У бабруйскіх паліклініках практыкуюць прымусовыя прышчэпкі ад грыпу

2014 2014-10-10T15:46:25+0300 2014-10-10T15:46:25+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/medabslugouvanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алена Мядзведзева, бабруйская каардынатарка кампаніі "Гавары праўду" расказала пра два выпадкі, калі ў паліклініцы №7 прымушалі зрабіць прышчэпкі ад грыпу.

-У першым выпадку наш актывіст, працоўны "Бабруйскаграмаш" Уладзімір Шчарбатых праходзіў прафкамісію ў гэтай паліклініцы. Ён прайшоў усіх спецыялістаў і нарэшце дайшоў да кабінета загадчыцы аддзяленнем прафілактыкі Галіны Грэбіневіч. Яна адмовілася ставіць яму пячатку аб прафесійнай прыдатнасці, бо ён не зрабіў прышчэпку ад грыпу. Уладзімір пачаў ёй тлумачыць, што прышчэпак не робіць прынцыпова, і што гэта яго асабістае права - рабіць іх, ці не. Але лекарка прадэманстравала яму распараджэнне бабруйскага гарвыканкаму (ад 26.05.2014 г. №145-р) і патлумачыла, што гэты дакумент з'яўляецца абавязковай мерай, - распавядае Алена Мядзведзева.

Уладзімір Шчарбатых накіраваўся да намесніцы галоўнага лекара паліклінікі №7 Іны Зубовіч. Але яна таксама ўказала на вышэйзгаданы гарвыканкамаўскі дакумент. На працягу пяці гадзін бабруйчанін беспаспяхова спрабаваў датэлефанавацца да галоўнага бабруйскага лекара Уладзіміра Гацко, потым на "гарачую лінію" Міністэрства аховы здароўя, да кіраўніцтва абласнога упраўлення здароўя, але чыноўнікаў на месцы не было. Тады ён зноў вярнуўся ў паліклініку і пакінуў скаргу ў "Кнізе скаргаў і прапаноў", таксама ён напісаў заяву аб адмове ад вакцынацыі.

-Мы ўсё ж датэлефанаваліся ў Магілёў, у абласное упраўленне здароўя. Там чыноўнік падцвердзіў, што з боку супрацоўнікаў паліклінікі было дапушчана парушэнне. Але перад Уладзімірам Шчарбатых у паліклініцы не тое што не выбачыліся, нават пячатку не паставілі! - абураецца Алена Мядзведзева.

Бабруйская каардынатарка кампаніі "Гавары праўду" кажа, што пасля гэтага выпадку ў грамадскую прыёмную звярнулася яшчэ адна працоўная "Бабруйскаграмаша", Марына Канапелька. Яна таксама паскардзілася на спробы прымусовай вакцынацыі - у той жа паліклініцы №7.

-Відаць, меркаванне чыноўніка з абласнога упраўлення здароўя для мясцовых лекараў не аўтарытэтнае. Марына Канапелька таксама напісала скаргу і катэгарычна адмаўляецца ад прышчэпкі. Мы збіраемся грукацца ва ўсе дзверы, каб дапамагчы гэтым людзям. Я і сама нядаўна патрапіла ў аналагічную сітуацыю, калі рабіла санкніжку для працы. У паліклініцы мне таксама сказалі зрабіць прышчэпку, але пасля адмовы не настойвалі, бо ўжо ведаюць, што я ўмею адстойваць сваё меркаванне, - адзначыла Алена Мядзведзева.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international