viasna on patreon

Суд Клімавіцкага раёна разглядае пазоў супраць участковага

2014 2014-10-10T23:33:43+0300 2014-10-11T22:30:09+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicija-belarusi1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Клмавіцкага раёна 10 кастрычніка прайшло чарговае судовае паседжанне, на якім разгледаўся пазоў жыхаркі вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алены Марчанкі аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. У якасці адказчыкаў па пазову выступаюць участковы інспектар Клімавіцкага РАУС Вадзім Панасенка і УУС Магілёўскага аблвыканкама .

Па словах магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, які прысутнічаў на паседжанні, гэта ўжо другое судовае паседжанне, на якім разглядаецца пазоў Алены Марчанкі. На першым 30 верасня жыхарка вёскі Дамамерычы папрасіла запрасіць у суд шэраг сведкаў з ліку сваіх аднавяскоўцаў, каб яны маглі распавесці, ці сапраўды яна па характару запальчывая, схільная да ілжы і паклёпу, не падтрымлівае адносінаў з суседзямі, адмоўна характэрызуецца па месцы жыхарства і на пастаўленыя па сутнасці заўвагі не рэагуе, як напісаў у характарыстыцы на Алену Марчанка ўчастковы Панасенка.

Падчас сённяшняга судовага паседжання большасць выступаючых сведкаў зняпраўдзілі характарыстыку Вадзіма Панасенкі і адзначылі, што Алена Марчанка падтрымлівае добрыя адносіны з сваімі аднавяскоўцамі, ні з кім іх ні ў якія сваркі не ўступае.

Праваабаронца Барыс Бухель кажа, што суд Клімавіцкага раёна павінен вынесці канчатковае рашэнне па пазову Алены Марчанка 16 кастрычніка, менавіта на гэту дату прызначана чарговае судовае паседжанне.

Нагадаем, што ў сваім пазове Алена Марчанка звярнулася да суда Клімавіцкага раёна з просьбай прызнаць не адпавядаючымі рэчаіснасці і ганьбячымі яе гонар і годнасць звесткі, якія былі ўказаны ў характарыстыцы, напісанай участковым інспектарам Панасенкам В. С., і якія былі агалошаны 08.01.2014 г. на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама, і наяўныя ў матэрыялах адміністрацыйнай справы №07-01-81-2013.

У прыватнасці, Алена Марчанка лічыць не адпавядаючымі рэчаіснасці наступныя сцвярджэнні ўчастковага Панасенкі: тое, што яна па характару запальчывая, схільная да ілжы і паклёпу, не падтрымлівае адносінаў з суседзямі, што адмоўна характэрызуецца па месцу жыхарства і што на пастаўленыя па сутнасці заўвагі яна не рэагуе.

Спадарыня Марчанка просіць суд абавязаць адказчыка абвергнуць звесткі, ганьбячыя яе, шляхам прадастаўлення характарыстыкі, якая адпавядае рэчаіснасці, за подпісам участковага інспектара Панасенка В. С. і агалошвання яе на бліжэйшым планавым пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў яе прысутнасці, а таксама наступнага публічнага прынясення ўчастковым інспектарам Панасенка В. С. ёй выбачэнняў. Таксама Алена Марчанка звяртаецца да суда з просьбай спагнаць з адказчыка ўплачаную ёй дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў.

Раней Алена Марчанка звярталася ў Клімавіцкі РАУС, УУС Магілёўскага аблвыканкама і прасіла прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп) участковага інспектара Панасенку В. С. Нагодай паслужыла тое, што на паседжанні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага раёна 8 студзеня 2014 года была публічна агалошаная напісаная ўчастковым характарыстыка, якая ўтрымлівала, на думку Алены Марчанка, заведама ілжывыя і ганьбячыя яе звесткі. У прыватнасці, у шэрагу з іншым, у характарыстыцы ўчастковы інспектар напісаў, што Алена Марчанка “схільная да ілжы і паклёпу”.

Сама Алена Марчанка выказвала нязгоду з гэтым сцвярджэннем супрацоўніка міліцыі і ў якасці доказу прывяла той факт, што яна ні разу не прыцялася да адміністрацыйнай, грамадзянскай ці дысцыплінарнай адказнасці за распаўсюд ілжывай альбо паклёпніцкай інфармацыі.

Таксама спадарыня Марчанка спасылалася на папярэднюю характарыстыку таго ж участковага Панасенкі, у якой ён характэрызаваў яе як спакойнага, ураўнаважанага чалавека, які не ўчыняе скандалаў па месцы жыхарства, характэрызуецца здавальняюча і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася.

Станоўчага выніку папярэднія звароты спадарыні Марчанкі аб прыцягненні да адказнасці ў РАУС і УУС не прынеслі.

Нагадаем таксама, што 17 чэрвеня Алена Марчанка здолела дамагчыся ў судзе Клімавіцкага раёна адмены пастановы адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні яе штрафам у памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл і спынення адміністрацыйнай справы ў адносінах да сябе.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства