Чыноўнік ужо 2 гады за кратамі, а ўсё "адказны за масавыя мерапрыемствы" ў Віцебску

2014 2014-10-08T22:16:00+0300 2014-10-09T10:10:51+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kavaleu-leanid-vicebsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Віцебскія актывісты спрабуюць пераканаць гарвыканкам, што неабходна ўнесці змены ў рашэнне наконт парадку арганізацыі масавых акцый. Ім адказваюць, што яно бездакорнае і дапавядае ўсім юрыдычным нормам. Разам з тым, згаданы ў ім чыноўнік адбывае тэрмін за хабар.

Рашэнне Віцебскага гарвыканкаму № 881 ад 10 ліпеня 2009 года "Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску" размешчана на афіцыйным сайце дзяржустановы. У дакуменце гаворыцца, што кантроль за выкананнем дадзенага рашэння ўскладзены на кіраўнікоў раённых адміністрацый і "намесніка старшыні гарадскога выканаўчага камітэта Л.Л. Кавалёва".

Дакумент, патрабаванні якога мусяць выканваць заяўнікі масавых акцый, утрымлівае істотную недакладнасць. З 2009 года, калі рашэнне прымалася, Леанід Кавалёў паспеў "дарасці" да намесніка старшыні аблвыканкаму, на гэтай пасадзе ён трапіў пад следства, а 6 верасня 2012 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў віцебскаму чыноўніку 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры.

 

Тым не менш, ягонае прозвішча па-ранейшаму фігуруе ў дакуменце, які на працягу ўжо амаль 5-ці гадоў патрабуюць змяніць віцебскія актывісты. Праўда, турбуе іх перадусім не згадка прозвішча асуджанага чыноўніка, а патрабаванне заключаць папярэднія дамовы з міліцыяй, Віцебскай цэнтральнай гарадской паліклінікай і прадпрыемствам "Віцебская гарадская жыллёва-камунальнай гаспадарка". Усе тры структуры адмаўляюцца заключаць дамовы з актывістамі, а тыя, у сваю чаргу, не могуць атрымаць дазвол на правядзенне акцый нібыта на законных падставах.

Традыцыйны адказ з абласной управы МУС – гэта абяцанне ахоўваць правапарадак без усялякіх дамоваў: іх міліцыя з прыватнымі грамадзянамі не мае права заключаць увогуле, бо ахова правапарадку з'яўляецца асноўным прафесійным абавязкам міліцыянтаў. Прадпрыемства "Віцебская гарадская жыллёва-камунальнай гаспадарка" не заключае дамовы на прыборку горада, бо гэта функцыі іншага прадпрыемства – "Віцебскі зеленбуд". Гэтая ўстанова, дарэчы, адзіная, што не адмаўляецца ад заключэння дамоваў. Аднак жа ў рашэнні гарвыканкаму пазначана зусім іншая, падкрэслівае сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, які нядаўна атрымаў чарговую забарону на масавае мерапрыемства:

"Мы бачым, што ў рашэнне Віцебскага гарвыканкаму неабходна ўнесці адразу некалькі зменаў: пра звароты па дамовы ў міліцыю, у "Віцебскі зеленбуд", а таксама да медыкаў. Па-першае, мусіць быць хаця б нейкая альтэрнатыва, калі цэнтральная гарадская паліклініка нам адмаўляе раз за разам а розных надуманых прычынах. Мы б звярталіся да кагосці іншага. Аднак ёсць і яшчэ адна праблема: у працоўным арсенале медыкаў увогуле няма такога пункту, як аказанне медычнай дапамогі падчас акцый на падставе прыватнай дамовы. Гарвыканкам патрабуе, каб мы, па сутнасці, зрабілі немагчымае! Ну, і ўрэшце адказным асобам мусіць быць сорамна, што паводле рашэння дзяржаўнага органа кантралюе масавыя мерапрыемствы чалавек, якая даўно сядзіць у турме! Гэта ж трэба настолькі не паважаць сваіх грамадзянаў, каб пакінуць ў дзяржаўным дакуменце прозвішча такога "адказнага"! Глядзіце, колькі падставаў адразу, каб рашэнне Віцебскага гарвыканкаму № 881 урэшце рэшт змяніць, і перарабіць яго так, каб мы маглі скарыстацца сваім правам на мірныя сходы і на публічнае выказванне сваіх меркаванняў".

Пакуль дамагчыся зменаў не ўдаецца, хаця віцебскія актывісты хацелі дайсці з гэтай праблемай нават да Канстытуцыйнага суду. З усіх іншых інстанцый актывістам адказвалі, што рашэнне прайшло юрыдычную экспертызу, зацверджана, а значыць прызнана дасканалым.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international