Бабруйск: Cуд па справе Марыны Малчанавай працягнецца 25 верасня

2014 2014-09-24T05:59:45+0300 2014-09-24T05:59:45+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/malchanava-maryna-babrujsk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У бабруйскім судзе 23 верасня прайшло пасяджэнне, на якім разглядалася справа незалежнай журналісткі Марыны Малчанавай. Яе абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.

У пачатку пасяджэння Марына Малчанава зноў заявіла хадатайніцтва аб пераносе справы на іншы дзень.

-У матэрыялах сваёй справы я знайшла дакументы, датычныя суда над журналістам Алесем Залеўскім з паметкай "для суддзі". У сувязі з гэтым я накіравала скаргу ў Міністэрства юстыцыі і прашу перанесці пасяджэнне да таго моманту, пакуль адтуль не прыйдзе адказ. Бо наяўнасць гэтых дакументаў у сваёй справе лічу праявай ціску на суд, - заявіла журналістка.

Суддзя Наталля Чарапуха пацікавілася, ці былі гэтыя дакументы падшыты ў справу. Марына Малчанава адказала, што яны проста былі ўкладзены ў паперы, і што яна мае іх фотакопію. Суддзя заявіла, што ў яе не было такіх папер, і адхіліла хадатайніцтва.

Журналістка не адмаўляе, што размаўляла з гераіняй рэпартажа пра дабрачынны рух, які дэманстраваўся на тэлеканале "Белсат".

-Але я не з'яўляюся штатным журналістам гэтага тэлеканала, я не рэдагую яго сайт і не размяшчала там матэрыялы, - адзначыла Марына Малчанава.

Таксама яна дадала, што падчас складання пратакола падпалкоўнікам міліцыі Сяргеем Рудзько яна "нават не зразумела, што парушыла".

Міліцыянт Рудзько сцвярджае, што праводзіў маніторынг інтэрнэт-выданняў "з мэтай выяўлення выказванняў грамадзян супраць супрацоўнікаў міліцыі" і выпадкова патрапіў на "белсатаўскі" матэрыял, падпісаны аўтарствам Марыны Малчанавай. Ён даслаў запыт у Міністэрства замежных спраў, каб даведацца, ці мае журналістка акрэдытацыю, і яму адказалі, што не мае. Тады ён звярнуўся па дапамогу да сталічных міліцыянтаў. Яны знайшлі гераіню рэпартажу, паказалі ёй фота Малчанавай, і яна падцвердзіла, што размаўляла з журналісткай у Севастопальскім парку.

Высвятляецца, што ў пратаколе апытання гераіні рэпартажу не ўказана, ці праводзіўся ў парку відэазапіс.

Адвакатка Марыны Малчанавай дабіваецца ад Сяргея Рудзько адказаў на два пытанні: чым падцверджана тое, што журналістка падрыхтавала тэкставы варыянт артыкула на сайце "Белсату", і чым падцверджана тое, што "Белсат" - замежнае СМІ? На ўсе гэтыя пытанні міліцыянт адказвае аднолькава, што бачыў імя Малчанавай пад рэпартажам на сайце, што яе апазнала па фота гераіня гэтага рэпартажу, і што адказ з МЗС сведчыць аб тым, што яна працуе без акрэдытацыі.

Суддзя зачытвае адказ з Міністэрства замежных спраў. У ім гаварыцца, што Марына Малчанава не мае акрэдытацыі для працы на замежныя СМІ. Тэлеканал "Белсат" у паперы не ўзгадваецца.

Адвакатка зноў пытае ў падпалкоўніка Рудзько, чым можа быць падцверджана, што Малчанава працуе на замежнае СМІ. Яна адзначае, што ў такім выпадку павінна існаваць пэўная працоўная дамова, дакументы. Але міліцыянт зноў кажа, што бачыць доказы супрацы ў гэтым рэпартажы, змешчаным на сайце "Белсату".

Суддзя Наталля Чарапуха прапаноўвае выклікаць у якасці сведак міліцыянтаў, якія дапамагалі Сяргею Рудзько збіраць матэрыялы справы.

Наступнае пасяджэнне адбудзецца 25 верасня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international