Экспертыза застаецца камянём перапоны ў справе пра катаванні Пятра Кучуры

2014 2014-09-19T11:21:31+0300 2014-09-19T11:32:17+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kuchura-014.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

19 верасня мінае год, як у магілёўскай ПК-15 быў атручаны хлоркай Пётр Кучура. Увесь гэты час органы следства, пакрываючы адміністрацыю калоніі, усяляк пазбягаюць судова-медыцынскай экспертызы, якая магла б пацвердзіць факт катаванняў асуджанага.

Нагадаем, 19 верасня 2013 года Пётр Кучура, інвалід 3-й групы, быў змешчаны ў штрафны ізалятар, дзе санвузел быў засыпаны вялікай колькасцю хлоркі. У выніку кантакту з вадой адбылася рэакцыя, якая прывяла да атручвання асуджанага выпарэннямі хлору. У іншую камеру яго перавялі толькі пасля значнага пагаршэння самаадчування, медыцынскай дапамогі пры гэтым не аказалі. Падчас праверкі пракуратуры Магілёўскай вобласці супрацоўнікі медчасткі растлумачылі, што для дэзінфекцыі хлорны раствор у ПК-15 доўгі час не ўжываецца. Гэта азначае, што хлорка ў дадзеным выпадку магла быць прымененая як сродак катавання асуджанага.  

Заяву аб узбуджэнні крымінальнай справы ў дачыненні да кіраўніцтва ПК-15 - з патрабаваннем правесці судова-медыцынскую экспертызу для ўстанаўлення факта атручвання - жонка асуджанага з дапамогай ПЦ "Вясна" падала ва Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці 5 лістапада 2013 года. З тых часоў гэтая эпапея ніяк не скончыцца. Спачатку абласное ўпраўленне СК увільнула ад сваіх прамых абавязкаў, перанакіраваўшы скаргу ў Дэпартамэнт выканання пакаранняў МУС, абскарджанне гэтых дзеянняў у Следчым Камітэце РБ, а затым і ў судзе было безвыніковым. У задавальненні скаргі Людміле Кучура беспадстаўна адмовіла і Генеральная пракуратура. Праз паўгады надзея ўсё ж з'явілася - пасля падачы скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН УСК па Магілёўскай вобласці ўсё ж было вымушана прызначыць праверку і экспертызу для ўстанаўлення факта атручвання хлорам і наступстваў, чаго так доўга дамагаўся асуджаны і яго жонка. Але старэйшы следчы Магілёўскага міжраённага аддзела СК П.Л. Скавародкін толькі імітаваў дзейнасць: падчас праверкі былі даследаваны толькі медыцынскія дакументы, а не арганізм пацярпелага на наяўнасць слядоў уздзеяння хімічнага рэчыва. Абскардзіўшы чарговую адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы гарадскому пракурору, Людміла Кучура атрымала паведамленне аб прызначэнні дадатковай праверкі з правядзеннем судова-медыцынскай экспертызы. Але і гэта, як высвятляецца, аказалася хлуснёй.   

Новыя падрабязнасці Людміла Кучура даведалася з ліста мужа ад 3-га верасня. Пётр Кучура піша, што атрымаў Пастанову следчага Скавародкіна ад 25 жніўня, у якой паведамляецца пра чарговую адмову ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць адміністрацыі ПК-15. Але больш за ўсё асуджанага ашаламіла паведамленне пра правядзенне 21 жніўня «дадатковай судова-медыцынскай экспертызы».  

«Як напісаў мне муж, 3-га верасня следчы Скавародкін прыязджаў апытваць яго па маёй скарзе. І муж падчас апытання ўказаў яму, што вось вы пішаце, што зроблена судова-медыцынская экспертыза, але ніякая экспертыза ніколі не праводзілася, - распавядае Людміла Міхайлаўна. - Следчы сказаў яму, што праводзіцца паўторная праверка і адказ на маю скаргу ён дасць дзесьці ў кастрычніку. Але ўжо ў пачатку верасня быў дасланы адказ (прычым не мне як заяўніку, а мужу), што ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмоўлена, што факт атручвання нібыта не пацвярджаецца. Аказваецца, праводзілася судова-медыцынская экспертыза, пра якую мы нават не ведаем - зразумела, таму што такой экспертызы ніхто не праводзіў».

Довады следчага Скавародкіна адносна нібыта праведзенай экспертызы абсалютна абсурдныя і не выклікаюць ніякага даверу. Напрыклад: «Паводле заключэння дадатковай судова-медыцынскай экспертызы № 2293 ад 21.08.2014 звестак аб якіх-небудзь цялесных пашкоджаннях у Кучуры П.К. у сувязі з абставінамі ад 19.09.2013 няма. Пры атручванні, у тым ліку праз удыханне пары хімічных рэчываў, на скурных пакровах пацярпелых не ўтвараецца якіх-небудзь цялесных пашкоджанняў, такім чынам, слядоў іх выявіць немагчыма». Або: «Апытаныя асуджаныя ПК-15 Бязручка В.М. і Пішчала Я.А. патлумачылі, што за час знаходжання асуджанага Кучуры П.К. у ПК-15 якіх-небудзь скаргаў на атручанне парай хлору ён не выказваў».

«Вось да якога абсурду даходзіць! Чамусьці гэты следчы Скавародкін вырашыў, што мой муж павінен быў паскардзіцца менавіта гэтым двум асуджаным - Бязручку і Пішчалу, - абураецца Людміла Кучура. - Як піша муж, хто яны яму такія, каб ён ім скардзіўся, з імі ён наогул не меў стасункаў. Ды і трэба разумець, што які асуджаны стане нажываць сабе дадатковыя праблемы, даючы паказанні супраць адміністрацыі калоніі. Тым больш, улічваючы, што магілёўская ПК-15 славіцца жорсткасцю свайго начальства і дастатковай колькасцю самагубстваў сярод зняволеных. Таму як можна чакаць, што асуджаныя пойдуць супраць адміністрацыі? Але, шчыра кажучы, ужо такім адказам не здзіўляешся. Калі ім няма чаго адказваць, яны пішуць што ўздумаецца».

Жанчына лічыць, што такія вось адказы следчых органаў з'яўляюцца толькі лішнім пацвярджэннем віны адміністрацыі ПК-15. «З усяго таго, што адбываецца, відавочна, што Следчы камітэт (я думаю, ім дадзена такое ўказанне) проста нахабна пакрывае злачынныя дзеянні кіраўніцтва ПК-15 і, хутчэй за ўсё, усіх тых, хто даваў адпіскі на нашыя скаргі, не праводзячы праверак. Бо мы ж першапачаткова звярнуліся з просьбай правесці судова-медыцынскую экспертызу. І калі б яна была праведзена, далей бы пытанняў не ўзнікла. Я думаю, што калі б Кучура не быў атручаны - гэта значыць мы абгаварылі б прыстойных людзей, то нас за паклёп прыцягнулі б да крымінальнай адказнасці. Але чаму яны столькі цягнулі і цягнуць дагэтуль?»

На заяву Людмілы Кучура ў УСК па Магілёўскай вобласці з запытам копіі пастановы аб прызначэнні гэтай судова-медыцынскай экспертызы следчы орган адказаў адмовай. Але яна мае намер дамагацца азнаямлення з матэрыяламі праведзенай праверкі і мяркуе, што далей для абскарджвання незаконнай пастановы следчага Скавародкіна прыйдзецца звяртацца ў суд.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international