На канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі праблему палітычных зьнікненняў у Беларусі

2014 2014-09-26T11:49:59+0300 2014-09-26T11:49:59+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/osce-warsaw-25.09.14.jpg
«Сітуацыя ў Беларусі: 15 гадоў пасля палітычных знікненняў». Варшава, 25 верасня 2014

«Сітуацыя ў Беларусі: 15 гадоў пасля палітычных знікненняў». Варшава, 25 верасня 2014

25 верасня ў рамках нарады АБСЕ у чалавечым вымярэнні, якая праходзіць у сталіцы Польшчы, адбылася канферэнцыя «Сітуацыя ў Беларусі: 15 гадоў пасля палітычных знікненняў». Яна была арганізавана фондам «Еўрапейская Беларусь».

У канферэнцыі бралі ўдзел лідэр грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і кандыдат на пасаду прэзідэнта на выбарах 2010 года Андрэй Саннікаў, жонка выкрадзенага ў 1999 годзе бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская, сябра арганізацыйнага камітэта «Беларускага Руху», былы старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, прадстаўнікі Рабочай групы па інвестыцыях Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Вольга Захарава і Юрый Джыбладзэ, каардынатар грамадзянскай кампаніі Еўрапейская Беларусь Зміцер Бандарэнка.

Падзея выклікала цікавасць у вядомых палітыкаў, дыпламатаў, праваабаронцаў, экспертаў і журналістаў. На ім таксама прысутнічалі кіраўнік ПЦ "Вясна", былы палітвязень Алесь Бяляцкі, намеснік Адміністратара Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці Томас Меліа, кіраўнік дэлегацыі ЗША на канферэнцыі АБСЕ ў Варшаве Браян Этвуд.

«Агрэсія Расеі супраць Украіны і развязаная Масквой вайна падарвалі базавыя прынцыпы і дакументы АБСЕ, - сказаў, адкрываючы канферэнцыю, Андрэй Саннікаў. - Гэта, перш за ўсё, Заключны акт і Парыжская хартыя, якой была ўсталяваная непарушнасць межаў пасляваеннай Еўропы. Таму АБСЕ трэба быць асабліва актыўнай ў адстойванні прынцыпаў, на якіх яна будавалася. Улічваючы сітуацыю вайны, неабходна вельмі жорстка ўжываць тыя крытэрыі, якія выкарыстоўваюцца гэтай арганізацыяй, у тым ліку і тых, якія тычацца выбараў. Гэта важна і для Беларусі. Рэжым у нашай краіне не змяніўся. Гэтае мерапрыемства называецца «15 гадоў пасля палітычных знікненняў» і цягам гэтага часу сітуацыя толькі пагоршылася. Рэжым выкарыстоўвае розныя метады супраць сваіх апанентаў, але ўсе яны накіраваны на іх знішчэнне, у тым ліку і фізічнае.

Беларускі рэжым не змяніўся, але, на жаль, змянілася пазіцыя Еўропы, якая сёння гатовая разглядаць Лукашэнку ў якасці нейкага «міратворца», як меншае зло у параўнанні з Пуціным, гатова весці з ім дыялог, пра што сведчаць кантакты на вышэйшым узроўні. Гэта прывядзе да яшчэ большых рэпрэсіяў і не дапаможа дэмакратыі.

У гэтым дачыненні да АБСЕ можа распачаць вельмі сур'ёзныя меры для таго, каб настаяць на выкананні абавязанняў, якія мае Беларусь, і для абароны правоў і свабод грамадзян краіны, якія ўсё больш абмяжоўваюцца. Часта яны прымаюць абсурдныя формы - напрыклад у выглядзе турэмнага зняволення за паказ фільма ў падземным пераходзе. Уводзяцца таксама новыя рэпрэсіўныя законы. Асабліва я падкрэслю той факт, што нядаўна было тэрмінова зменена заканадаўства і ўстаноўлена адказнасць за агітацыю за байкот выбараў, што пазбаўляе грамадзян магчымасці выказаць сваё стаўленне да адсутнасці выбараў у Беларусі. Вельмі неабходна, каб у выпадку доўгатэрміновага назірання місія БДІПЧ АБСЕ змагла настаяць на рэальным кантролі працэсу падліку галасоў і вельмі важна, каб яны змаглі вызначыць рэальную яўку на выбарах. Гэта магчыма, адпаведныя інструменты ёсць. Бачна, што Лукашэнка не пазбавіўся ад страху пасля 2010 года, ён баіцца пратэстаў і народнага абурэння. Канфлікт ва Украіне падае яму розныя магчымасці, якія ён выкарыстоўвае толькі для ўзбагачэння і для падтрымкі свайго рэжыму. Не вырашыўшы праблему ў Беларусі і не аказаўшы дапамогі дэмакратыі ў нашай краіне, дапамагчы Украіне проста немагчыма».

Ірына Красоўская нагадала пра тое, што Беларусь па-ранейшаму адмаўляецца выконваць свае абавязанні ў рамках АБСЕ і іншых міжнародных арганізацый.

«16 верасня споўнілася 15 гадоў з тых часоў, як былі выкрадзены мой муж Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар, - сказала яна. - Гэта было не першае і не апошняе выкраданне. 7 траўня 1999 года знік Юры Захаранка. 16 верасня зніклі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, 7 ліпень 2000 - Дзмітрый Завадскі. Усе гэтыя выкрадання адбыліся перад выбарамі 2001 года. Гэтыя забойствы дапамаглі Лукашэнку манапалізаваць усю ўладу і ператварылі Беларусь у апошнюю дыктатуру Еўропы. Калі б яго апаненты не зніклі тады, сёння мы маглі б жыць у зусім іншай краіне.

 

Інфармацыя пра тое, як выкралі гэтых людзей сталі прасочвацца ў прэсу ў 2000 годзе. З'явілася копія рапарту генэрала Лапаціка, у якім ён вінаваціў Віктара Шэймана ў тым, што той аддаў загад аб выкраданні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Гэтыя сведчанні вядомыя не толькі нам, але і міжнароднай грамадскасці.

У 2004 годзе ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса было сказана, што цяперашняе расследаванне гвалтоўных знікненняў у Беларусі не было праведзена на належным узроўні. Наадварот, на вышэйшым узроўні было зроблена ўсё для таго, каб схаваць праўду аб тым, што адбылося. Таксама ён зрабіў выснову аб тым, што высокія афіцыйныя асобы могуць быць датычныя да гэтых злачынстваў. У гэтым жа дакладзе гаварылася пра тое, што наўрад ці выкрадання адбыліся без ведама прэзідэнта. Менавіта тады афіцыйныя асобы, якія згадваліся ў дакуменце Хрыстаса Пургурыдэса, трапілі ў «чорны спіс» - ім забаранілі ўезд у ЕЗ і ЗША. У 2006 годзе да іх далучыўся Лукашэнка і другія чыноўнікі.

15 гадоў сваякі зніклых спрабавалі даведацца праўду. Мы выйгралі справу супраць Беларусі ў Камітэце правоў чалавека ААН. Было даказана, што Беларусь парушыла свае абавязанні пры расследаванні знікнення Анатоля Красоўскага. Ад уладаў краіны запатрабавалі правесці адкрытае расследаванне гэтага злачынства, даць адэкватную інфармацыю аб ягоных выніках і прыняць меры для недапушчэння падобных знікненняў ў будучыні. Але ўлады Беларусі не збіраліся і не збіраюцца нічога рабіць.

Многія іншыя міжнародныя арганізацыі - АБСЕ, Рада Еўропы, Еўрапейскі парламент - таксама прынялі шмат рэзалюцый і зваротаў з патрабаваннямі правесці расследаванне гучных знікненняў. Тым не менш, улады Беларусі не рэагуюць на гэта.

Я прашу АБСЕ запатрабаваць яшчэ раз правесці расследаванне гэтых злачынстваў. Таксама мы просім міжнародныя арганізацыі выкарыстоўваць механізмы для таго, каб прымусіць Беларусь выконваць узятыя ёй абавязанні ў галіне абароны правоў чалавека».

Вінцук Вячорка падкрэсліў, што ў сённяшняй сітуацыі рэжым Лукашэнкі не можа быць гарантам незалежнасці Беларусі.

«Ці можна цяпер выкарыстоўваць імкненне Лукашэнка захаваць уладу як сродак для абароны незалежнасці Беларусі перад тварам відавочнай пагрозы? Некаторыя кажуць, што лукашызм - гэта меншае зло, не такое страшнае для будучыні Беларусі, - сказаў палітык. - Аднак нядаўна былі апублікаваныя апошнія звесткі аднаго цікавага сацыялагічнага даследавання ў Беларусі ў чэрвені. Высветлілася, што людзі адрозніваюць дзяржаву, нацыю і дыктатуру. А для Лукашэнкі вельмі важна аб'яднанне гэтых трох паняццяў. Таксама людзі былі апытаныя на прадмет таго, якімі будуць іх дзеянні ў адказ на акупацыю часткі Беларусі Расеяй. Высветлілася, што тыя, хто лаяльны да Лукашэнкі не гатовыя абараняць Беларусь са зброяй у руках у крытычнай сітуацыі.

Людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе з Савецкім Саюзам цяпер гатовыя сябе ідэнтыфікаваць з імперыяй, якую аднаўляе Пуцін. З імперыяй, а не з Лукашэнкам. Таму што Лукашэнка слабейшы за Пуціна. Гэта не вольныя, не незалежныя людзі, у іх савецкі склад розуму. А адзіным гарантам незалежнасці сваёй краіны можа быць толькі свабодны чалавек з высокім узроўнем самапавагі і самасвядомасці».

Юрый Джыбладзэ нагадаў пра падзеі 2010 года і пра тое, што за кратамі ў Беларусі па-ранейшаму застаюцца палітычныя зняволеныя.

«За 4 гады, якія прайшлі пасля пачатку новага вітка рэпрэсій, пасля 19 снежня сітуацыя ў Беларусі ніколькі не палепшылася, а шмат у чым нават пагоршылася, - сказаў ён. - З захаваннем асноўных правоў і свабод чалавека і для Лукашэнкі цяпер надыходзіць вельмі важны момант - так званыя выбары ў 2015 годзе павінны, з ягонага пункту гледжання, забяспечыць міжнароднае прызнанне ягонай легітымнасці. Важна памятаць тое, што з 1995 года ні адны выбары ці рэферэндумы ў Беларусі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як легітымныя, сумленныя, свабодныя. Сёння для рэжыму надзвычай важна гэтую легітымнасць забяспечыць упершыню, для таго, каб, атрымаўшы гэта прызнанне, гарантаваць сабе доступ да фінансавых рэсурсаў Захаду, праз гандаль, праз крэдыты і іншыя каналы. І ў апошні месяц рэжым вядзе беспрэцэдэнтны дыпламатычны выступ на Захадзе для таго каб дамагчыся аднаўлення дыялогу без умоваў, без якіх-небудзь зменаў унутры краіны.

Паралельна з гэтым Лукашэнка робіць усё ўнутры краіны для таго каб гарантаваць адсутнасць якога-небудзь сур'ёзнага выкліку сваёй улады і якой-небудзь сур'ёзнай крытыкі з боку грамадзянскай супольнасці і пратэстаў з боку грамадзян. У дадатак да рэпрэсій, якія доўжыліся ўсе гэтыя гады, прыняццю рэпрэсіўных законаў, разгон дэманстрацый, масавых прэвентыўных арыштаў, затрыманняў падчас чэмпіянату свету ў хакеі, ён яшчэ прыняў папраўкі да выбарчага заканадаўства, якое робіць незаконным заклік да байкоту выбараў.

Нам здаецца, нягледзячы на тое, што сітуацыя заставалася ўсе гэтыя гады без паляпшэнняў, нягледзячы на вызваленне цэлага шэрагу палітвязняў, цяпер ёсць унікальная магчымасць, для таго каб выкарыстаць дзве галоўныя уразлівасці рэжыму.

Першая - гэта яго велізарнае жаданне забяспечыць легітымнасць і прызнанне міжнароднай супольнасцю так званых выбараў 2015 года. Другое - страх перад Расеяй. Лукашэнка сур'ёзна асцерагаецца таго, што можа быць агрэсія з боку Масквы ці нейкая змова з мэтай зняць яго, тым ці іншым чынам усталяваўшы поўны расейскі кантроль над краінай. Падзеі ва Украіне вельмі моцна паўплывалі на ўсіх лідэраў постсавецкіх краін і Лукашэнка - адзін з першых, хто вельмі сур'ёзна ўспрыняў гэтую пагрозу. Таму мы мяркуем, што АБСЕ, яе краіны-ўдзельніцы, яе інстытуты павінны цяпер выкарыстоўваць гэтую магчымасць.

Трэба дамагчыся доўгачасовага назірання Бюро дэмакратычных інстытутаў у правах чалавека АБСЕ на гэтых выбарах - цягам некалькіх месяцаў, настойваючы на тым, што толькі доўгачасовае назіранне можа дэманстраваць, забяспечыць свабодныя і справядлівыя выбары.

Думаю, што Лукашэнка на гэта пойдзе, таму што вельмі патрэбна гэтая легітымнасць, гэта прызнанне і тады ў пакеце з гэтым патрабаваннем у гэтых перамовах павінны быць выстаўлены ўсе тыя ўмовы, усе тыя патрабаванні, якія пачынаючы са снежня 2010 года пастаянна вылучаліся міжнароднай супольнасцю і людзьмі унутры Беларусі, а менавіта: вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зняволеных і зняцце якіх-небудзь абмежаванняў у дачыненні да тых палітвязняў якія ўжо былі выпушчаныя на волю, скасаванне ўсіх рэпрэсіўных законаў у стасунках да свабоды слова, свабоды сходаў, свабоды аб'яднанняў, скасаванне зменаў у выбарчым заканадаўстве, якія забараняюць заклікі да байкоту і згоду на вяртанне місіі АБСЕ ў Менск з шырокім мандатам.

Мы ўпэўненыя, што не гледзячы на, здавалася б, усю цяжкую сітуацыю ў Беларусі і няздольнасць, здавалася б, міжнароднай супольнасці рэальна зрабіць штосьці, калі мы дакладна і ясна будзем прасоўваць гэтыя патрабаванні да АБСЕ, ёсць шанец, што сітуацыя пачне мяняцца ў Беларусі».

Зміцер Бандарэнка заявіў аб тым, што перамога дэмакратыі ў Беларусі з'яўляецца ўмовай існавання свабоднай і незалежнай Украіны і можа прывесці да пераменаў у Расеі.

«Даводзіцца часта чуць такое меркаванне, што Савецкі Саюз быў таталітарнай дзяржавай, а сучасная Беларусь - аўтарытарная краіна, - сказаў ён. - Але пры гэтым сёння ў Беларусі колькасць міліцыі на душу насельніцтва ў сем разоў большая, чым у таталітарным Савецкім Саюзе. Рэпрэсіі ў беларускім грамадстве ажыццяўляюцца не толькі супраць апазіцыі і інтэлігенцыі. Самай рэпрэсаванай часткай беларускага грамадства з'яўляюцца чыноўнікі і дырэктары заводаў. Калі пасля выбараў 2010 года мы разам з большасцю кандыдатаў у прэзідэнты і кіраўнікоў выбарчых штабоў трапілі ў турму КДБ, то са здзіўленнем выявілі, што нашымі суседзямі ў турэмным камерах былі кіраўнікі вядучых беларускіх прадпрыемстваў, якія называюць нацыянальнымі брэндамі. Разам з намі гэтыя людзі падзялілі ўвесь жах катаванняў і здзекаў, якія былі ў турме КДБ у снежні 2010 - красавіку 2011 гадоў.

Яшчэ адным элементам устойлівасці палітычнай сістэмы ў Беларусі з'яўляецца рабская праца беларускіх рабочых і сялян. Пра гэта ўчора казалі нашы калегі з праваабарончага цэнтру «Вясна» і Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.

Часам пытаюцца: дзе лідэры Беларусі, чаму іх не чуваць? Але як вы ведаеце з дакладу Ірыны Красоўскай, многія лідэры Беларусі забітыя.

Нягледзячы на існаванне такога рэжыму ў цэнтры Еўропы, раз у некалькі гадоў беларусы паўстаюць. Дзесяткі тысяч людзей выходзяць на вуліцы гарадоў краіны. Часта гэта звязана з прэзідэнцкай кампаніяй. Кожны раз для нашых сяброў і партнёраў на Захадзе гэта становіцца вялікай нечаканасцю. Нядаўна ў мяне была дыскусія з вядомым стратэгам Рэспубліканскай партыі ЗША. Ён спытаў: «Чаму вы нас не папярэдзілі пра тое, што такія падзеі будуць у Мінску ў 2010 годзе?». Быццам бы папярэджвалі пра гэта, але напэўна дрэнна. І сёння я кажу: «У Беларусі ўсё роўна будзе паўстанне, таму што людзі не хочуць жыць пры дыктатуры». І нельга сёння сябраваць з Лукашэнкам, робячы яго добрым, а Пуціна - дрэнным. Не можа быць свабоднай і незалежнай Украіны без свабоднай і незалежнай Беларусі.

Расейскае кіраўніцтва шмат у чым з'яўляецца неафітам геапалітыкі. Для ідэолагаў расейскага рэжыму - такіх, як Аляксандр Дугін - «новым Марксам» з'яўляецца Хэлфард Макіндэр. У кнігах расейскіх аўтараў у геапалітыцы паўтараецца ягоная знакамітая фраза: «Той, хто кантралюе Усходнюю Еўропу, кантралюе Heartland- Расею, а той, хто кантралюе Heartland, - кантралюе ўвесь свет. Таму, можна сказаць, што калі ідэя дэмакратыі пераможа ва Усходняй Еўропе - Беларусі і Украіне, то ёсць вялікі шанец, што яна пераможа і ў Расеі. І гэта наша сумесная справа - беларусаў, украінцаў, расейцаў, нашых сяброў з ЕЗ і ЗША».

З ім пагадзіўся яшчэ адзін удзельнік канферэнцыі - палітычны дарадца Камісіі ў пытаннях бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (Хельсінскай камісіі ЗША) Арэст Дэйчакоўскі, які пракаментаваў яе вынікі ў інтэрв'ю сайту charter97.org.

«Я згодны з тым, што незалежнай Украіны не можа быць без свабоднай Беларусі, - сказаў ён. - Абедзве гэтыя краіны павінны стаць дэмакратычнымі. Вядома, Украіна, нягледзячы на вайну і расейскую агрэсію, сёння нашмат бліжэй да гэтага ідэалу, чым Беларусь. На жаль, даводзіцца пагадзіцца з палітыкамі і праваабаронцамі, якія выступалі тут ў тым, што сітуацыя ў вашай краіне не змянілася да лепшага. Няма аніякіх пераменаў, якія сведчылі б пра павагу правоў чалавека. Не думаю, што яна зменіцца да выбараў. Я ўжо быў назіральнікам падчас кампаніяў 2001 і 2004 гадоў. У 2006 мяне не ўпусцілі ў Беларусь. Гэта былі не выбары, а жарт, фарс. Усе гэта выдатна разумеюць, і я не бачу не адной прычыны, каб у 2015 годзе сітуацыя змянілася. Лукашэнка не стане дэмакратам. Упэўнены, што, палітыка ЗША ў дачыненні да беларускага рэжыму таксама не зменіцца да таго часу, пакуль не адбудуцца рэальныя змены ў краіне».

Канферэнцыя скончылася праглядам фільма рэжысёра Мадэлейн Саклера «Небяспечныя дзеянні з удзелам нестабільных элементаў Беларусі».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international