Магілёўскія следчыя вырашылі ігнараваць Людмілу Кучура

2014 2014-10-20T14:59:52+0300 2014-10-20T14:59:52+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kuchura.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Людміла Кучура. Фота: svaboda.org

Людміла Кучура, дамагаючыся пакарання за катаванні мужа ў ПК-15, пасля года перапіскі з магілёўскім аддзелам Следчага камітэта раптам апынулася ў баку: следчыя сталі ігнараваць скаргі, адмаўляючыся прызнаваць яе ў якасці заяўніка.  

Гэта пацвярджае адказ з Магілёўскага міжраённага аддзела Следчага камітэта на заяву жонкі асуджанага, у якой яна прасіла аб азнаямленні з матэрыяламі праверкі па факце атручвання мужа хлоркай у магілёўскай папраўчай калоніі №15.

Нагадаем, што старэйшы следчы Скавародкін П.Л. неаднаразова адмаўляў ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў адміністрацыі ПК-15, тлумачачы сваё рашэнне адсутнасцю ў іх дзеяннях складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 426 КК РБ «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў». Ён паведамляў пра гэта непасрэдна Людміле Міхайлаўне, якая настойліва дамагалася правядзення судова-медыцынскай экспертызы для выяўлення наступстваў атручвання ў арганізме мужа. Мабыць, гэтая настойлівасць і стала падставай да спынення органам следства перапіскі з жонкай асуджанага, бо з верасня гэтага года Людміла Кучура перастала атрымліваць адказы на свае скаргі і навіны даведваецца толькі ад мужа.

«Муж атрымаў адказ з Магілёўскага міжраённага аддзела СК, да якога прыкладаецца пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы за подпісам ужо даволі вядомага старэйшага следчага Скавародкіна, які піша, што факт атручвання не ўстаноўлены і няма за што прыцягваць да адказнасці кіраўніцтва ПК-15. Хоць, як вядома, у пастанове аб прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы ён жа піша, што факт атручвання устаноўлены і экспертыза прызначалася менавіта ў межах крымінальнай справы. Але каб далей абскарджваць гэтую пастанову, неабходна вывучыць матэрыялы праведзенай праверкі. З гэтай мэтай мы абодва - я і мой муж - накіравалі заявы ў УСК па Магілёўскай вобласці, у якіх просім, каб нам дазволілі азнаёміцца ​​з гэтымі матэрыяламі», - нагадвае Людміла Кучура перадгісторыю.

І вось на сваю заяву яна атрымала адказ ад 06.10.2014, падпісаны ўжо начальнікам Магілёўскага міжраённага аддзела СК Клопавым Андрэем Іванавічам, які адмаўляе ёй у азнаямленні з матэрыяламі праверкі са спасылкай на тое, што праверка праведзеная па заяве яе мужа: «Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана права сваякоў заяўніка на азнаямленне з матэрыяламі праверкі». «У такім выпадку я не разумею, як яны вывучалі ўсе гэтыя матэрыялы - бо ўся гэтая перапіска з органамі следства, якая доўжыцца ўжо год, была распачатая менавіта па маіх заявах. Заяўнік - гэта я. Бо Генеральная пракуратура накіравала ім мае заявы з просьбай правесці праверку ў адпаведнасці з артыкулам 174 КВК Рэспублікі Беларусь, і пра гэта яшчэ ў траўні мяне апавясціў сам жа следчы Скавародкін. А ў выніку атрымліваецца, што я ўжо і не з'яўляюся заяўніком. Чамусьці мяне баяцца дапусціць да гэтых матэрыялаў праверкі», - абурана каментуе гэты адказ Людміла Кучура.

Таксама ў паведамленні падпалкоўніка Клопава гаворыцца: «У ходзе праведзенай праверкі Ваш муж Кучура П.К. быў азнаёмлены ў поўным аб'ёме з матэрыяламі праверкі ў частцы, якая яго тычыцца, у тым ліку ў яго адрас высылаліся пастановы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па яго заяве». «Гэты момант мне таксама не вельмі зразумелы. Атрымліваецца, што ў матэрыялах гэтай праверкі ёсць некалькі частак, адна з якіх тычыцца Кучура. А астатнія тады каго тычацца?», - задаецца пытаннем жонка асуджанага.

Людміла Міхайлаўна падрыхтавала скаргу абласному пракурору пра парушэнні яе правоў пры адмове ў азнаямленні з матэрыяламі праверкі, а таксама начальніку УСК па Магілёўскай вобласці - усё з той жа просьбай аб азнаямленні з матэрыяламі праверкі. «Я лічу, усё гэта адбываецца таму, што ў нашай краіне чыноўнік пакрывае чыноўніка. Дамагчыся чагосьці практычна немагчыма. Але яны разумеюць, што я не спынюся нават у такой сітуацыі. І каб далей не будзіць ува мне звера, яны вырашылі мяне проста ігнараваць», - кажа яна.

У нядаўняй тэлефоннай размове з жонкай Пётр Кучура яшчэ раз пацвердзіў, што ў дачыненні да яго судова-медыцынская экспертыза 21 жніўня не праводзілася (нягледзячы на пастанову пракурора Магілёўскай вобласці з указаннем агледзець асуджанага асабіста). Тым часам заключэнне эксперта ад 21 жнiўня існуе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international