Алесь Бяляцкі: Уручэнне прэміі Гавела Анару Мамедлі – магутны сігнал азербайджанскім уладам

2014 2014-09-29T19:10:34+0300 2014-09-29T19:43:24+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-111.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота Аляксея Лапіцкага.

Кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі. Фота Аляксея Лапіцкага.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна” і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, прысутнічаў ў Страсбургу на адкрыцці сесіі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы, дзе 29 верасня было названае імя атрымальніка праваабарончай прэміі імя Вацлава Гавела.  

Прэмію атрымаў кіраўнік азербайджанскага Цэнтра маніторынгу выбараў і навучання дэмакратыі Анар Мамедлі, які паводле палітычна матываванага прысуду знаходзіцца за кратамі.   

Алесь Бяляцкі, які летась, знаходзячыся ў зняволенні, стаў першым лаурэатам узнагароды імя былога прэзідэнта Чэхіі за выдатныя заслугі ў галіне правоў чалавека, кажа, што сённяшняя падзея выклікала ў яго паралелі са сваёй сітуацыяй і шмат у чым з’явілася сімвалічнай. “Мне было крыху дзіўна за ўсім гэтым назіраць, бо ўсё нагадвала мінулагоднюю сітуацыю, калі на цырымоніі ў Страсбургу прысутнічала мая жонка Наталля, бо я не мог там прысутнічаць. Сёння ж зноў не было лаурэата прэміі Анара, але прысутнічаў ягоны бацька Хасан, які казаў сваю прамову, спасылаючыся на тое, што сына няма”. Тут варта адзначыць таксама, што Анар Мамедлі быў арыштаваны пасля прэзідэнцкіх выбараў, як і Алесь Бяляцкі ў свой час, – абодвум улады адпомсцілі за арганізацыю назірання і актыўную праваабарончую пазіцыю пасля выбарчай кампаніі.  

Падчас адкрыцця парламенцкай сесіі старшыня ПАРЕ Ан Брасэр адзначыла, што сама па сабе прысутнасць на сёлетняй цырымоніі ў Радзе Еўропы нядаўняга палітвязня, за вызваленне якога ўпарта змагалася міжнародная супольнасць, сімвалічная. Сябра аргкамітэту прэміі Томас Хамарберг, экс-камісар Рады Еўропы па правах чалавека, у размове з Алесем Бяляцкім таксама выказаў надзею, што ўручэнне гэтай прэміі паспрыяе вызваленню Анара Мамедлі, як паспрыяла вызваленню яго беларускага калегі.

Сёлета на прэмію імя Вацлава Гавела было 56 кандыдатаў, з ліку якіх былі абраныя тры фіналісты, і, паводле прадстаўнікоў аргкамітэту, пры вызначэнні лаурэата вяліся даволі зацятыя спрэчкі, бо сэнс гэтай прэміі ў тым, каб не толькі падтрымаць яе атрымальніка, але і даць сігнал грамадству і ўраду краіны, прадстаўнік якой узнагароджваецца. І, як адзначае Алесь Бяляцкі, кожная з трох прадстаўленых у шорт-лісце прэміі краінаў мае сваю спецыфіку. “Мальта мае вялізныя праблемы з мігрантамі, як вядома, шмат  народу тоне, не дабраўшыся да выспы, праз якую яны спрабуюць патрапіць у Еўропу. І ўвогуле праблема міграцыі сёння набывае вялікія маштабы ў Еўропе. Таму арганізацыя Jesuit была вылучаная на прэмію як сімвал вастрыні гэтай праблемы і як арганізацыя, якая спрабуе нейкім чынам вырашыць яе. Ізраільска-палестынскі канфлікт – зразумела, таксама вялізная праблема. І паколькі арганізацыя B'tselem аб’ядноўвае два бакі – ізраільцянаў і палестынцаў, яе праца таксама з’яўляецца сімвалічнай. Што да сітуацыі ў Азербайджане, то ўсіх асабліва трывожыць сёлетняя спроба разгрому праваабарончага руху ў краіне - пераслед праваабарончых арганізацый, арышты такіх вядомых, аўтарытэтных праваабаронцаў як Лэйла Юнус, Інтыгам Аліеў, Расул Джафараў… Адной з такіх асобаў з’яўляецца і Анар Мамедлі. Прысуджэнне яму гэтай прэміі – магутны сігнал азербайджанскім уладам, каб яны спынілі рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці”.       

Сімвалізм уручэння прэміі азербайджанскаму палітвязню яшчэ і ў тым, што Азербайджан з’яўляецца старшынёй у Камітэце міністраў Рады Еўропы, падкрэслівае Алесь Бяляцкі. “Я асабіста вельмі рады ўзнагароджанню Анара, таму што нас, беларускіх праваабаронцаў, турбуе лёс нашых калегаў з Азербайджана і я спадзяюся, што гэтая прэмія ўсё ж неяк паспрые ўмацаванню грамадзянскай супольнасці ў іх краіне”.

Пры гэтым праваабаронца з сумам канстатуе: другі год запар прэмію Вацлава Гавела атрымліваюць прадстаўнікі постсавецкіх краінаў, і гэта паказвае, што праблемы з правамі чалавека ў нашым рэгіёне застаюцца надзвычай вострымі.              

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international