viasna on patreon

Бабруйск: На заводзе ТДіА працягваюць пазбаўляцца ад няўгодных "свабодаўцаў"

2014 2014-10-01T14:48:38+0300 2014-10-01T15:52:41+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajuzz.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На бабруйскім заводзе ТДіА (трактарных дэталяў і агрэгатаў) не працягнулі працоўныя кантракты яшчэ з двума сябрамі Свабоднага прафсаюза Беларускага - наладчыкам 6-га разраду Аляксандрам Варанкіным і наладчыкам 5-га разраду Аляксандрам Грамыка. За прафесіяналаў сваёй справы заступіліся іх непасрэдныя начальнікі і калегі, але, як сцвярджаюць прафсаюзнікі, супраць іх настойліва выступае дырэктар завода Аляксандр Аграновіч.

-Безумоўна, непрацягненне кантрактаў звязана з нашым сяброўствам у СПБ, бо гэта прафсаюзная суполка рэальна змагаецца за правы працоўных, у адрозенні ад афіцыйнай, - кажа Аляксандр Варанкін. - Дырэктар завода змагаецца нават з тымі, хто выйшаў з суполкі, ён аддаў загад звальняць усіх няўгодных. А між тым Аляксандр Аграновіч - дэпутат аблсавета, і па ідэі павінен дапамагаць людзям, а не шкодзіць. Магчыма, у яго нейкая асабістая непрыязнасць да Міхаіла Кавалькова, але тады ўзнікае пытанне, чаму ён змагаецца з намі, "маленькімі людзьмі", а не з ім? Працоўных трэба ацэньваць па якасці іх працы, а не з асабістых пачуццяў. З часоў змагання з "свабодаўцамі" на заводзе былі звольненыя сапраўдныя спецыялісты, гэта шкодзіць вытворчасці. І зараз на прадпрыемстве шмат бракаванай прадукцыі, а стане яшчэ больш!

Аляксандр Варанкін прысутнічаў 15 верасня на сустрэчы з генеральным сакратаром Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў Шарон Бароў і расказаў ёй пра праблемы сябраў СПБ.

-Я расказаў Шарон Бароў, кім і дзе працую, які маю прафесійны разрад і якія маю праблемы. Яна была агаломшаная тым, як паводзіць сябе адміністрацыя ТДіА. Папрасіў, каб яна паўплывала на сітуацыю, перадала беларускаму ўраду пажаданні працоўных: ці адмяніць кантрактную сістэму, ці не звальняць без тлумачэння прычыны. Бароў адразу ж напісала ліст Аляксандру Аграновічу, і яго рэакцыя зноў была агрэсіўнай. Я не меў магчымасці прысутнічаць на планёрцы, але тыя, хто там быў, кажуць, што дырэктар прыгразіў зладзіць мне ў Бабруйску "антырэкламу", каб я ўжо нідзе не змог уладкавацца на працу, - распавядае Аляксандр Варанкін.

Звольнены "свабодавец" кажа, што завадчане ўспрынялі рашэнне кіраўніцтва са здзіўленнем.

-Мае калегі з суполкі СПБ нікому не збіраюцца кланяцца ў ногі. Я лічу, зараз наша суполка павінна стаць яшчэ большай, людзі павінны адстойваць свае правы. Канешне, крыўдна, калі звальняюць такіх людзей, як Мікалай Жыбуль, з трыццацігадовым стажам працы! А ён таксама атрымаў уведамленне аб непрацягенні кантракта. Але я ні аб чым не шкадую і лічу, што мая асабістая барацьба прынясе плён, і пра нашы праблемы нарэшце пачуюць ва ўрадзе. Што тычыцца маёй сям'і, яны ўспрынялі гэтую навіну годна. Дачка і сын паехалі ў заробкі, бо тата пакуль не зможа ім дапамагаць. А жонка мне ўжо даўно казала: "Што ты псуеш сабе нервы, калі цябе тут не цэняць - звальняйся!" А добры спецыяліст сабе працу знойдзе, у гэтым я ўпэўнены, - адзначыў Аляксандр Варанкін.

-Аляксандр Варанкін і Аляксандр Грамыка бралі ўдзел у галадоўцы пратэсту з 25 па 27 сакавіка гэтага года, - дадае лідэр завадской пярвічкі СПБ Міхаіл Кавалькоў. - Таксама яны былі ўдзельнікамі калектыўнага пазову да заводу з нагоды невыплаты ім прэміі па прафсаюзнай прыкмеце напрыканцы канцы 2013 года. Нагадаю, што тады суд іх пазоў задаволіў і абавязаў прадпрыемства выплаціць прэміі ў памеры 300 000 рублёў кожнаму. Таму для Аляксандра Аграновіча прынцыпова важна пазбавіцца ад іх, гэта расправа.

Міхаіл Кавалькоў кажа, што не бачыць сэнсу судзіцца па справе непрацягнення кантракта з Варанкіным і Грамыка.

-У нас ужо быў сумны вопыт суда, ініцыяванага сябрам СПБ Віктарам Осіпавым. Суддзя нам паведаміла, што падставаў скардзіцца няма, бо адміністрацыя завода выканала ўсе працэдуры падчас звальнення, і Віктара на працы не ўзнавілі. Аляксандр Аграновіч шкодзіць не толькі працоўным, ён шкодзіць і вытворчасці, калі звальняе прафесіяналаў. Зараз на падыходзе да звальнення яшчэ тры сябры СПБ, сярод іх Мікалай Жыбуль. Яму патлумачылі, што скарачаюць яго ў "сувязі з аптымізацыяй колькасці працоўных". Але пры гэтым аб'яўкі аб найму на працу на ТДіА вісяць на кожным слупе, нават у гарвыканкаме бачыў. Патэнцыйным рабочым абяцаюць вялікія грошы, а ад вопытных пазбаўляюцца толькі з-за асабістай непрыязні. Вось зараз, напрыклад, замест аднаго са звольненых на працу ўзялі чалавека, які дагэтуль тройчы ўжо быў звольнены за п'янку! Здзіўляюцца ўсе, і ў аддзеле кадраў, і рабочыя, і начальнікі, - каментуе сітуацыю Міхаіл Кавалькоў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства