viasna on patreon

Вярхоўны суд не абараніў права жыхароў Віцебска на правядзенне пікетаў

2014 2014-09-15T22:51:25+0300 2014-09-15T22:51:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viarhouny_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вярхоўны суд Беларусі.

Вярхоўны суд Беларусі.

Ліст з адмовай абавязаць цэнтральную гарадскую паліклініку выконваць рашэнне выканкаму, кіраўніцтва якой адмаўляецца заключаць дамовы на абслугоўванне акцый, атрымаў абласны каардынатар Руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў.

Звяртаючыся ў Вярхоўны суд, спадар Жаляпаў чарговы раз спрабаваў вырашыць набалелую віцебскую праблему: раённыя адміністрацыі на працягу ўжо амаль пяці гадоў забараняюць праводзіць любыя акцыі паводле ініцыятывы мясцовых актывістаў. Спасылаюцца чыноўнікі на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму, якое рэгламентуе парадак зваротаў па дазвол. Паводле гэтага рашэння, разам з заяўкай ініцыятары мусяць падаваць дамовы на абслугоўванне акцый супрацоўнікамі ЖКГ, цэнтральнай гарадской паліклінікай і міліцыяй. Аднак цэнтральная паліклініка заключыць такую дамову не пагадзілася ні разу, што і станавілася падставай для неаднаразовых забаронаў.

Летась віцебскія актывісты звярнуліся ў Кастрычніцкі райсуд, каб такім чынам змусіць кіраўніцтва паліклінікі выконваць прапісаны ў рашэнні гарвыканкаму парадак. Але 15 сакавіка 2013 года суд адмовіўся прыняць рашэнне на карысць Хрыстафора Жаляпава. Паводле рашэння суда, змусіць адміністрацыю аховы здароўя да заключэння дамовы на абслугоўванне акцыі немагчыма: маўляў, гэтая структура вольная вырашаць, ці хоча яна заключыць дамову, ці не. І парадак, прадугледжаны рашэннем Віцебскага гарвыканкаму №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебску", такім чынам, абавязковы толькі для заяўнікаў: гэта яны мусяць заключаць дамовы на абслугоўванне акцый. А другі бок, паводле суду, не абавязаны на гэта пагаджацца.

Аспрэчыць рашэнне Кастрычніцкага райсуда не ўдалося ў абласным судзе. А цяпер права на правядзенне мірных сходаў і публічнае выказванне не падтрымаў і Вярхоўны суд.

Каардынатар Руху "За Свабоду" па Віцебскай вобласці Хрыстафор Жаляпаў падкрэслівае, што магчымасць парушэння правоў мясцовых жыхароў закладзена ў самім дакуменце – тым самым рашэнні гарвыканкаму, якое з'яўляецца невыканальным:

"Выканаць патрабаванне пра дамовы немагчыма. Супрацоўнічаць з намі пагаджаецца толькі прадпрыемства ЖКГ. Што да цэнтральнай гарадской паліклінікі, то яны не проста адмаўляюцца, а прыдумляюць нейкія сумнёўныя прычыны. Прыкладам, напярэдадні акцый да Дня Волі, пасля забароны якіх мы і звярнуліся ў суд, стала верагоднасць успышкі сезонных захворванняў. Так нам адказалі з паліклінікі – заявілі, што ў іх чакаецца шмат працы менавіта 25 сакавіка. А ў лісце з Вярхоўнага суда дадаецца і яшчэ адно тлумачэнне. Аказваецца, усім вядома, што ў пералік платных паслуг, якія медычная ўстанова можа аказваць насельніцтву, абслугоўванне масавых мерапрыемстваў не ўваходзіць. Дык чаго ж Віцебскі гарвыканкам накіроўвае грамадзянаў заключаць дамовы, якія супярэчаць заканадаўству – Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове здароўя"? Там сказана пра платныя паслугі, Але ж такой, якую змушаюць замовіць нас, у прыродзе не існуе!"

Віцебскія актывісты неаднаразова патрабавалі, каб невыканальнае рашэнне гарвыканкаму было зменена. Але заўжды атрымлівалі адмову – са спасылкай на тое, што рашэнне №881 "Аб масавых мерапрыемствах у г.Віцебска" прайшло юрыдычную экспертызу, і , адпаведна, з'яўляецца бездакорным з пункту гледжання заканадаўства.

На ўзор гэтага рашэння мясцовыя адміністрацыі ў рэгіёнах Віцебшчыны склалі свае, і цяпер ва ўсёй Віцебскай вобласці правядзенне масавых акцый па ініцыятывы прыватных грамадзянаў зрабілася немагчымым.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства