viasna on patreon

"Вясна" і FIDH прадставілі ў АБСЕ агляд парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

2014 2014-09-25T11:24:53+0300 2014-10-01T16:21:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna-fidh-osce-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У рамках канферэнцыі АБСЕ па чалавечым вымярэнні кіраўнікі ПЦ "Вясна" - старшыня цэнтра, былы палітвязень Алесь Бяляцкі і віцэ-старшыня Валянцін Стэфановіч, а таксама каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда - прадставілі ў Варшаве 24 верасня агляд сітуацыі па правах чалавека ў Беларусі.

Пра змест сустрэчы "Пераканаўчыя парушэнні палітычных, эканамічных і сацыяльных правоў у Беларусі", арганізаванай Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека і ПЦ "Вясна", піша charter97.org.

«У сувязі з сітуацыяй ва Украіне, а таксама пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Расіі, мы лічым, што Беларусі надаецца ўсё менш увагі», - кажуць праваабаронцы.

На панэльнай дыскусіі былі закранутыя праблемы прэвентыўных затрыманняў актывістаў, парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі, а таксама праблема смяротнага пакарання. Валянцін Стэфановіч выступіў з прэзентацыяй дакладаў «Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая працу ў Беларусі» і «Адвольныя прэвентыўныя затрыманні актывістаў у Беларусі». Ён лічыць, што ніякіх сістэмных зменаў да лепшага ў краіне няма, палітычная сітуацыя замарожаная, а сітуацыя са СМІ нават пагаршаецца.

«Разам з праблемай крымінальнага пераследу апанентаў рэжыму, прэвентыўныя затрыманні з'яўляюцца аналагічнай праблемай і праводзяцца выключна грунтуючыся на прыналежнасці людзей, якія затрымліваюцца, да той ці іншай апазіцыйнай структуры. Прэвентыўныя затрыманні - адрасныя, міліцыя, без сумневаў, ведае тых, каго затрымлівае. Напрыклад, мы сутыкнуліся з імі ў перыяд падрыхтоўкі да ЧС па хакеі і падчас яго правядзення. Прэвентыўным затрыманням падвяргаліся не толькі прадстаўнікі апазіцыйных групаў, але і была праведзеная кампанія па «ачыстцы» горада ад так званых асацыяльных элементаў і прастытутак.

Упершыню прэвентыўныя затрыманні былі ўжытыя ўладамі напярэдадні выбараў актывістаў апазіцыйных штабоў перад выбарамі 2006 года, тады было затрымана 236 актывістаў. Для такіх затрыманняў адсутнічаюць усялякія падставы і затрыманым не прадастаўляецца прававая дапамога, а таксама не паведамляецца ніякая інфармацыя пра іх затрыманні родным. У аснову спраў жа кладуцца выключна паказанні супрацоўнікаў міліцыі», - сказаў ён.

Таксама праваабаронцы распавялі пра праблему прымусовай працы і кантрактнай сістэмы як ціску на кожнага чалавека ў краіне. Па іх інфармацыі, у кожнай беларускай сям'і ёсць хаця б адзін чалавек, які сутыкаўся з праблемай прымусовай працы, а таксама праблема непрацягнення кароткатэрміновых працоўных кантрактаў у выпадку любых праблем, звязаных з дэманстрацыяй любой формы пратэсту, а таксама за сувязь з любой апазіцыйнай структурай. Таксама падвяргаюцца ціску і сваякі наёмных працоўных: муж і жонка гублялі працу, а дзеці не маглі працягваць вучобу.

Былі прыведзены прыклады такіх формаў прымусовай працы як суботнікі, размеркаванне студэнтаў, праца так званых "абавязаных асобаў" і асобаў, якія знаходзяцца ў ЛПП.

«Смяротнае пакаранне знаходзіцца пад вельмі сур'ёзнай завесай сакрэтнасці, а дзяржава кожны год расстрэльвае сваіх грамадзянаў у самым цэнтры Мінска, у турме на Валадарскага. Мы лічым, што за перыяд суверэнітэту Беларусі было расстраляна каля 400 чалавек, аднак дакладна сказаць нельга з-за сакрэтнасці», - кажа Андрэй Палуда.

Алесь Бяляцкі распавёў, што даклады былі падрыхтаваныя пакуль ён сядзеў у турме і адзначыў, што пытанне прымусовай працы закранула і яго асабіста ў турме.

«Мая зарплата ў траўні за шасцідзённы працоўны тыдзень па 7 гадзінаў у дзень склала $ 3,5, з якіх $ 2,5 былі пералічаныя на рахунак турмы за ацяпленне, ваду і гэтак далей. Пры такой жабрацкай зарплаце, напрыклад, абавязаныя асобы, маюць абавязак, які ўсё расце, а маючы гэты доўг яны не трапляюць пад амністыю. Атрымліваецца кругазварот, бязвыхадная сітуацыя», - распавёў былы палітвязень.

Алесь Бяляцкі параўноўвае рэжым Лукашэнкі са стрэльбай, якая вісіць на сцяне і ў любы момант можа стрэліць, і нагадвае сітуацыю з выбарамі 2010 года, калі перад імі таксама была нейкая «адліга» ў адносінах з Захадам, як цяпер. Ён лічыць, што смяротнае пакаранне з'яўляецца «галоўным маркерам гуманнасці дзяржавы», лічыць, што патрабаванне аб вызваленні палітвязняў павінна заставацца абавязковай умовай для беларускага рэжыму з боку міжнароднай супольнасці, а прэвентыўныя затрыманні перад ЧС па хакеі - вельмі трывожны сігнал напярэдадні 2015 года.

«Сітуацыя з Украінай вельмі негатыўна адбіваецца на сітуацыі вакол Беларусі, і нам важна працягваць адстойваць правы чалавека ў Беларусі», - кажа ён.

Нагадаем, канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні праходзіць у Варшаве з 22 верасня па 3 кастрычніка.

Андрэй Палуда.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства