка ў гарвыканкам была пададзена, бо мой маршрут у краму праходзіць па тэрыторыі двух раёнаў – Кастрычніцкага і Першамайскага. А забарону я атрымаў, бо не заключыў дамовы на абслугоўванне маёй адзінаасобнай акцыі супрацоўнікамі міліцыі, паліклінікі і службы ЖКГ. Большы абсурд уявіць сабе цяжка: гарвыканкам патрабуе, каб я ішоў у краму ў суправаджэнні міліцыянта, урача і дворніка з мяцёлкай. Бо ў рашэнні гарвыканкаму "Аб арганізацыі масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску" гаворыцца, што заяўнікі, каб атрымаць дазвол на нейкую акцыю, мусяць разам з заяўкай падаваць і дамовы, заключаныя з цэнтральнай гарадской паліклінікай, міліцыяй і прадпрыемствам ЖКГ. У той самы час гарадскія ўлады прадэманстравалі і ўласнае няведанне заканадаўства: каб акцыя лічылася масавым мерапрыемствам, у ім павінны узяць удзел прынамсі 2 чалавекі. Я ж збіраўся ісці адзін. Значыцца, маё шэсце пад заканадаўства аб масавых акцыях не падпадае ўвогуле," – тлумачыць праваабаронца.

Павел Левінаў падрыхтаваў заяву ў суд наконт забароны адзінаасобнага шэсця. Там напісана, што гарвыканкам парушае ягонае права на правядзенне акцый. Праваабаронца лічыць, што патрабаванні рашэння гарвыканкаму №881 невыканальныя – адпаведна, трэба прадэманстраваць уладам абсурднасць такіх дакументаў:

"За апошнія 5 гадоў, з часу прыняцця гэтага рашэння, у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі паводле ініцыятывы мясцовых актывістаў. Бо міліцыя і паліклініка адмаўляецца заключаць дамовы з заяўнікамі, спасылаючыся на розныя прычыны. Таму я імкнуся прадэманстраваць, што з такім падыходам пад парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах можна падвесці ўсё што заўгодна, у тым ліку персанальны паход краму. Няхай віцебскія ўлады ведаюць, што іхныя высілкі выглядаюць смешна і не выклікаюць павагі ў грамадзян".

Спроба давесці сітуацыю з масавымі акцыямі да абсурду ўжо не першая ў Паўла Левінава. Улетку ён падаваў заяўку ў Чыгуначную раённую адміністацыю, каб правесці сход грамадзян, і не дзе-небудзь, а ў лазні. Аказалася, і там збірацца кампаніямі нельга: праваабаронцу адказалі, што і ў гэтым выпадку трэба заключаць дамовы з медыкамі, супрацоўнікамі ЖКГ і міліцыяй. Забарону мясцовых уладаў падтрымаў і суд Чыгуначнага раёну. Праваабаронца быў вымушаны прадпрыняць наступны крок – падаць заяву на сябе самога ў міліцыю.

"У лазню кампаніяй мы ўсё ж схадзілі. Атрымліваецца, парушыўшы заканадаўства. Пра гэта я і напісаў у заяве, а Чыгуначны РАУС быў вымушаны праводзіць праверку. Яе вынікі мяне і рассмяшылі, і раззлавалі: двое міліцыянтаў напісалі рапарты, што якраз у той самы дзень таксама былі ў лазні - "з мэтай памыўкі і адпачынку". І што мяне яны там не бачылі. Атрымліваецца, з майго боку не было і правапарушэння… Але якраз у той час, калі двое міліцыянтаў хадзілі ў лазню, яны мусілі быць на працоўных месцах у адпаведнасці з графікам іхнае службы! Выходзіць, яны мыліся і адпачывалі ў працоўны час, ды яшчэ з табельнай зброяй? Пра гэта я і напісаў ва ўправу ўласнай бяспекі. Няхай там разбяруцца: ці супрацоўнікі міліцыі "прагулялі" працу для "памыўкі і адпачынку", ці ўвогуле ў лазні не былі. А ў рапартах напісалі хлусню – як неаднаразова бывала, калі супрацоўнікі міліцыі сведчаць, што актывісты "лаюцца матам у грамадскім месцы", -- гаворыць праваабаронца.

Павел Левінаў перакананы, што ўмовы атрымання дазволу на масавыя мерапрыемствы ў Віцебску трэба мяняць, бо яны невыканальныя. Гэтую праблему спрабуюць вырашыць і віцебскія партыйцы – яны неаднаразова судзіліся за забароненыя акцыя, патрабавалі змяніць рашэнне віцебскага гарвыканкаму №881, звяртаючыся ў самыя розныя інстанцыі. Аднак адусюль адказваюць, што яно прайшло юрыдычную экспертызу, унесена ў рэестр прававых актаў, і таму нібыта абсалютна бездакорнае.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international