Алесь Буракоў: "Такой брутальнасці я не чакаў"

2014 2014-10-09T23:49:15+0300 2014-10-09T23:49:15+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/burakou1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Буракоў

Алесь Буракоў

Магілёўскі журналіст дагэтуль не можа адысці ад таго, што ў яго кватэру і кватэру бацькоў ўварваліся 7 міліцыянтаў, канфіскавалі 4 кампутары і прысудзілі штраф за парушэнне заканадаўства аб СМІ ў памеры 6 мільёнаў рублёў.

-- Алесь, наколькі нечаканым для цябе было з'яўленне міліцыянтаў у тваёй кватэры?

-- Гэта стала для мяне поўнай нечаканасцю. Адчыняючы зранку дзверы на званок, я і ўявіць не мог, што да мяне ўварвецца каманда міліцыянтаў на чале з маёрам Пугачовым. Яны ледзь не растапталі мяне, урываючыся. Перад гэтым яны з дапамогай суседкі праніклі ў агульны калідор і ўварваліся ў кватэру як бандыты. Іншага слова я падабраць не магу. Я быў шаканваны іх дзеяннямі, бо так затрымліваюць крымінальных злачынцаў, а не праводзяць агляд кватэры незалежнага журналіста.
Не паспелі міліцыянты ўламіцца ў кватэру, як аператар пачаў здымаць усё, што там адбывалася. Ён спрабаваў пранікнуць у пакой, дзе спала мая жонка, аднак я з абурэннем накінуўся на камеру і прымусіў аператара адумацца, што ён робіць, што ён здымае. Гэта адкрытае ўварванне ў прыватнае жыццё.

-- Што шукалі міліцыянты?

-- Наколькі я зразумеў, яны спачатку не ведалі, што шукаць. Калі ўбачылі ноутбукі і флэшкі - учапіліся за іх. Шукалі ўсё, што звязана з журналісцкай дзейнасцю. Але гэта была такая канкрэтная выведка-боем - узяць знянацку, а там ужо калупацца ў знойдзем, нібы ўжо там па месцы вырашым, у чым яго прызнаць вінаватым.

-- На тваю думку, чаму ў апошнія месяцы менавіта журналісты сталі аб'ектамі ціску з боку праваахоўных структур?

-- Перакананы, што дэмакратычнае грамадска-палітычнае поле ў краіне фактычна зачышчана і не прадстаўляе вялікай небяспекі для рэжыму, аднак засталася яшчэ журналісцкая брація, якая таксама прадэмакратычных настроеў, працуе пераважна фрылансерамі і яе асноўнай зброяй з'яўляецца слова. Вось гэтае слова і не падабаецца рэжыму, асабліва ў святле таго, што хутка чарговыя прэзідэнцкія выбары, а журналісты пішуць, і іх артыкулы чытаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, і ў замежнікаў фарміруецца далёка не станоўчае стаўленне да рэжыму Лукашэнкі.
У дзяржаўныя СМІ звяртацца няма сэнсу, бо яны ніяк не рэагуюць на праблемы. Тым часам рэакцыі ёсць тады, калі пра праблемы Беларусі распавядаюць замежныя СМІ. Напрыклад, стаіць у цэнтры Магілёва драўляная прыбіральня на чатыры ачкі, а на афіцыйных сустрэчах чыноўнікаў с замежнікамі спрабуюць пераканаць і даказаць, што краіна наша высокатэхналагічная і развітая. Вось такія рэпартажы і псуюць агульны фон таго, што спрабуюць увесці ў вушы чыноўнікі і ідэолагі нашым суседзям.

-- Наколькі быў справядлівым суд?

-- Сыходзячы з таго, што я бачыў у судзе нада мной, у Беларусі праўды дабіцца немагчыма. Правасуддзе ў Беларусі - гэта элемент дзяржаўнай сістэмы, які толькі намінальна незалежны, а фармальна цалкам падпарадкаваны сістэме, і ў гэтай сістэме працуюць далёка не прагрэсіўныя людзі, якія карыстаюцца не літарай закона, а тэлефонным правам, дзе даюць указанні, як судзіць і як караць.
Мая справа відавочна развалілася. Усе прысутныя гэта бачылі. Мая адвакат расклала суддзю на лапаткі, а яна ўсё-роўна паступіла так, як ёй сказалі зверху. Не магу сабе ўявіць, як людзі могуць працаваць у такой сістэме. Як яны ўвогуле жывуць з гэтым і глядзяць затым у вочы тых, каго ні за што асудзілі.

-- І што цяпер? Дзе шукаць праўды і бараніць свае правы?

-- Сёлетняя "журналісцкая восень", не выпадкова так называю гэты перыяд, бо менавіта ў гэты перыяд адбылося чарговая абвастрэнне хваробы рэжыму, і пад ціск патрапілі незалежныя журналісты з розных куткоў краіны, паказала, што дзяржава, у якой не працуе закон - слабая дзяржава.
Тым часам я прыгадваю 90-я гады, калі людзі шукалі абароны не ў судах і міліцыі, а звярталіся да бандытаў.
Мяркую, што Беларусь можа захляснуць шэраг самасудаў над тымі чыноўнікамі і праваахоўнікамі, якія кіруюцца не законам, а загадамі зверху, якія не абараняюць грамадзян, а прэсуюць іх і караюць.
Адсутнасць саправядлівага суда - гэта большая праблема для дзяржавы, чым журналісты, якія пішуць непрыемныя рэчы пра яе. Увогуле, калі кажуць - суд над журналістам, то сама пастаноўка пытання выглядае абсурднай: журналіст робіць сваю працу, і яго за гэта трэба судзіць?
Я віны не прызнаю і буду абскарджваць свой вырак.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international