Генпракуратура пагадзілася з тым, што затрымліваць кандыдата на выбарчым участку правільна (дакумент)

2014 2014-09-25T23:38:02+0300 2014-09-26T08:40:06+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karank-valer-hocimsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валер Каранкевіч

Валер Каранкевіч

Грамадскі актывіст з Хоцімска Валерый Каранкевіч 24 верасня атрымаў адказ на сваю скаргу на дзеянні службовых асоб Хоцімскага РАУС з Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Начальнік аддзела па нагляду за выкананнем правоў і свабод грамадзян М. Папова паведаміла Валерыю Каранкевічу, што з улікам заканчэння ўстаноўленых тэрмінаў абскарджвання зараз прававых падстаў для разгляду яго заявы ў частцы парушэння яго выбарчых правоў па сутнасці не маецца.

Адносна абгрунтаванасці затрымання Валерыя Каранкевіча супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС М. Папова прыйшла да высновы, што “у дзеяннях супрацоўнікаў органаў унутраных спраў парушэнняў патрабаванняў заканадаўства не ўстаноўлена, у сувязі з чым пракуратурай Магілёўскай вобласці Вы абгрунтавана апавешчаны аб адсутнасці падстаў для прыняцця мер пракурорскага рэагавання. Падстаў для адмены прынятага пракуратурай вобласці рашэння не ўгледжваецца”.

Пры гэтым начальнік аддзела Генеральнай пракуратуры спасылаецца на тое, што “Азнаямленне з вынікамі праведзеных органамі пракуратуры Магілёўскай вобласці праверачных мерапрыемстваў паказала, што ў сувязі з Вашай адмовай ад дачы тлумачэнняў па скарзе Тамашова М. В. аб распаўсюдзе Вамі паклёпніцкіх звестак у адносінах заяўніка, у супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС меліся аб’ектыўныя падставы для Вашага затрымання і правядзення апытання”.

Сам Валерый Каранкевіч вельмі абураны такімі адносінамі з боку супрацоўнікаў пракуратуры да разгляду яго скаргі.

“Калі я атрымаў гэты адказ з Генеральнай пракуратуры, я проста не мог знайсці сабе месца ад абурэння, - распавядае Валерый Каранкевіч. – Замест таго, каб уважліва прачытаць і разгледзець маю скаргу, супрацоўнікі Генеральнай пракуратуры проста перапісалі адказы з Хоцімскай і Магілёўскай абласной пракуратур. Праўда, дадалі яшчэ тое, што пытанні парушэння выбарчага заканадаўства павінны абскарджвацца ў дзесяцідзённы тэрмін у адпаведных выбарчых камісіях і дзяржаўных органах і арганізацыях, быццам бы я гэтага не ведаю і не рабіў без усялякага толку. Вельмі абурыла мяне тое, што начальнік аддзела Генеральнай пракуратуры піша пра нейкую маю адмову “ад дачы тлумачэнняў па скарзе Тамашова М. В.” - ды колькі разоў я ўжо даводзіў, што да майго затрымання ніхто з супрацоўнікаў Хоцімскай міліцыі не прапаноўваў даць мне гэтыя тлумачэнні, ніхто мне не дасылаў позвы і г. д. Ды і пасля сканчэння выбараў пра нейкую заяву Тамашова і адміністрацыйную справу ў адносінах да мяне супрацоўнікі Хоцімскай міліцыі чамусьці хуценька “забыліся” - чаму гэта не цікавіць Генеральную пракуратуру? Не так даўно ў нас знялі з пасады начальніка Хоцімскага РАУС, аднак яго падначаленыя па-ранейшаму будуць адчуваць сваю поўную беспакаранасць за свае незаконныя дзеянні падчас выбарчай кампаніі. Ды гэта і зразумела, хутка прэзідэнцкія выбары, патрэбна будзе зноў забяспечваць “неабходны” вынік галасавання”.

Па словах Валерыя Каранкевіча, ён мае цвёрды намер прайсці ўсе інстанцыі, каб паспрабаваць давесці сваю правату.

“Хоць спадзяванняў на нейкі станоўчы вынік амаль няма, я пайду да канца. У гэтыя выходныя з’езджу ў Магілёў, каб пракансультавацца з праваабаронцамі, а пасля запішуся на асбісты прыём да каго-небудзь з кіраўнікоў Генеральнай пракуратуры РБ”, - кажа Валерый Каранкевіч.

Нагадаем, 23 сакавіка каля 20-00 кандыдат у дэпутаты Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў па Хоцімскай выбарчай акрузе №54 і кандыдат у дэпутаты Хоцімскага райсавета па Узбярэжнай выбарчай акрузе №13 Валерый Каранкевіч быў затрыманы супрацоўнікамі Хоцімскага РАУС на Інтэрнацыянальным выбарчым участку №3 у Хоцімску. Двумя супрацоўнікамі мясцовай міліцыі ў чыне маёра кандыдат у дэпутаты быў дастаўлены ў Хоцімскі РАУС, дзе яго ўтрымлівалі каля 40 хвілін без складання пратакола затрымання, а пасля адпусцілі. Падставай для тэрміновага затрымання супрацоўнікі назвалі заяву на адрас Каранкевіча з боку сябра акруговай выбарчай камісіі Хоцімскай выбарчай акругі №54 Мікалая Тамашова. З-за незаконнага затрымання Валерый Каранкевіч не змог прысутнічаць пры падліку выбарчых бюлютэней.

Былы кандыдат у дэпутаты неаднаразова спрабаваў абскардзіць дзеянні супрацоўнікаў Хоцімскага РАУС у пракуратуры Хоцімскага раёна і Магілёўскай вобласці, аднак тыя прыходзілі да высновы, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі “з’яўляліся правамернымі і не супярэчылі дзеючаму заканадаўству”.

Сам Валерый Каранкевіч лічыць, што супрацоўнікі хоцімскай міліцыі затрымлівалі яго неабгрутавана і незаконна з мэтай перашкодзіць яму прысутнічаць пры падліку галасоў выбаршчыкаў, а таксама з мэтай запалохвання грамадскіх актывістаў Хоцімскага раёна.

Валерый Каранкевіч з’яўляецца сябрам Партыі БНФ, ён таксама супрацоўнічае з кампаніяй “Гавары праўду”.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international