viasna on patreon

Суд Клімавіцкага раёна разгледзіць пазоў супраць УУС Магілёўскага аблвыканкама і ўчастковага інспектара

2014 2014-09-19T22:12:00+0300 2014-09-19T22:12:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marchanka-allena.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алена Марчанка

Алена Марчанка

Суд Клімавіцкага раёна разгледзіць пазоў жыхаркі вёскі Дамамерычы Клімавіцкага раёна Алены Марчанкі аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі 30 верасня. Адпаведнае ўведамленне з суда Клімавіцкага раёна Алена Марчанка атрымала 18 верасня, паведаміў праваабаронца Барыс Бухель.

Пачатак судовага пасяджэння прызначаны на 11-00. У якасці адказчыкаў па пазову будуць выступаць УУС Магілёўскага аблвыканкама і ўчастковы інспектар Клімавіцкага РАУС Вадзім Панасенка.

У накіраваным у суд 13 жніўня пазове Алена Марчанка звярнулася да суда Клімавіцкага раёна з просьбай прызнаць не адпавядаючымі рэчаіснасці і ганьбячымі яе гонар і годнасць звесткі, якія былі ўказаны ў характарыстыцы, напісанай участковым інспектарам Панасенка В. С., і якія былі агалошаны 08.01.2014 г. на пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама, і наяўныя ў матэрыялах адміністрацыйнай справы №07-01-81-2013.

У прыватнасці, Алена Марчанка лічыць не адпавядаючымі рэчаіснасці наступныя сцвярджэнні ўчастковага Панасенкі: тое, што яна па характару запальчывая, схільная да ілжы і паклёпу, не падтрымлівае адносінаў з суседзямі, што адмоўна характэрызуецца па месцы жыхарства і што на пастаўленыя па сутнасці заўвагі не рэагуе.

Спадарыня Марчанка просіць суд абавязаць адказчыка абвергнуць звесткі, ганьбячыя яе, шляхам прадастаўлення характарыстыкі, якая адпавядае рэчаіснасці, за подпісам участковага інспектара Панасенкі В. С. і агалошвання яе на бліжэйшым планавым пасяджэнні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама ў яе прысутнасці, а таксама наступнага публічнага прынясення ўчастковым інспектарам Панасенка В. С. ёй выбачэнняў. Таксама Алена Марчанка звяртаецца да суда з просьбай спагнаць з адказчыка ўплачаную ёй дзяржпошліну ў памеры 450 000 рублёў.

Нагадаем, што раней Алена Марчанка звярталася ў Клімавіцкі РАУС, УУС Магілёўскага аблвыканкама і прасіла прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці па артыкулу 9.2 КаАП (паклёп) участковага інспектара Клімавіцкага РАУС Панасенку В. С. Нагодай паслужыла тое, што на паседжанні адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага раёна 8 студзеня 2014 года была публічна агалошаная напісаная ўчастковым характарыстыка, якая ўтрымлівала, на думку Алены Марчанка, заведама ілжывыя і ганьбячыя яе звесткі. Спадарыня Марчанка спасылалася на папярэднюю характарыстыку таго ж участковага Панасенкі, у якой ён характэрызаваў яе як спакойнага, ураўнаважанага чалавека, які не ўчыняе скандалаў па месцы жыхарства, характэрызуецца здавальняюча і да адміністрацыйнай адказнасці не прыцягвалася.

Станоўчага выніку папярэднія звароты спадарыні Марчанкі аб прыцягненні да адказнасці ў РАУС і УУС не прынеслі.

Нагадаем таксама, што 17 чэрвеня Алена Марчанка здолела дамагчыся ў судзе Клімавіцкага раёна адмены пастановы адміністрацыйнай камісіі Клімавіцкага райвыканкама аб пакаранні яе штрафам у памеры 15 базавых велічынь (2 250 000 рублёў) за парушэнне ветэрынарных, ветэрынарна-санітарных правіл і спынення адміністрацыйнай справы ў адносінах да сябе.

Супрацьстаянне спадарыні Марчанкі з мясцовымі ўладамі пачалося пасля таго, як яна выступіла супраць знішчэння сваіх свіней у сувязі з небяспекай распаўсюджання афрыканскай чумы свіней.

Алена Марчанка займаецца свінагадоўляй, каб былі грошы аплочваць лячэнне і навучанне сына, які з’яўляецца інвалідам з дзяцінства.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства