viasna on patreon

Крычаў: пачаўся суд па пазову ідэолага супраць газеты “Вольны горад”

2014 2014-10-23T12:09:59+0300 2014-10-23T12:09:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Крычаўскага раёна 22 кастрычніка пачаўся разгляд пазову аб абароне гонару, годнасці, дзелавой рэпутацыі і кампенсацыі маральнай шкоды начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама Марыны Максімавай. У якасці адказчыкаў па пазову выступаюць незалежная газета “Вольны горад”, яе выдавец Уладзімір Кудраўцаў і рэдактар Сяргей Няроўны.

На судовым пасяджэнні, якое пачалося ў 14-30 і працягвалася каля гадзіны, прысутнічалі пазоўніца Марына Максімава, адказчыкі - выдавец газеты “Вольны горад” Уладзімір Кудраўцаў і яе рэдактар Сяргей Няроўны, а таксама памочнік пракурора Крычаўскага раёна Салтыкова. Разглядае справу суддзя Алена Азаранка.

Падчас судовага пасяджэння Марына Максімава пацвердзіла свой пазоў – яна просіць суд Крычаўскага раёна абавязаць друкаванае выданне “Вольны горад” абвергнуць звесткі, якія ганьбяць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю, а менавіта тое, што яна ў ідэалагічнай працы разбіраецца, як вядомая жывёла ў апельсінах, шляхам друку абвяргаючага артыкула. Таксама начальнік ідэалагічнага аддзела звяртаецца да суда з просьбай спагнаць з адказчыкаў нанесеныя ёй маральныя страты ў памеры 10 000 000 рублёў і дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў, якую яна аплаціла. Марына Максімава сцвярджае, што публікацыя “Не ў сваім крэсле?” прынесла ёй маральныя пакуты. Яна вымушана была звяртацца ў бальніцу і прымаць лекі, бо у яе падвысіўся ціск.

Журналісты газеты “Вольны горад” выказалі сваю нязгоду з пазовам начальніка ідэалагічнага аддзела і сваёй віны не прызналі. Рэдактар газеты Сяргей Няроўны адзначыў, што ў артыкуле “Не ў сваім крэсле?”журналісты газеты “Вольны горад” падымаюць вострую тэму замоўчвання ўладамі Крычаўскага раёна і дзяржаўнай раёнкай “Крычаўскае жыццё” інфармацыі пра наступствы абвалу будынку актавага зала і сталовай мясцовай гімназіі і інфармавання насельніцтва аб дзеяннях уладаў па вырашэнні ўзніклых для школьнікаў і іх бацькоў праблем. Яны пішуць пра тое, што прычыны абрушэння, праблемы арганізацыі навучальнага працэса хвалююць большасць насельніцтва Крычаўскага раёна, аднак мясцовыя ўлады чамусьці гэтую тэму абыходзяць бокам. Таму змешчаная ў “Вольным горадзе” інфармацыя ніякім чынам не можа ганьбіць гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю Марыны Максімавай, бо яна цалкам адпавядае сапраўднасці.

Таксама Сяргей Няроўны заявіў у судзе хадайніцтва, каб да наступнага паседжання ў суд было прадастаўлена копія Палажэння аб аддзеле ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкама, рэгламент яго працы, каб можна было ўбачыць, якія задачы выконвае гэты аддзел і што ўваходзіць у службовыя абавязкі яго начальніка. Неабходна адзначыць, што гэта хадайніцтва рэдактара “Вольнага горада” падтрымала і памочнік пракурора Салтыкова. Суддзя Алена Азаранка задаволіла хадайніцтва Сяргея Няроўнага, хоць Марына Максімава выступала супраць, сцвярджаючы, што гэта інфармацыя не мае ніякіх адносін да яе пазова.

Наступнае судовае пасяджэнне, на якім будзе ажыццяўляцца больш дэталёвы разгляд справы, прызначана на 14-30 24 лістапада. Перанос далейшага разгляду пазова на такі позні тэрмін абумоўлены тым, што суддзя Алена Азаранка на некалькі тыдняў будзе ад’язджаць на вучобу.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства