Пракурор Шклоўскага раёна папярэдзіў “асобу”, якая несвоечасова рыхтавала адказы Кастусёву (дакумент)

2014 2014-09-25T23:13:25+0300 2014-09-26T08:54:26+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/karupc-krugly-stol-kastuseu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 верасня намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў адказ з пракуратуры Шклоўскага раёна на сваю скаргу аб парушэннях заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у Шклоўскім раённым выканаўчым камітэце, якую ён накіраваў у пракуратуру Магілёўскай вобласці 7 верасня.

Пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі паведаміў Рыгору Кастусёву, што ім устаноўлена, “што лісты, якія паступілі ў Шклоўскі райвыканкам 25 красавіка і 16 чэрвеня 2014 года, ім разгледжаны і, па меркаванні райвыканкама, выкладзеныя ў іх прапановы не маюць практычнага значэння для жыццядзейнасці і развіцця раёна, у сувязі з чым 22 жніўня 2014 г. Вам дадзены адказ.

У сувязі з парушэннем заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб службовай асобе Шклоўскага райвыканкама, у чые службовыя абавязкі ўваходзіла арганізацыя падрыхтоўкі і накіраванне Вам адказу, 22 верасня 2014 г. пракурорам Шклоўскага раёна вынесена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”.

Таксама Дзмітрый Лянчэўскі напісаў, што ў адпаведнасці з часткай 3 артыкула 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 траўня 2014 г. №220 “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь” Рыгор Кастусёў мае права абскардзіць адказ пракурору Магілёўскай вобласці.

Сам Рыгор Кастусёў кажа, што ў адказе Дзмітрыя Лянчэўскага яго не задавальняе тое, што пракурор Шклоўскага раёна так і не назваў прозвішча асобы, якой вынесена папярэджанне.

“Мне незразумела, чаму Дзмітрый Лянчэўскі не назваў прозвішча асобы з ліку супрацоўнікаў Шклоўскага райвыканкама, якая несвоечасова падрыхтавала адказ на мае звароты, дапусціўшы парушэнне заканадаўства, і якой вынесена пракурорскае папярэджанне, - кажа Рыгор Кастусёў. – Гэта тым больш цікава, бо пасля майго звароту ў Магілёўскі аблвыканкам, калі Шклоўскі райвыканкам нарэшце даслаў свой адказ, у дазеным лісце з райвыканкама было бачна, што да падрыхтоўкі адказу на мой зварот, акрамя старшыні райвыканкама Аляксандра Бойкі, былі прыцягнуты яшчэ трое чыноўнікаў. Гэта намеснік старшыні райвыканкаму Гузаў, загадчык ідэялагічнага аддзелу Артамонаў, загадчык аддзелу па працы са зваротамі грамадзян Ігнатовіч. Гэта значыць, што ажно чацвера чыноўнікаў амаль чатыры месяцы (па беларускаму заканадаўству дапускаецца адзін месяц) сачынялі адказ, падобны на байку. Працуючы чатыры месяцы над адказам, яны яшчэ ўпадобіліся чатыром героям аднаго з твораў вядомага байкапісца, што імкнуліся сыграць “квартэт”.

Што датычыцца таго, што, як мяркуюць шклоўскія чыноўнікі, нашы “прапановы не маюць практычнага значэння для жыццядзейнасці і развіцця раёна”, няхай гэта застанецца на іх сумленні.

А вось тое, што Дзмітрый Лянчэўскі раіць мне ў выпадку нязгоды з яго адказам абскардзіць яго ў пракурора Магілёўскай вобласці, крыху здзіўляе – я ж і гэту сваю скаргу на аб парушэннях заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб у Шклоўскім раённым выканаўчым камітэце накіроўваў на імя пракурора Магілёўскай вобласці. Зноў накіроўваюць мяне на рух па колу”…

Рыгор Кастусёў мяркуе, што ўжо ў бліжэйшы час грамадскія актывісты Шклоўшчыны з ініцыятывы “Шклоўскі магістрат” накіруюць свае чарговыя прапановы ў Шклоўскі райвыканкам. Тады і будзе бачна, ці навучыліся шклоўскія чыноўнікі працаваць са зваротамі грамадзян у адпаведнасці з беларускімі законамі.

Нагадаем, што намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 7 верасня накіраваў скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадзюка. Рыгор Кастусёў, які стала пражывае ў Шклове, прасіў прыняць меры да парушальнікаў беларускага заканадаўства ў пытаннях працы са зваротамі грамадзян з Шклоўскага райвыканкама.

Падставай для напісання скаргі паслужыла тое, што ў парушэнне закона аб зваротах грамадзян шклоўскія чыноўнікі не давалі Рыгору Кастусёву абгрунтаваныя адказы на яго звароты ва ўстаноўленыя законам тэрміны на працягу некалькіх месяцаў. Ліст аб разглядзе яго прапаноў са Шклоўскага райвыканкама даслалі толькі пасля зваротаў спадара Кастусёва ў пракуратуру Шклоўскага раёна і Магілёўскі аблвыканкам.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international