viasna on patreon

Вярхоўны суд: нерэгістрацыя «Пакту» законная

2014 2014-10-02T09:46:18+0300 2014-10-02T09:46:18+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pakt_vs.jpg
Разгляд у Вярхоўным судзе адмовы щ рэгистрацыи грамадскага аб'яднання "Пакт"

Разгляд у Вярхоўным судзе адмовы щ рэгистрацыи грамадскага аб'яднання "Пакт"

Вярхоўны суд пацвердзіў законнасць і абгрунтаванасць пазіцыі Міністэрства юстыцыі, што адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскага праваабарончага грамадскага аб'яднання «Рух за рэалізацыю Міжнароднага пакту па грамадзянскіх і палітычных правах» («Пакт»). 

Такое рашэнне 30 верасня прыняў суддзя Вярхоўнага суду Мікалай Бабкоў па выніках двухдзённага разгляду скаргі праваабаронцаў Уладзіміра БукштынаваЛеаніда Судаленкі і Міхаіла Пастухова.

Яны прасілі суд прызнаць неправамернай адмову ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання, паколькі гэтая адмова парушае канстытуцыйныя правы на свабоду аб’яднання 52-х грамадзян Беларусі — заснавальнікаў «Пакту». Аднак суд не задаволіў скаргу заяўнікаў.

У інтэрвью НЧ доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў падкрэсліў, што згодна дадзеных Цэнтру прававой трансфармацыі, з-за цяжкасцяў ў рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў Беларусь застаецца самай несвабоднай краінай Еўропы. Так, паводле слоў навукоўцы, у Эстоніі, дзе пражывае прыкладна 1,3 млн чалавек, зарэгістравана каля 30 тысяч грамадскіх аб’яднанняў, а ў Беларусі з яе амаль 9,5 мільённым насельніцтвам — усяго толькі 2,5 тысячы грамадскіх аб’яднанняў.

Спадар Пастухоў звярнуў увагу на тое, што грамадскае аб’яднанне «Пакт» ствараецца дзеля таго, каб садзейнічаць выкананню Рэспублікай Беларусь сваіх міжнародных абавязацельстваў. «У 54 рашэннях КПЧ, прынятых па скаргах грамадзян краіны, канстатуецца, што Беларусь парушыла шэраг палажэнняў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Апроч таго, яшчэ больш за 100 скаргаў нашых грамадзянаў знаходзяцца на разглядзе ў КПЧ», — сказаў Міхаіл Пастухоў.

На яго меркаванне, судовы працэс засведчыў, што дзяржава стварае фармальныя перашкоды на шляху рэгістрацыі новых грамадскіх аб’яднанняў, дзеля чаго ў хаду ідуць любыя аргументы: нязначныя тэхнічныя памылкі пад час падрыхтоўкі дакументаў кшталту неадпаведнасці прадстаўленых дадзеных (дня народзінаў ці нумару кватэры) фактычным. А калі ўлічыць патрабаванне падзаконных актаў (ведамаснай інструкцыі), што апроч спісу заснавальнікаў грамадскага аб’яднання трэба падаць у Мінюст яшчэ пратакол са спісам тых, хто прысутнічаў на сходзе заснавальнікаў, дык ўсё гэта сведчыць пра адно: дзяржава не стварае належных спрыяльных умоваў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзянаў Рэспублікі Беларусь.

Паводле праваабаронцы Леаніда Судаленкі, асноўны закон краіны гарантуе кожнаму грамадзяніну права на свабоду аб’яднання. «Але ні закон аб грамадскіх аб’яднаннях, ні інструкцыя Міністэрства юстыцыі, не маюць нічога агульнага з маім правам грамадзяніна на свабоду аб’яднання. Чыноўнікі Мінюста замест таго, каб падтрымліваць грамадзянаў у рэалізацыі асноўных правоў чалавека, стварылі мноства штучных перашкодаў у здзяйсненні гэтых правоў», — зазначыў праваабаронца.

На думку былога адваката Уладзіміра Букштынава, стварэнне ў краіне праваабарончай арганізацыі, што імкнецца імплементаваць рашэнні КПЧ, звязана з правамі і свабодамі чалавека, у тым ліку са свабодай слова і друку, сходаў, шэсцяў, дэманстрацый і пікетаў, а таксама з правам на вольныя выбары. Гэтыя правы і свабоды дазваляюць людзям рэалізаваць сваю актыўнасць, у тым ліку і палітычную, у чым дзяржава аніяк не зацікаўлена, падкрэсліў Уладзімір Букштынаў. Таму, на яго меркаванне, дзяржава адмаўляе і ў рэгістрацыі РПГА «Пакт».

 

Варта зазначыць, што Вярхоўны суд адмовіўся задаволіць хадайніцтва заяўнікаў на праверку адпаведнасці Канстытуцыі тых нарматыўна-прававых актаў, якія тычацца рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства